Гаспадарка ААТ “Шчучынаграпрадукт” -- адна з трох гаспадарак раёна, дзе займаюцца вырошчваннем бульбы

У сельгаспрадпрыемстве пад гэту культуру адведзена 50 гектараў, з якіх палова ўжо ўбрана. З кожнага гектара тут накопваюць у сярэднім па 380 цэнтнераў клубняў, што на 50 цэнтнераў больш, чым летась. 
– Пры пасадцы мы выкарыстоўвалі такія высокапрадукцыйныя сарты як “зорачка”, “уладар”, “акцэнт” і “Янка”, – гаворыць памочнік брыгадзіра ААТ “Шчучынаграпрадукт” Генрых Валяр’янавіч Куроўскі. – Эліту набылі ў Гродзенскім занальным інстытуце, а насенне першай рэпрадукцыі атрымалі самі ў мінулым годзе. Бульбяныя палеткі двойчы акучылі, у тэрмін правялі хімпраполкі, апрацавалі расліны ад каларадскага жука і фітафторы. Усё гэта дазволіла вырасціць дастойны ўраджай.
На ўборцы “другога хлеба” ў гаспадарцы задзейнічаны трактар з капалкай і бульбаўборачны камбайн. Яшчэ адзін аналагічны камбайн стаіць на мехдвары і пры неабходнасці гатовы ў любы момант выйсці ў поле.
– Гэты жалезны волат рухаецца па полі з хуткасцю 2 кіламетры ў гадзіну і дазваляе ўбіраць да 2 гектараў у дзень, – зазначае механізатар Віталій Міхайлавіч Літкоўскі. – На ім за працоўную змену накопваю да 80 тон бульбы. Паколькі, акрамя клубняў, у транспарцёр камбайна трапляе каменне, то здараецца, што падшыпнікі – самая ўразлівая частка механізма - закліньваюць. Аднак мы аператыўна выпраўляем дробныя паломкі. Балазе запасных дэталей у гаспадарцы хапае.


Каб тэхніка як мага даўжэй не выходзіла са строю, на камбайне працуюць чатыры паляводы, якія своечасова ўбіраюць каменне і падгнілую бульбу з механічнага “стала”. Такім чынам у бункер агульным аб’ёмам 2,5 тоны паступае ўжо ачышчаны ўраджай.
– Наш працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і заканчваецца, калі сонца хаваецца за гарызонт, – дзеліцца палявод Алена Міхайлаўна Шляхтун. – Увесь гэты час мы праводзім на камбайне. Сілкуемся ў полі падчас кароткіх перапынкаў. Смачнымі гарачымі абедамі і свежымі падвячоркамі нас забяспечвае гаспадарка. Прычым плацім за іх “капейкі”: большую частку выдаткаў бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.
Сабраны ўраджай аператыўна дастаўляюць на бульбасховішча агульнай змяшчальнасцю 1000 тон, якое размяшчаецца ля малочнатаварнай фермы “Заполле”. 


– На сваім грузавіку ГАЗ-53 за дзень раблю 6-7 рэйсаў і перавожу каля 35 тон бульбы, – гаворыць вадзіцель Уладзімір Васільевіч Мацюш. 
На бульбасховішчы клубні сартуюцца па фракцыях і складваюцца ў спецыяльныя кантэйнеры, у якіх захоўваюцца пры тэмпературы 2-4 градусы. Пры такім мікраклімаце бульба без праблем даляжыць да наступнай вясны.
– Мы ўжо прыступілі да рэалізацыі вырашчанага ўраджаю “другога хлеба”, – зазначае памочнік брыгадзіра Генрых Валяр’янавіч Куроўскі. – З задавальненнем прывязём бульбачку і на восеньскі кірмаш, які пройдзе ў Шчучыне 7 кастрычніка. Традыцыйна выставім на продаж і іншую гародніну, а таксама мясную прадукцыю. Запрашаем па пакупкі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.