Аграрыі саўгаса “Вялікае Мажэйкава” аднымі з першых у раёне завяршылі сяўбу ранніх яравых зерневых культур
Каб укласціся ў аптымальны тэрмін, тут штодзень у поле выходзілі два энерганасычаныя трактары з шасціметровымі сеялкамі, якія за працоўную змену засявалі звыш 60 гектараў.
Механізатара Сяргея Валянцінавіча Кузняцова мы засталі на полі ля вёскі Кемяны, дзе той заканчваў сеяць гарох. Яго энерганасычаны трактар “Беларус-3522” вышынёй каля чатырох метраў немагчыма было не заўважыць. Ён размерана рухаўся па ўзаранай зямлі і цягнуў за сабой шасціметровую сеялку.
– Між іншым гэты “жалезны волат” разам з навясным агрэгатам важыць прыкладна 20 тон, – зазначае Сяргей Валянцінавіч. – Каб тэхніка не прасядала ў глебу, прычапіў да кожнага кола яшчэ адно і тым самым паменшыў агульны ціск на грунт. Аднак кіраваць такой “махінай” усё роўна няпроста, асабліва на паваротах. За адну мотагадзіну работы трактар расходуе 50 літраў паліва. Затое вытворчая магутнасць уражвае: пры роўным гоне на ім можна засяваць да 50 (!) гектараў у дзень. За якасцю сяўбы сочыць бартавы камп’ютар, які сам выстаўляе аптымальную норму высеву насення: у гароха яна складае 280 кілаграмаў на гектар. У кабіне ўсталявана навігацыя і кліматкантроль, што робіць працу ў полі больш камфортнай.
Завяршыўшы пасяўную кампанію, Сяргей Валянцінавіч пераключыўся на перазалужэнне палеткаў. Як прыйдзе пара – зоймецца начной трамбоўкай зялёных кармоў у сіласныя ямы, а пасля перасядзе за штурвал зернеўборачнага камбайна “Палессе”, каб распачаць уборку хлеба.
– Сёлета разлічваем атрымаць багаты ўраджай, і не без падстаў: азімыя культуры, пад якія ў нас адведзена 1170 гектараў, перазімавалі выдатна, – гаворыць галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Мы ўжо правялі іх першую падкормку і пачалі другую. Пад яравыя таксама ўнеслі неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, сяўбу завяршылі ў аптымальны тэрмін. На чарзе лекавыя травы: рамонак, наготкі, сардэчнік, валяр’ян і растаропша. А прыкладна 15 сакавіка, калі глеба прагрэецца да 10 градусаў на глыбіню задзелкі насення, пачнём садзіць бульбу і сеяць кукурузу. Адным словам, работы шмат, але хто працуе – той і мае!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.