Якія эксперыменты арганізоўваюць жывёлаводы раёна для забяспячэння высокай сярэднясутачнай прывагі?

Як атрымаць здаровы прыплод? Чым неабходна карміць цялят? Як захаваць здароўе маладняку і забяспечыць высокія сярэднясутачныя прывагі? Гэтыя і многія іншыя важныя пытанні разглядаліся падчас выязнога семінара, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі гаспадарак Шчучыншчыны, а таксама ветурачы, галоўныя заатэхнікі, эканамісты і бухгалтары.
Першай кропкай на маршруце стаў малочнатаварны комплекс “Глыбокае” СВУ “Пратасаўшчына”. Тут утрымліваюцца 885 рагуль, у тым ліку 490 галоў дойнага статка. Сярэднясутачны надой складае 23,3 літра малака.

– Аснова высокіх надояў – здаровае патомства, – зазначае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – Каб яго атрымаць, неабходна правільна расцяліць карову. У нас гэты працэс праходзіць пад строгім кантролем спецыялістаў, якія пры неабходнасці гатовы дапамагчы жывёле. Нованароджаных цялятак мы чысцім і змяшчаем на 15-20 хвілін у спецыяльны домік для абагрэву, дзе тыя абсыхаюць. Пасля ўзважваем на электронных вагах, каб правільна разлічыць норму выпайкі малодзівам. Таксама выкарыстоўваем медпрэпараты і вітаміны для ўмацавання імуннай сістэмы атрыманага маладняку. 
Вядома, каб кароўкі і бычкі хутка раслі і набіралі вагу, трэба стварыць камфортныя ўмовы і забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі. На МТК “Глыбокае” нованароджаныя цяляткі першыя 45 дзён жывуць у індывідуальных доміках і атрымліваюць па 6 літраў малака ў суткі. Калі асобіны дасягаюць вагі 70-75 кг – іх пераводзяць на групавое ўтрыманне. 
Каб забяспечыць высокія сярэднясутачныя прывагі, пратасаўскія жывёлаводы арганізавалі эксперымент.
– На малочнатаварным комплексе “Глыбокае” мы выбралі дваццаць цялят прыкладна аднаго ўзросту і вагі і падзялілі на дзве групы, – тлумачыць дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – Кармілі жывёл аднолькава, толькі доследнай групе не давалі вады. Праз сорак дзён падвялі вынікі эксперымента. Высветлілася, што сярэднясутачная прывага цялят, якім з рацыёну выключылі ваду, склала 890 грамаў, што на 65 грамаў больш, чым у кантрольнай групе. Аналіз паказаў, што жывёлы, якія атрымлівалі вадкасць у выглядзе малака, мелі лепшы апетыт, таму і раслі хутчэй. Калі пачаць такім чынам карміць усе 526 цялят, якія ўтрымліваюцца на МТК “Глыбокае”, то эканамічны эфект будзе адчувальным!

Аналагічны эксперымент быў пастаўлены і на МТК “Скоржыкі-777” ААТ “Шчучынаграпрадукт”. 
– Ён таксама доўжыўся 40 дзён, – расказвае выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка ААТ “Шчучынаграпрадукт” Вольга Анатольеўна Дзятчык. – У кантрольнай групе сярэднясутачная прывага склала 860 грамаў, а ў эксперыментальнай – 1200 (!) грамаў. Мы падлічылі, што пры бязводным кармленні нашага маладняку можам атрымаць дадаткова 37 тон прывагі.
Вынікі выязнога семінара падвёў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васілій Вацлававіч Ашурок. Ён падкрэсліў, што поспехаў у развіцці мяса-малочнай вытворчасці можна дабіцца толькі дзякуючы строгаму выкананню сучасных тэхналогій і моцнай працоўнай дысцыпліне. Таксама былі абмеркаваны пытанні будаўніцтва новых сянажных траншэй для якаснага захавання кармоў, своечасовага лячэння жывёл, навядзення парадку на вытворчых аб’ектах і іншыя. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!