На малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” па выніках мінулага года удой на карову склаў 7609 кілаграмаў малака
Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне.
На малочнатаварнай ферме зараз утрымліваецца 2220 кароў, з іх – 800 галоў дойнага статка. Да якасці малака ў гаспадарцы ставяцца з асаблівай адказнасцю, разумеюць, што гэта – жывыя грошы. Радуе, што кармоў хапае, ды і якасць іх на належнай вышыні. А гэта, як вядома, аснова высокіх надояў.
– У мінулым годзе мы здалі на Шчучынскі масласырзавод 5628 тон малака, – расказвае загадчык МТФ Андрэй Віктаравіч Красноўскі. – 85 % – “экстра” і вышэйшым гатункам. Удой на карову на сённяшні дзень складае 21,5 літра.
Падчас нашага візіту на ферме ішла дойка, і мы маглі паназіраць, як наладжана тут праца. Жанчыны-аператары завіхаліся ля рагуль. Лічаныя хвіліны – апараты замацаваны, пацяклі малочныя рэкі…
Дарэчы, на ферме створаны ўсе належныя ўмовы для дастойнай працы спецыялістаў. Тут ёсць кабінеты для загадчыка і спецыялістаў, пакой для прыёму ежы, санвузлы і душавыя і дапаможныя бытавыя памяшканні.
Загадчык МТФ Андрэй Віктаравіч пераканы, што такіх высокіх вынікаў можна дабіцца толькі агульнымі намаганнямі. І тут кіраўніку ёсць на каго разлічваць.
Зусім нядаўна – 13 лютага – ферма “Дэмбрава-777” адзначыла свой пяцігадовы юбілей. Шмат чаго змянілася за гэты час, абнавіўся калектыў, павялічыўся дойны статак і надоі. Адно на працягу гэтых гадоў застаецца нязменным – адказнасць спецыялістаў і праца на карысць роднай гаспадаркі. А працуюць на сельскагаспадарчай ніве неабыякавыя людзі, прафесіяналы сваёй справы. Сярэдні ўзрост работнікаў – 43 гады.
За рагулямі сочаць 36 работнікаў. Як адзначыў падчас размовы загадчык фермы, усе – адказныя спецыялісты, і на кожнага з іх хочацца раўняцца. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі жывёлаводы прафілакторнага перыяду Ірына Мікалаеўна Маліноўская, Таццяна Станіславаўна Бойка, Святлана Аляксееўна Гур’янава, механізатары Сяргей Мікалаевіч Талочка, Леанід Часлававіч Ціцяк, аператары машыннага даення Ірына Іванаўна Кахновіч, Галіна Генрыхаўна Табала, Людміла Пятроўна Забароўская, Ірына Уладзіміраўна Бекіш, Таццяна Уладзіміраўна Ульянава, Алена Алегаўна Клімук і многія іншыя.
За здароўем рагуль уважліва сочаць два кваліфікаваныя ветурачы – Юрый Вячаслававіч Сало і Руслан Уладзіміравіч Другаль. Якасць гатовай прадукцыі правярае вопытны лабарант Марыя Антонаўна Грышэль.
Ад кожнага спецыяліста залежыць агульны поспех. Дэмбраўцы добра гэта ведаюць, таму выконваюць сваю працу бездакорна. Наперадзе ў калектыва малочнатаварнай фермы “Дэмбрава-777” – новыя перамогі!
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.