Дастойны падарунак за парадак на зямлі

Філіял “Жалудоцкі агракомплекс” быў прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. У якасці падарунка гаспадарка атрымала новенькі трактар “Беларус-82.1”.
– За апошнія пяць гадоў мы зрабілі многае для навядзення парадку на тэрыторыі нашага сельсавета, – гаворыць галоўны інжынер філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Пётр Анатольевіч Каранеўскі. – Пазносілі аварыйныя дамы і закінутыя хутары, зруйнавалі і “закапалі” выведзеныя з эксплуатацыі фермы і склады, прывялі ў парадак дарогі, пачысцілі канавы і тэхканалы, раскарчавалі хмызнякі. Вызваленыя плошчы распахалі і ўключылі ў севазварот.
Жалудоцкія аграрыі запэўнілі, што атрыманы ў падарунак новы трактар “Беларус-82.1” прастойваць без працы не будзе: ужо ў наступным сезоне яго задзейнічаюць на ворыве, сяўбе, корманарыхтоўцы і іншых палявых работах.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.