Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Дзесяцікласнікі гімназіі г. Шчучына пабывалі на экскурсіі ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”
Навошта ў зернеўборачным камбайне джойстык? Як пякуць духмяны хлеб? Які смак у шчучынскай каўбасы? Аб гэтым і многім іншым дзесяцікласнікі гімназіі г. Шчучына даведаліся падчас экскурсіі ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”.
На мехдвары рабят вітаў галоўны інжынер гаспадаркі Іван Віктаравіч Марозік. Ён падрабязна расказаў гімназістам аб трактарах і камбайнах, якія ёсць у сельгаспрадпрыемстве, а таксама розных прычапных і навясных агрэгатах і іх прызначэнні. Падлеткі з задавальненнем прагуляліся па ангары, дзе стаіць на захоўванні зерне- і кормаўборачная тэхніка. Многія скарысталіся магчымасцю і зрабілі сэлфі на фоне жалезных волатаў, а самыя смелыя залезлі ўнутр кабіны.
– За штурвалам камбайна сяджу ўпершыню, – прызнаецца вучань 10 “Б” класа гімназіі г. Шчучына Аляксандр Рубель. – Я і ўявіць сабе не мог, наколькі гэта магутная і высокатэхналагічная машына! Большасць вытворчых працэсаў тут кампьютарызавана, а для камфортнай працы камбайнера ў кабіне ўсталяваны кандыцыянер. Цяпер не па чутках ведаю, наколькі дынамічна развіваецца наша сельская гаспадарка.
Наступным прыпынкам экскурсіі быў мясаперапрацоўчы цэх, куды рабят прапусцілі толькі пасля таго, як яны апранулі спецадзенне. Яно і зразумела: санітарныя нормы парушаць нельга! Гімназісты ўбачылі, якую мясную прадукцыю выпускае ААТ “Шчучынаграпрадукт” і нават паспрабавалі выведаць рэцэптуру.
У хлебным цэху прыемна пахла свежай выпечкай, таму сюды падлеткі спяшаліся з асаблівай ахвотай.
– Мы выпякаем дзесяць відаў хлебнай прадукцыі, якая адпавядае ўсім патрабаванням якасці, – не без гонару зазначае галоўны спецыяліст аддзела маркетынгу Наталья Мар’янаўна Чаплюк. – У цэху ўсталявана спецыяльная цестамясільная машына, якая працуе ў розных рэжымах. Яшчэ адна машына раздзяляе цеста на аднолькавыя кавалкі заданай вагі. Потым яны раскатваюцца і ставяцца ў “шафу”, дзе хутка “падыходзяць”. Хлеб выпякаем у вялікай печы, і ён захоўвае ўсе свае карысныя і смакавыя ўласцівасці.
У якасці выпускаемай ААТ “Шчучынаграпрадукт” прадукцыі гімназісты пераканаліся самі падчас арганізаванай дэгустацыі мясных і хлебных вырабаў.
– Раней я ніколі не звяртала ўвагі, дзе выпякаецца хлеб, які набываю, – зазначае вучаніца 10 “Б” класа гімназіі г. Шчучына Анжэліка Катовіч. – Калі паспрабавала шчучынскі, то была прыемна ўражана яго смакам. Ды і мясцовыя каўбасы мне таксама спадабаліся. Цяпер буду часцей набываць сваё!
Дадому рабяты вярталіся задаволенымі і актыўна абмяркоўвалі ўбачанае.
– Такія экскурсіі вельмі карысныя, таму што дапамагаюць прафарыентаваць нашу моладзь, – пераканана дырэктар ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Браніславаўна Патапчык. – Таму я заўсёды падтрымліваю гэтыя ініцыятывы. У нас у гасцях ужо пабывалі вучні СШ №2 г. Шчучына, а таксама старшакласнікі Каменскага і Ражанкаўскага дзіцячых садкоў-сярэдніх школ. Магчыма, некаторыя з іх у будучым звяжуць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. І не прагадаюць, бо на сяле можна шчасліва жыць і дастойна зарабляць!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.