Восень – ураджайная пара

У гэтыя асеннія дні ў ААТ “Васілішкі” завяршаюць уборку яблыкаў. Яблыневы сад тут займае плошчу 150 гектараў, на кожным з якіх расце прыкладна 1600 дрэў вышынёй 3-3,5 метра.

Салодкі ўраджай збіраюць уручную 65 работнікаў. Сем трактараў з прычэпамі аператыўна дастаўляюць сабраны салодкі груз на фруктасховішча, дзе ён закладваецца на захоўванне ў спецыяльныя камеры. Унутры падтрымліваецца адпаведны мікраклімат: тэмпература паветра ў залежнасці ад сорту складае 1-3 градуса, а ўтрыманне вільгаці дасягае 95%.

– Сёлета мы атрымалі нядрэнны ўраджай яблыкаў, -- гаворыць садавод Тэрэса Антонаўна Аляксей. – Сустракаюцца плады вагай звыш 500 грамаў. З дрэва набіраем да 30 кілаграмаў яблыкаў.

Разам з тым выйсці на мінулагоднія паказчыкі мясцовым садаводам не ўдалося. Усяму віною анамальна халодная вясна.

– Падчас вясенніх замаразкаў дрэвы моцна пацярпелі: працэс цвіцення быў сур’ёзна парушаны, таму шмат завязі загінула, – тлумачыць загадчык яблыневым садам ААТ “Васілішкі” Пётр Станіслававіч Лютастанскі. – Некаторыя яблыні і ўвогуле прыйдзецца раскарчоўваць, а на іх месца высаджваць новыя. Каб мець магчымасць амалоджваць сад, мы самі вырошчваем прышчэпы ў матачніку плошчай 30 сотак, а праз два гады “перасяляем” іх у пітомнік і атрымліваем саджанцы. Аднак, каб маладая яблынькі прынеслі першы ўраджай, прыходзіцца чакаць мінімум тры гады.

Сёлета васілішкаўскім садаводам прадстаіць “адрамантаваць” прыкладна 12 гектараў яблыневага саду. Да таго ж дрэвы трэба падрыхтаваць да зімоўкі: пабяліць, абрэзаць загінуўшае галлё, правесці хімапрацоўку ад захворванняў і выставіць прыманкі для грызуноў.

Хапае работы і ў аграрыяў: у полі чакаюць сваёй чаргі кукуруза, бульба, цукровыя буракі, морква, цыбуля, капуста.

– “Царыца палёў” сёлета займае плошчу 3400 гектараў, з якіх 1000 гектараў будзе ўбрана на зерне, а астатняе – на сілас, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Вісілішкі” Міхаіл Юр’евіч Марчук. – Пры закладцы выкарыстоўвалі высокапрадукцыйныя сарты украінскай, французкай і нямецкай селекцый. Ураджайнасць радуе: з кожнага гектара ў сярэднім атрымліваем звыш 350 цэнтнераў зялёнай масы, і гэты паказчык працягвае расці.

Штодзень убіраць кукурузу на сілас у гаспадарцы выходзіць чатыры кормаўборачныя камбайны. Ім асісціруюць 15 грузавікоў, якія адвозяць зялёную масу на малочнатаварныя комплексы “Васілішкі” і “Гурнофель”, дзе яна закладваецца ў сіласныя траншэі. Трамбоўка тут арганізавана ў дзве змены. Усяго васілішкаўскія аграрыі плануюць нарыхтаваць 73 тысячы тон  сіласу. Уборка кукурузы на зерне ў сельгаспрадпрыемстве распачнецца крыху пазней.

Не сціхае праца і на бульбяных палетках ААТ “Васілішкі”. Пад “другі хлеб” у гаспадарцы сёлета адведзена 150 гектараў, і з кожнага тут атрымліваюць каля 500 цэнтнераў клубняў. 

– Мы вырошчваем 7 сартоў бульбы: “зорачка”, “уладар”, “брыз”, “маніфест”, “янка”, “скарб”, “вектар”, – зазначае М.Ю. Марчук. –  На копцы задзейнічаны тры бульбаўборачныя камбайны, адзін з якіх мы набылі сёлета. Сабраны ўраджай адвозім на бульбасховішчы “Касцянева” і “Дзегцяры” агульнай умяшчальнасцю 5000 тон. Там клубні сартыруюцца. Дробную фракцыю здаём на Рагозніцкі крухмальны завод: ужо адправілі на пераапрацоўку звыш 500 тон і амаль кожны дзень прыбаўляем да гэтай лічбы яшчэ па 30 тон.

Не забываюць васілішкаўскія аграрыі і пра цукровыя буракі. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзена 550 гектараў, з якіх па даных на 29 верасня убрана 169 гектараў. Сярэдняя ўраджайнасць ужо перакрочыла 400 цэнтнераў з гектара.

– Халодная вясна негатыўна адбілася на росце цукровых буракоў: яны адстаюць у сваім развіцці на тры тыдні,  – канстатуе Міхаіл Юр’евіч. – Таму і цукрыстасць караняплодаў пакуль складае 15,4%. Аднак калі кастрычнік будзе цёплым, то гэты паказчык значна вырасце.  

Паклапаціліся ў ААТ “Васілішкі і пра будучы ўраджай. У гаспадарцы паспяхова правялі ворыва зямель, унеслі ў глебу пад азімыя культуры неабходную колькасць калійных і фосфарных угнаенняў. Зараз праводзіцца апрацоўка рапсу морфарэгулятарам, каб дапамагчы раслінам перазімаваць. Адным словам, гарачая пара ў васілішкаўскіх аграрыяў працягваецца.

Чытайце таксама: 

Ураджайнасцю “царыцы” можна ганарыцца
И снова в небе – дрон
Пяць хвілін – палёт нармальны, або “Паляцелі!”

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара і Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!