Садоў і агародаў багаты ўраджай прымаюць нарыхтоўшчыкі спажывецкай кааперацыі

Сёлетні год шчодры на дары агародаў і садоў. Гэтаму рады і гаспадары ўраджайных сотак, і нарыхтоўшчыкі Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Прынамсі, першыя актыўна збіраюць і здаюць сакавітую прадукцыю, а другія ахвотна яе закупляюць.
– Сёлетні сезон нас радуе, аб’ёмы ў разы большыя, чым летась, – гаворыць начальнік службы нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Шчучынскага філіяла Ала Міхайлаўна Арлоўская. – Прыемна працаваць, бачачы, як людзі актыўна здаюць лішкі сельгаспрадукцыі і дары прыроды.
Сапраўды, з раніцы не зачыняюцца дзверы ў нарыхтоўчы ларок па вуліцы Пушкіна, 24 у Шчучыне. Вось бабуля-гараджанка прыцягнула на веласіпедзе, перакінуўшы цераз раму, мяшэчак сакавітых пладоў. А побач на разгрузку прыпаркаваў свой аўтамабіль шчучынец Уладзімір Васільевіч Давыдзенка. Мужчына расказвае, што сёлета на дачы ўрадзілі яблыкі. Вырашыў – не прападаць жа дабру, ды і рубель у сямейным бюджэце лішнім не будзе.

 
– У наш ларок прывозяць і прыносяць садавіну і агародніну не толькі жыхары райцэнтра, але і навакольных населеных пунктаў, – тлумачыць нарыхтоўшчык Наталля Паўлаўна Клімашэўская. – Я прыняла ўжо звыш 80 тон яблыкаў і каля 5 тон алычы. Дарэчы, здатчыкам дастаткова толькі прад’явіць свой пашпарт, даведкі аб наяўнасці прысядзібнага ці дачнага ўчастка не патрабуецца. Галоўнае, каб прадукцыя мела належны таварны выгляд.
Як паведамілі ў філіяле, нарыхтоўкай дароў садоў, агародаў і лясоў у раёне займаюцца 6 нарыхтоўчых пунктаў (акрамя Шчучына, такія ёсць у Першамайску, Новым Двары, Васілішках, Астрыне і Жалудку), а таксама тры раз’язныя нарыхтоўшчыкі. Агульнымі намаганнямі было ўжо закуплена крыху больш за тону чарніц (толькі для рэалізацыі ў рознічным гандлі), 7 тон вішні, 1,18 тоны чырвоных і 600 кілаграмаў чорных парэчак. Між іншым, у мінулым годзе нарыхтовак такіх ягад увогуле не было з-за неўраджаю. А сёлета, як толькі сезон гэтых прыродных дароў скончыўся, на нарыхтоўчым канвееры з’явіліся яблыкі, якіх у філіяле закупілі ўжо 200 тон для прамысловай перапрацоўкі, і алыча (6 тон). За кілаграм яблыкаў плацяць 5 капеек, алычы – 10 капеек. На падыходзе чорная рабіна, кілаграм якой будзе каштаваць 20 капеек. 


Для рэалізацыі ў гандлёвай рознічнай сетцы кааператары прымаюць ад насельніцтва памідоры і агуркі (па 50 капеек за кілаграм), цыбулю, моркву і чырвоныя буракі (па 40 кап.), капусту (25 кап.). Цэны змяняюцца ў залежнасці ад кан’юнктуры рынку, папярэджвае Ала Міхайлаўна.
Нарыхтоўшчыкі спажывецкай кааперацыі гатовы выехаць па званку і забраць лішкі ўраджаю з падворка ці з вуліцы. Канешне, па сетку яблыкаў машыну ў далёкую вёсачку не пагоніш, але калі аб’ёмы значныя, то транспарт абавязкова прыедзе, запэўніла А.М. Арлоўская.
І пра дары лясоў. Спачатку спажыўкааперацыя прымала грыбы лісічкі па 5 рублёў за кілаграм, а цяпер па 3 рублі. Закупілі і адправілі ў магазіны 130 кілаграмаў “жоўцікаў”. “Будзем браць і баравікі, і іншыя віды грыбоў, – запэўнівае спецыяліст па нарыхтоўках. – А яшчэ наперадзе сезон збору журавін і брусніц”.
Што да маладой бульбы, то яе закуплена для продажу ў магазінах каля 15 тон: цана вар’іравалася ад 70 да 30 капеек за кілаграм. Паколькі цяпер Шчучынскі філіял аблспажыўтаварыства не закладвае клубні ў стабілізацыйны фонд, то падчас вераснёўскай уборкі “другога хлеба” будзе закуплена таксама нямнога – прыкладна 15-20 тон. Цана на бульбу пакуль невядома. Насельніцтву трэба мець гэта на ўвазе і цікавіцца іншымі рынкамі збыту.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!