Закласці падмурак для добрага ўраджаю – у ААТ “Дэмбрава”актыўна займаюцца перазалужэннем палеткаў і вывазам арганікі

У ААТ “Дэмбрава” поўным ходам ідзе сяўба цукровых буракоў. Гэтую адказную работу ў гаспадарцы даверылі перадавому механізатару Віталію Мар’янавічу Медушэўскаму, які на трактары “Беларус-1221” з прычапной сеялкай засявае да 35 гектараў у дзень.
Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Еўлашы, то ўбачылі, як трактар самастойна рухаецца па прамой, а механізатар нават не датыкаецца рукамі да руля. І толькі на развароце Віталій Мар’янавіч прыняў кіраванне на сябе і, праехаўшы некалькі метраў, спыніў свайго “жалезнага каня”, каб “дазаправіць” насеннем сеялку. 
– У кабіне ўсталявана сучасная навігацыйная сістэма з падрульваннем, якая і кіруе трактарам, а я толькі кантралюю вытворчы працэс, – зазначае механізатар В.М. Медушэўскі. – Камп’ютар, які звязаны са спадарожнікамі, сам вызначае аптымальную норму высеву. Ён жа клапоціцца аб роўнасці гону: пралічвае траекторыю руху з матэматычнай дакладнасцю, што выключае адхіленне ад курсу і выпадковы перасеў. Такім чынам, эфектыўнасць работы значна ўзрасла, а затрачваемы час паменшыўся на 20%. Для аграрыяў, у якіх кожная хвіліна на вагу золата, гэта вялікая падмога!

І пакуль Віталій Мар’янавіч засяваў цукровымі буракамі асноўную частку поля, механізатары Леанід Станіслававіч Клімук і Аляксандр Ігаравіч Шалкоўскі на трактарах з прычэпленымі камбінаванымі глебаапрацоўчымі агрэгатамі рыхтавалі разваротныя палосы пад сяўбу.
– Я працую ў сельгаспрадпрыемстве ўсяго два тыдні, прыехаў сюды з Пружанскага раёна, – дзеліцца малады трактарыст Аляксандр Ігаравіч Шалкоўскі. – Гаспадарка забяспечыла мяне жыллём. У працоўным калектыве прынялі цёпла. Зараз займаюся перадпасяўной падрыхтоўкай глебы: за працоўную змену “прычэсваю” да 40 гектараў. З механізатарам Леанідам Станіслававічам Клімуком мы працуем па прынцыпе “двайны след”: рухаемся адзін за адным, максімальна разраўноўваючы зямлю. Прастояў не дапускаем, бо за кожны апрацаваны звыш нормы гектар прадугледжаны дадатковыя выплаты. Як бачыце, у гаспадарцы створаны ўсе ўмовы, каб дастойна зарабляць. Галоўнае – адказна ставіцца да сваіх прафесійных абавязкаў і выкладвацца па поўнай.

У ААТ “Дэмбрава” паклапаціліся і аб камфорце працы аграрыяў: занятыя на пасяўной работнікі забяспечаны спецадзеннем, спецабуткам і гарачым харчаваннем. Не дзіва, што механізатары рвуцца “ў бой”! 
– Сёлета пад цукровыя буракі мы адвялі 250 гектараў, з якіх 35% ужо засеялі, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – На сяўбе выкарыстоўваем правераныя сарты замежнай селекцыі, якія характарызуюцца высокай ураджайнасцю. Летась, да прыкладу, з кожнага гектара мы атрымалі ў сярэднім па 660 цэнтнераў салодкіх караняплодаў. Паколькі ў бягучым сезоне ўнеслі пад пасевы неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, не без падстаў разлічваем на багаты ўраджай.
Паралельна ў гаспадарцы праводзяць другую падкормку азімых культур, аднак яе запавольвае халоднае надвор’е. Па гэтай жа прычыне пакуль рана сеяць кукурузу, пад якую ў сельгаспрадпрыемстве адведзена 1315 гектараў. Але як толькі глеба прагрэецца да 10 градусаў, дэмбраўскія аграрыі возьмуцца за “царыцу палёў”. А пакуль яны актыўна займаюцца перазалужэннем палеткаў і вывазам арганікі. Адным словам, без працы не сядзяць, а значыць, і без прыбытку не застануцца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!