Скончылася сяўба – касіць травы пара

У ААТ “Шчучынаграпрадукт” завяршылі сяўбу кукурузы і актыўна прыступілі да першага ўкосу шматгадовых траў. Штодзень тут у поле выходзяць пяць касілак, на адвозцы зялёнай масы задзейнічаны чатыры адзінкі тэхнікі. На 30 мая ў гаспадарцы скасілі травы на плошчы 325 гектараў, што складае 13% да плана.

З сямі гадзін раніцы і да позняга вечара працуе на касавіцы вопытны механізатар Л.А. Бярговін.
– На кормаўборачным камбайне “Палессе” я працую ўжо восьмы сезон. Тэхніка выдатна дагледжана, як след абслужана, таму не падводзіць, – гаворыць Леанід Анатольевіч. – У дзень абкошваю да 40 гектараў свірэпіцы. Дзевяціметровая касілка настроена такім чынам, што скошвае расліны прыкладна ў сямі сантыметрах ад зямлі, як таго патрабуюць тэхнічныя нормы.
Праводзіць першы ўкос Л.А. Бярговіну дапамагаюць механізатары Л.К. Навагродскі, Л.Э. Бекіш, В.Ю. Багданаў. Работа ў полі кіпіць і спыняецца толькі на кароткія абед і падвячорак: усіх занятых на касавіцы работнікаў гаспадарка забяспечвае двухразовым гарачым харчаваннем.
– Сёлета нам прадстаіць абкасіць 2500 гектараў шматгадовых траў, – зазначае галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Янавіч Фядзюк. – У асноўным гэта канюшына, люцэрна, цімафееўка – культуры, якія ўтрымліваюць багата бялку і іншых карысных рэчываў. Каб забяспечыць нашу жывёлагадоўчую галіну кармамі, неабходна назапасіць 27,5 тысячы тон сенажу і 1,5 тысячы тон сена. Вельмі важна не прапусціць фазу і ўбраць травы своечасова пры фарміраванні асноўнай масы ўраджаю. Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, завершым першы ўкос да 15 чэрвеня. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

У тэму
Сельгаспрадпрыемствы Шчучыншчыны прыступілі да першага ўкосу. Сёлета пад шматгадовыя травы ў раёне адведзена 23740 гектараў, з якіх на 30 мая скошана 2103 гектары, што складае 9% да плана. Лідзіруюць на касавіцы такія гаспадаркі, як філіял “Жалудоцкі агракомплекс”, ААТ “Шчучынаграпрадукт” і “Дэмбрава”, саўгас “Вялікае Мажэйкава”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!