Аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” першымі ў раёне прыступілі да ўборкі цукровых буракоў
Гэтую адказную работу ў гаспадарцы даверылі вопытнаму механізатару Сяргею Уладзіміравічу Палубятку, які віртуозна ўпраўляецца з энерганасычаным камбайнам “Holmer”.
– Цёплае сухое надвор’е, якое пануе ў раёне, значна спрыяе ўборцы, – гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. – У першы дзень на полі ля вёскі Будраўцы ўбраў 10 гектараў і накапаў 274 тоны цукровых буракоў. Тэхніка дазваляе выкопваць і болей, але мы не спяшаемся: Скідзельскі цукровы завод увёў пэўныя квоты па здачы салодкіх караняплодаў, і іх перавышаць нельга. Камбайн за раз захоплівае шэсць радкоў і “падрывае” буракі на глыбіні 15 сантыметраў. Бацвінне абразае спецыяльная ўстаноўка. У кабіне ўсталяваны аўтапілот: калі поле роўнае і чыстае, я магу яго ўключыць і адпусціць штурвал. Аднак на паваротах усё роўна прыйдзецца ўзяць кіраванне машынай на сябе.
Калі 20-тонны бункер камбайна “Holmer” запаўняецца, Сяргей Уладзіміравіч Палубятка спыняе свайго “жалезнага каня” і ссыпае сабраны ўраджай у бурты. Да іх на пагрузчыку “Kleine” пад’язджае механізатар Андрэй Іванавіч Комар і загружае салодкія караняплоды ў 20-тонныя МАЗы. Прыкладна праз 10 хвілін прасеўшыя пад вагой грузавікі ад’язджаюць з поля і бяруць курс на Скідзельскі цукровы завод.
– Я працую ў гаспадарцы ўжо сем гадоў і за гэты час асвоіў розную энерганасычаную тэхніку, такую, як “Амкадор” і МТЗ-3022, – дзеліцца Андрэй Іванавіч Комар. – Вясной узворваў глебу, сеяў розныя культуры. Падчас жніва быў заняты на адвозцы “залатога грузу”: на трактары МТЗ-952 перавёз звыш тысячы тон зерня і быў прызнаны пераможцам раённых спаборніцтваў. Цяпер вось перасеў на пагрузчык “Kleine” і дапамагаю цукровым буракам пакінуць палеткі. У кабіне ўсталяваны камп’ютар, які кантралюе ўсе вытворчыя працэсы. Калі здараецца паломка, ён падае адпаведны сігнал. Пры дапамозе спецыяльнага джойстыка я кірую транспарцёрам, каўшом і стралой, па якой салодкія караняплоды падаюцца ў кузавы грузавікоў. Крэсла паварочваецца на 360 градусаў, што гарантуе шырокі агляд. Пры неабходнасці ў суткі магу пагрузіць да 1000 тон цукровых буракоў.
Усяго ў гаспадарцы пад гэтую культуру адведзена 550 гектараў, з якіх мясцовыя аграрыі плануюць атрымаць каля 30000 тон салодкіх караняплодаў.
– Падчас сяўбы мы выкарыстоўвалі нямецкія сарты цукровых буракоў, унеслі ў глебу неабходную колькасць мінеральных угнаенняў, апрацавалі расліны ад хвароб і насякомых-шкоднікаў, таму разлічваем на багаты ўраджай, – зазначае загадчык сельскагаспадарчага ўчастка “Янчукі” Дзяніс Валянцінавіч Кароль. – Паступова ўборка набірае абароты, і пры неабходнасці мы задзейнічаем яшчэ адзін камбайн “Holmer”. Бацвінне, якое застаецца на палетках, заворваем. Такім чынам атрымаем арганічныя ўгнаенні. На вызваленых ад цукровых буракоў палетках хутка пасеем азімую пшаніцу.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.