Аб кармах, як аб хлебе дбаюць у адкрытым акцыянерным таварыстве “Дэмбрава”

У чацвер тут ужо распачалі ўборку кукурузы на сілас. Для гэтых мэт “царыцу палёў” вырошчваюць у гаспадарцы на плошчы 1000 га, яшчэ на 350 га – на зерне. На культуру сёлета добрыя віды, што не можа не радаваць. 
– Перш чым пачаць уборку, мы абследавалі кукурузнае поле з дапамогай дрона і спецыяльнай праграмы. Як кажуць, з верху бачна ўсё. Святлейшыя ўчасткі – там, дзе кукуруза завяршыла рост, цямнейшыя – значыць, усё яшчэ набірае вышыню, – расказвае галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб і ў пацвярджэнне выводзіць на экране мабільніка карцінку ў рэжыме рэальнага часу. – Стаяць сонечныя дні, і палі, рана засеяны вясной, паспелі на тыдні тры раней, чым летась.


 Праз некалькі хвілін мы ўжо былі на полі ля МТФ “Дэмбрава”, дзе кіпела работа. Механізатар Дзмітрый Мікалаевіч Мулярчык неахвотна спыняе свой камбайн, бо прывык даражыць кожным пагодлівым днём. Нездарма ж менавіта ён стаў пераможцам абласнога спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу. Мінутка на палявую фотасесію – і зноў у кабіну. Вось ужо аўтамабіль і трактар па чарзе падстаўляюць кузавы і прычэп пад свежую кукурузную масу.


А на полі з каларытнай назвай “Бараніха” з раніцы ідзе касьба траў. За рулём “Беларуса-3022” нястомны і працавіты Станіслаў Георгіевіч Томкевіч, між іншым, таксама пераможца абласнога спаборніцтва на “зялёным жніве”. Стараецца і ён: за ім ідуць іншыя корманарыхтоўшчыкі, занятыя на здрабненні і адвозцы падвяленай масы да сянажных траншэй. 


Бачна, што зялёны канвеер працуе рытмічна. Галоўны аграном задаволены, як працуюць на нарыхтоўцы кармоў вопытныя і адказныя механізатары Юрый Грыб, Валерый Санкевіч, Сяргей Гардзейчык, вадзіцелі Аляксандр Сыч і Юрый Панімаш, іншыя ўдзельнікі “зялёнага жніва”. Сваіх работнікаў гаспадарка стымулюе матэрыяльна.
Не прахалоджваюцца ў цяньку і работнікі, занятыя на трамбоўцы сенажу. Назіраю, як магутныя “Амкадор-352” і “К-700”, якімі кіруюць Андрэй Вітальевіч Малашонак і Уладзімір Станіслававіч Краўчук, з лёгкасцю ўзбіраюцца на вяршыню зялёнай гары. Толькі што новую партыю сакавітай травяной масы падвёз сюды на “МАЗе” Андрэй Даўгашэя. Настрой у вадзіцеля добры: удзельнічаў у жніве, а цяпер ахвотна далучыўся да працавітага атрада нарыхтоўшчыкаў кармоў. 


Дарэчы, некалькі сянажных траншэй, размешчаных ля МТФ “Рыча”, ужо поўнасцю запоўнены, на падыходзе чарговая. За пяць дзён паспяваюць закласці траншэю на 3000 тон высакаякаснага корму, тлумачыць галоўны аграном. Трамбоўка вядзецца і ноччу. Захаванню тэхналогій – увага асаблівая.
– Пачынаючы з мая, лічы, увесь час, займаемся корманарыхтоўкай, – гаворыць Д.С. Скорб. – Працэс арганізацыйна і тэхналагічна адладжаны на ўсіх яго этапах. Ёсць кваліфікаваныя кадры, хапае тэхнікі. Так, нядаўна набылі яшчэ адзін “Ягуар”, цяпер іх тры. Арганізавана і ў тэрмін правялі першы ўкос траў, назапашваем сена з другога ўкосу. На падыходзе люцэрна, рулоны мяркуем замотваць у стрэйч-плёнку. Пры плане 41600 тон ужо назапасілі 32300 тон сенажу. Патрэба ў сіласе – 45100 тон, ёсць ужо 692 тоны. Для захавання будзе задзейнічана вялікая траншэйная гаспадарка – каля 30 пляцовак. Дзве траншэі сёлета адрамантавалі – падоўжылі, яшчэ адна на завяршальнай стадыі будаўніцтва. 


З задачай – забяспечыць паўнацэнны рацыён жывёле, а ў гаспадарцы яе больш за 12 тысяч галоў, у тым ліку 3500 галоў дойнага статка – сёлета справяцца, упэўнены дэмбраўскія аграрыі. Кармы будуць, а значыць, будуць малако, мяса і добрыя даходы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!