Дзе тэхніка як след абслужана, там і кармы будуць нарыхтаваны

Наколькі якасна абслужаны кормаўборачныя камбайны? У якім стане знаходзяцца сянажныя і сіласныя траншэі? Ці наведзены належны парадак у гаражах і складскіх памяшканнях? Гэтым пытанням надавалася асаблівая ўвага падчас раённага агляду тэхнікі, арганізаванага начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Генадзем Баляслававічам Хомічам сумесна са спецыялістамі райсельгасхарчу і іншымі зацікаў­ленымі службамі.

У мехмайстэрні “Бярозаўцы” ААТ “Агра-ГЖС”, куды заехалі ўдзельнікі рэйду, панавалі чысціня і парадак. Магутныя камбайны і трактары тут былі выстраены ў рад. Тэхніка выглядала дагледжанай, як і касілкі, граблі, іншыя навясныя агрэгаты, што размясціліся побач.
– Сёлета нам прадстаіць абкасіць 2500 гектараў траў, убраць кукурузу на сілас на плошчы 900 га, – гаворыць дырэктар ААТ “Агра-ГЖС” Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч. – Для гэтага задзейнічаем 4 кормаўборачныя камбайны і 7 касілак. Уся тэхніка адрамантавана і гатова да выхаду ў поле. Паліва таксама хапае. 


Выдатна падрыхтаваліся да пачатку кормаўборачнай кампаніі і ў СВУ “Пратасаўшчына”, філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”, ААТ “Дэмбрава” і “Васілішкі”, дзе тэхніка таксама прыведзена ў “баявую” гатоўнасць, а таксама ўкамплектавана вогнетушыцелямі і медыцынскімі аптэчкамі. 

А вось аграрыям ААТ “Шчучынаграпрадукт” не ўдалося ў тэрмін адрамантаваць камбайн і некалькі грабляў. Пэўныя недахопы былі выяўлены таксама ў ААТ “Орля” і саўгасе “Вялікае Мажэйкава”. Нездавальняючымі тэмпамі ідзе падрыхтоўка да кормаўборачнай кампаніі і ў ААТ “Першамайск-агра”. 
– Калі мы не нарыхтуем у поўнай меры якасных кармоў, то пачнём мінусаваць у вытворчасці малака і мяса, а гэта недапушчальна! – падкрэсліў начальнік райсельгасхарчу Г.Б. Хоміч. – Усе недахопы, выяўленыя падчас раённага агляду тэхнікі, павінны быць аператыўна выпраўлены. Калі камбайны і трактары будуць як след адрамантаваны і абслужаны, то і экзамен у полі вытрымаем дастойна.
Падводзячы вынікі агляду, Генадзій Баляслававіч падкрэсліў, што неабходна перагледзець норму расходу паліва ў гаспадарках з мэтай больш рацыянальнага яго выкарыстання. Таксама ён звярнуў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на даведзеныя дзяржавай планы па здачы металалому, зношаных колаў, адпрацаванага масла і макулатуры, якія неабходна абавязкова выканаць.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!