Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” аднымі з першых у раёне прыступілі да пасяўной кампаніі

Спачатку засеялі 25 гектараў яравым аўсом, а затым узяліся за ячмень. Каб укласціся ў аптымальны тэрмін, перайшлі на дзесяцігадзінны рабочы дзень.

Калі мы заехалі на поле бліз вёскі Ашмянцы, там ужо працаваў механізатар Анатолій Антонавіч Снапко на энерганасычаным трактары “Беларус-3022” з прычапной шасціметровай сеялкай. 
– У яе бункер змяшчаецца да дзвюх тон зерня, – тлумачыць Анатолій Антонавіч. – Пры норме высеву яравога ячменю 250 кілаграмаў на гектар гэтага дастаткова, каб засеяць 7-8 гектараў. Усяго ў дзень расходую каля 8 тон насення, засяваю да 30 гектараў. Сеялка настроена так, каб зерне трапляла ў зямлю на глыбіню 3-5 сантыметраў, як таго патрабуе тэхналогія. Пры рабоце арыентуюся на ўсталяваныя на полі маркеры, пасля праходжання якіх спыняю сяўбу. Усё для таго, каб у канцы якасна зрабіць разваротныя палосы і пазбегнуць перасеву. Каб магутны трактар “Беларус-3022” не пакідаў пасля сябе глыбокіх каляін, прычапіў да яго дадатковыя заднія колы: праходнасць тэхнікі значна ўзрасла. 
У счэпцы з Анатоліем Антонавічам у полі працуе вадзіцель Аляксандр Аляксандравіч Шынкевіч. На грузавіку “ЗІЛ-130” ён аператыўна падвозіць насенне і “запраўляе” ім апусцелы бункер сеялкі.


– Падаю толькі якасна пратраўленае зерне, якім загружаюся на зерняскладзе, – зазначае Аляксандр Аляксандравіч. – Пасля апрацоўкі яно становіцца больш устойлівым да розных хвароб, што станоўча адбіваецца на ўраджайнасці. 
Праца ў полі не сціхае ўвесь светлавы дзень і перапыняецца толькі на кароткі абед, які механізатарам падвозяць прама ў поле. Гарачым харчаваннем занятых на пасяўной работнікаў забяспечвае гаспадарка, прычым бярэ на сябе 90% ад яго кошту.

– Сёлета нам прадстаіць пасеяць 600 гектараў ячменю, 150 гектараў гароху, 25 гектараў грэчкі і 1200 гектараў кукурузы, – гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага агранома філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Алег Эдуардавіч Лісай. – Для гэтага ў гаспадарцы ёсць чатыры сеялкі, якія адрамантаваны і як след абслужаны. Каб забяспечыць высокія ўраджаі яравых, мы ў поўнай меры ўнеслі ў глебу неабходныя арганічныя ўгнаенні, а таксама азот і фосфар. Зараз актыўна сеем ячмень і шматгадовыя травы, а калі зямля прагрэецца да 10 градусаў – возьмемся за “царыцу палёў”. Пры такіх тэмпах завяршым пасяўную кампанію да 1 мая. 
Паралельна ў гаспадарцы праводзяць падкормку пасеваў азімых культур. Для гэтага жалудоцкія аграрыі выкарыстоўваюць вадкую карбамідна-аміячную сумесь, якую распырскваюць па палетках пры дапамозе “Расы”: апрацоўваюць да 100 гектараў у суткі. Дзе-нідзе карыстаюцца грануляваным карбамідам, пасля ўнясення якога поле адразу культывуюць, каб не дапусціць выпарэння азоту на адкрытым паветры. Усяго мясцовым хлебаробам прадстаіць падкарміць 1300 гектараў азімых, што абавязкова будзе зроблена ў тэрмін!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!