Аграрыі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” першымі ў раёне пачалі пасяўную кампанію

На полі бліз вёскі Халечына поўным ходам ідзе сяўба піваваранага ячменю, пад які ў гаспадарцы адведзена 100 гектараў. Усяго яравым ячменем у сельгаспрадпрыемстве плануюць засеяць 600 гектараў.

-- За працоўную змену на энерганасычаным трактары “Беларус-3022” з прычапной шасцімятровай сеялкай я раскідваю насенне на плошчы да 30 гектараў, -- зазначае вопытны механізатар Юрый Мар’янавіч Пазняк. – Тэхніку да выхаду ў поле рыхтаваў сам, таму яна працуе бездакорна. Другая справа, што не ўсе палеткі як след падсохлі: трапляюцца нізіны, дзе і да гэтай пары стаяць вялікія лужыны. Туды мы спачатку накіроўваем культыватары, якія “закрываюць” вільгаць. Пасля іх я спакойна магу працягваць сяўбу.

За своечасовы падвоз насення ў поле і “запраўку” ім сеялкі адказвае механізатар з 37-гадовым стажам У.С. Крыпень.

--  Да трактара, на якім працую, прычэплены бункер, у які ўлазіць каля 5,3 тоны насення ячменю, -- гаворыць Уладзіслаў Станіслававіч. – Пры дапамозе спецыяльнага рукава перасыпаю зерне ў бункер сеялкі аб’ёмам 1,5 тоны. Гэтага хапае на амаль паўтары гадзіны сяўбы. Потым працэс “запраўкі” паўтараю. Усяго за дзень раблю са склада на поле тры рэйсы – перавожу каля 16 тон насення.

Летась ураджайнасць ячменю у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” была на ўзроўні 40 цэнтнераў з гектара. Сёлета мясцовыя аграрыі плануюць павялічыць гэты паказчык на 10 цэнтнераў. І гэта рэальна, калі выконваць ўсе тэхналагічныя патрабаванні.

-- Перад пачаткам пасяўной кампаніі мы правялі культывацыю адведзеных пад ячмень палеткаў, унеслі ў глебу неабходную колькасць калійных і азотных угнаенняў, -- падкрэслівае галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Зараз засяваем гэтыя плошчы насеннем першай рэпрадукцыі айчыннага сорту “Бровар”. Строга прытрымліваемся аптымальнай глыбіні (2-3 сантыметры) і нормы высеву – 240 кілаграмаў зерня на гектар. Пры такім падыходзе атрымаем прыкладна 4,5 мільёна расткоў на гектар. Пакуль, з-за лішку вільгаці, тэхніка не можа працаваць на некаторых палях. Але сухое цёплае надвор’е, якое ўсталявалася ў раёне ў апошнія дні, паступова выпраўляе гэтую сітуацыю ў лепшы бок.

Сёлета у саўгасе “Вялікае Мажэйкава” пад яравыя зерневыя і зернебабовыя культуры адведзена 870 гектараў. Калі “нябесная канцылярыя” не падвядзе, мясцовыя аграрыі засеюць гэтыя плошчы за два тыдні.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!