Шляхам інавацый – у светлую будучыню

Трактары, якія працуюць у полі без непасрэднага ўдзелу чалавека, спутнікавая навігацыйная сістэма, што кантралюе расход паліва і ўказвае дакладнае месцазнаходжанне тэхнікі, сучасныя малочнатаварныя фермы, дзе большасць вытворчых працэсаў механізавана… Усё гэта не далёкая будучыня, а сённяшні дзень у ААТ “Дэмбрава”. Дзякуючы актыўнаму выкарыстанню сучасных тэхналогій гаспадарка працягвае ўпэўнена развівацца і штогод займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Сёлета, да прыкладу, дэмбраўскім аграрыям не было роўных у нарыхтоўцы травяністых кармоў сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны.

– Мы ўжо заклалі 44907 тон сенажу і зернясенажу, а таксама 52320 тон сіласу, – зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава Аляксандр Віктаравіч Туля. – На сённяшні дзень на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы прыходзіцца 48,5 цэнтнера кармавых адзінак, з якіх 33,2 цэнтнера – гэта кармы з траў, што на 3 цэнтнеры больш, чым летась. Такім чынам амаль на паўтара года забяспечылі пагалоўе БРЖ, якое ў нас налічвае 12000, якаснымі кармамі. Усіх гэтых высокіх паказчыкаў удалося дабіцца дзякуючы зладжанай працы спецыялістаў агранамічнай і інжынернай службаў. Асаблівых слоў падзякі дастойны нашы механізатары, якія падчас касавіцы не лічыліся з асабістым часам і пакідалі палеткі толькі калі сонца хавалася за гарызонт. 


У тым, што дэмбраўскія аграрыі ўмеюць працаваць на вынік, даказвае і сёлетняе жніво. Нават ва ўмовах халоднай вясны і анамальна засушлівага лета мясцовыя хлебаробы вырасцілі дастойны ўраджай хлеба і на 100% выканалі дзяржзаказ па здачы зерня. Да ўсяго, 1,5 тысячы тон зерня рэалізавалі звыш плана.
– Бягучы год выдаўся няпростым: капрызы надвор’я негатыўна адбіліся на ўраджайнасці зерневых культур, – канстатуе галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Аднак дзякуючы ўнясенню ў поўнай меры мінеральных угнаенняў і своечасова праведзеным хімпраполкам з кожнага гектара хлебнай нівы мы атрымалі ў сярэднім 38,7 цэнтнера зерня, намалацілі каля 13000 тон зерня. І гэта не ўлічваючы кукурузу, якой атрымалі 5000 тон, што ў два разы больш, чым летась. 


Урадзілі сёлета і цукровыя буракі, пад якія ў гаспадарцы было адведзена 300 гектараў. Пры сярэдняй ураджайнасці 647 цэнтнераў дэмбраўскія аграрыі накапалі 19400 тон салодкіх караняплодаў і паспяхова здалі іх на перапрацоўку на Скідзельскі цукровы завод.
Не менш рэзультатыўна спрацавалі сёлета і жывёлаводы. З пачатку года яны павялічылі дойны статак на 150 галоў і сёння ён налічвае 2600 рагуль. Длякуючы строгаму выкананню тэхналогій удалося дабіцца істотнага павелічэння надояў: у сярэднім ад кожнай каровы за дзесяць месяцаў тут атрымалі 5500 кілаграмаў малака, а на перадавой малочнатаварнай ферме “Дэмбрава-777” гэты паказчык і ўвогуле дасягнуў 7800 (!) кілаграмаў. Усяго ў бягучым годзе ў гаспадарцы надаілі 13480 тон малака, з якіх 68,7% здалі на перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод сортам “экстра”.


