На вытворчай базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства збіраюць вырашчаны ўраджай

На вытворчай базе Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства кіпіць работа: супрацоўнікі гэтай установы, а таксама сезонныя рабочыя збіраюць вырашчаны ўраджай. Адна за другою дастаўляюцца сюды вялізныя скрыні з бульбаю і яблыкамі. Па-ўсім відаць, дзякуючы намаганням спецыялістаў і наперакор не зусім спрыяльным пагодным умовам садавіна і гародніна ўрадзілі на славу!

– Парадавалі нас сёлета яблыкі, – гаворыць загадчыца аддзела садаводства Алена Мечыславаўна Місюк. – Ужо прыступілі да ўборкі зімовых сартоў “Беларускі салодкі” і “Памяць Сюбаравай”. Мяркуем атрымаць гэтай садавіны да 40 тон з гектара. Сабраны ўраджай будзе захоўвацца ў спецыяльна абсталяваных камерах, якія змяшчаюць каля 600 тон яблыкаў. У далейшым гэта садавіна будзе выкарыстоўвацца як для забеспячэння патрэб унутранага рынку рэспублікі, так і накіроўвацца на экспарт.


Прыгожыя наліўныя яблычкі, пад цяжкасцю якіх гнуцца галінкі маладых дрэўцаў, дапамагаюць супрацоўнікам інстытута ўбіраць сезонныя рабочыя. Тры брыгады, а гэта больш за трыццаць чалавек, працуюць у садзе. У саставе кожнай з іх – работнік інстытута. А выканаць прадстаіць немалы аб’ём работы – сады, якія пладаносяць, раскінуліся на 45 гектарах. 
– Працаваць у садзе – адно задавальненне! – гаворыць Наталля Вячаславаўна Місюк, якая вырашыла скарыстацца выдатнай магчымасцю дапамагчы на ўборцы яблыкаў, каб атрымаць дастойную прыбаўку да сваёй пенсіі. – Яблыкі вісяць, як гронкі вінаграду – такія яны прыгожыя! Арганізавана работа найлепшым чынам: нікуды далёка хадзіць не трэба. Спецыяльна абсталяваная цялежка рухаецца за трактарам паміж радамі, а мы адразу высыпаем у скрыні вёдры з пладамі. 


Другі год працуе на ўборцы яблыкаў Тамара Фёдараўна. Яна не адзіная, хто ўжо не ўпершыню дапамагае інстытуту раслінаводства ўбіраць вырашчаны ўраджай. 
– А чаму б не? – разважае жанчына. – І зарабіць можна, і з калектывам нашым працаваць прыемна. Што ж дома сядзець?
Задаволена вырашчаным ураджаем вядучы аграном аддзела садаводства Святлана Станіславаўна Жук. Яна лічыць, што залогам добрага ўраджаю стаў цэлы комплекс мерапрыемстваў: своечасовыя падкормкі дрэў, неабходныя апрацоўкі супраць шкоднікаў, а таксама адсутнасць у гэтым годзе вясновых замаразкаў. 
– Я працую тут толькі другі год, але мне вельмі падабаецца, – гаворыць Святлана Станіславаўна. – Цяпер завочна атрымліваю вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным ўніверсітэце. Хочацца пастаянна паглыбляць свае веды, каб працаваць якасна, выкарыстоўваць усе сучасныя дасягненні для правільнага догляду за садам. Тады і ўраджай будзе высокі.


Выдатны яблычны ўраджай – гэта, сапраўды, вынік карпатлівай штодзённай працы навукоўцаў і работнікаў Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства, якія працуюць якасна і з душой.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!