– Мы таксама актыўна развіваем мясную галіну, – гаворыць галоўны заатэхнік ААТ “Дэмбрава” Віталій Яўгеньевіч Кунец. – Пагалоўе быкоў для адкорму ў нас складае 5300. Калі жывёлы дасягаюць вагі 520 кілаграмаў – здаём іх на Гродзенскі мясакамбінат. Усур’ёз займаемся развядзеннем мармурных парод быкоў – лімузінаў і герыфордаў. У гаспадарцы ўтрымліваецца 253 пародзістыя кароўкі і тры племянныя быкі. Атрыманы ад іх прыплод характарызуецца высокай сярэднясутачнай прывагай – да 1250 грамаў, а кошт мармурнага мяса ў адрозненні ад мяса галшцінскай пароды вышэй на 25%. Усяго за дзесяць месяцаў бягучага года мы рэалізавалі 2161 тону мяса, атрымалі выручку ў памеры 6172 тысячы рублёў.
ААТ “Дэмбрава” можа пахваліцца адным з самых магутных і сучасных аўтапаркаў сярод гаспадарак Шчучыншчыны: тут налічваецца 15 зернеўборачных і 7 кормаўборачных камбайнаў, 74 трактары, 10 пагрузчыкаў і 33 грузавікі. Каб гэта жалезная армада заўсёды была ў страі і як след дагледжана, у сельгаспрадпрыемстве закупілі неабходнае абсталяванне і адкрылі свой рамонтны цэх. Працуе у ім слесар-матарыст Віктар Іванавіч Крыштаповіч, які з пачатку года прывёў у парадак 40 рухавікоў.
На большасці тэхнікі ў гаспадарцы ўсталявана навігацыйная сістэма, якая паказвае месца знаходжання машыны і расход паліва. Такім чынам удалося дасягнуць значнай эканоміі рэсурсаў. Аднак гэта далёка не ўсе тэхнічныя ноу-хау, якімі карыстаюцца ў ААТ “Дэмбрава”.


– Сёлета мы набылі сучасную сістэму аўтаматычнага кіравання, якая ўсталёўваецца на любы трактар, – дзеліцца галоўны інжынер Дзмітрый Іванавіч Іодчык. – Пры гэтым механізатар проста сядзіць у кабіне і сочыць за вытворчым працэсам. Яму не трэба нават рукі на руль класці, усё робіць кампьютар. Прычым настолькі дакладна, што выключае любыя памылкі. 
У ААТ “Дэмрава” вялікая ўвага надаецца і абнаўленню аўтапарка: у наступным годзе тут плануюць купіць 5 новых трактараў, 2 грузавых аўто, а таксама некалькі прычэпных агрэгатаў. 
Аднак якой бы ўмацаванай не была матэрыяльна-тэхнічная база, галоўнае ў гаспадарцы – гэта людзі, без самаадданай і добрасумленнай працы якіх немагчыма дасягнуць высокіх паказчыкаў і ўпэўнена развівацца.
– Наш працоўны калектыў налічвае 385 чалавек, кожны з якіх – сапраўдны прафесіянал, – з гонарам зазначае дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля. – Бездакорна выконваюць свае прафесійныя абавязкі галоўны аграном Дзмітрый Станіслававіч Скорб, галоўны заатэхнік Віталій Яўгеньевіч Кунец, галоўны ветурач Аляксандр Пятровіч Шлапік, галоўны інжынер Дзмітрый Іванавіч Іодчык. На іх раўняюцца астатнія. Мы ў сваю чаргу забяспечваем нашых работнікаў дастойнай заработнай платай і ствараем максімальна камфортныя ўмовы для працы: прыводзім у парадак вытворчыя аб’екты, будуем новае жыллё. Сёлета, да прыкладу, дабудавалі дом у аграгарадку Ляшчанка, прывялі ў парадак кватэры ў вёсцы Багушы і аграгарадку Дэмбрава. У наступным годзе ў Ляшчанцы дабудуем яшчэ адзін дом, а таксама ўзвядзём 4-кватэрны дом у Дэмбраве. Усё гэта падштурхне нашых спецыялістаў асесці на сяле, дзякуючы чаму мы пазбегнем дэфіцыту кадраў у будучым.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!