Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК для працаўнікам ААТ “Агра-ГЖС” – час падвесці вынікі і намеціць планы на будучае
Сёлета астрынчанам ёсць чым ганарацца. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання краіны адзначана праца дырэктара ААТ “АграГЖС” Віктара Генрыхавіча Паўлюкевіча, а значыць, і ўсяго калектыву. Да таго ж, да прафесійнага свята ў гаспадарцы прымеркавана адкрыццё новага аб’екта – цялятніка на 400 галоў, будаўніцтва якога абышлося ў 1 млн. 200 тыс. рублёў. Такі падарунак зрабіла ААТ “Гроднажылбуд”.
– Сёлетняя ўборачная кампанія была не з лёгкіх, – падводзіць вынікі дырэктар ААТ “АграГЖС” Віктар Генрыхавіч Паўлюкевіч. – Аднак, нягледзечы на гэта, мы нарыхтавалі на 200 тон больш зерня (разам з кукурузай), чым у мінулым годзе – 11 941 тону. Тым самым папоўнілі недабор зерневай і зернебабовай груп. Парадавала ўраджайнасць кукурузы на зерне. Такіх высокіх паказчыкаў у нас яшчэ не было – 120, а на асобных участках – 150 цэнтнераў з гектара. Нарыхтавана звыш 34 тысяч тон сіласу і звыш 25 тысяч тон сенажу. Асаблівая ўвага надаецца строгаму выкананню ўсіх тэхналагічных патрабаванняў пры закладцы сенажу. Спецыялісты пільна сочаць за ўтрыманнем вільгаці ў зялёнай масе, замяраюць яе тэмпературу, дабаўляюць кансервант. Усе сянажныя траншэі накрываюць спецыяльнай плёнкай, каб не дапусціць намакання і гніення кармоў. Дарэчы, закладзена звыш 40 сянажных і сіласных траншэй . На адну фуражную карову нарыхтавана звыш 300 цэнтнераў кармавых адзінак, што на 108 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Стаўку ААТ “АграГЖС” робіць на жывёлагадоўлю. На 1 лістапада ў гаспадарцы налічваецца 8202 галавы буйнай рагатай жывёлы. Валавая вытворчасць малака – 13306, а надой на карову – каля 6800 кілаграмаў.
Штогод спецыялісты ААТ “АграГЖС” прымаюць удзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства па ўзнаўленні буйной рагатай жывёлы. Сёлета лепшым сярод работнікаў па штучным асемяненні стаў В.І. Янковіч, а сярод заатэхнікаў-селекцыянераў у лідэрах – Л.П. Кузміцкая. Абодва ў трэці раз прымаюць удзел у гэтым конкурсе і перамагаюць! Дарэчы, дзякуючы строгаму захаванню ўсіх тэхналогій выхад цялят на прадпрыемстве складае каля 90 на 100 кароў. Сёлета атрымана 2796 цялят, што на 260 галоў больш, чым летась. За паказчыкамі – штодзённая, зладжаная праца дружнага калектыву.
Падчас нашага візіту мы пазнаёміліся з работнікамі самага буйнога малочнатаварнага комплексу гаспадаркі – “Астрына-777”.
– У нас добрасумленна працуе кожны работнік, – гаворыць загадчык МТК Юрый Паўлавіч Нагорны. – На МТК утрымліваецца 2200 кароў, з іх 777 – дойнага статка. 97 % малака здаём класам “экстра”.
На МТК “Астрына-777” вось ужо шэсць гадоў працуюць разам жывёлавод Наталля Валянцінаўна і аператар па штучным асемяненні Віктар Іванавіч Янковічы. Маладая сям’я жыве ў Астрыне і выхоўвае дваіх сыноў.
– Мы прыехалі з Воранаўскага раёна, – расказваюць Янковічы. – Гаспадарка адразу выдзеліла нам 4-пакаёвую кватэру. Працаваць разам на адным МТК вельмі зручна, бо заўсёды можна разлічваць на дапамогу роднага чалавека. Прыемна, што кіраўніцтва цэніць нашу працу. Ды і з калектывам склаліся добразычлівыя, сяброўскія адносіны.
Дырэктар ААТ “АграГЖС” В.Г. Паўлюкевіч перакананы, што жыллё – важны фактар замацавання маладых кадраў на сяле. Таму ў Астрыне на вуліцы Слатвінскага ў 2016 годзе быў пабудаваны 21-кватэрны дом. Побач размясцілася дзіцячая пляцоўка. Цяпер маладым спецыялістам гаспадарка адразу прадастаўляе жыллё. Іх на сённяшні дзень у гаспадарцы – 8 чалавек.
Машынна-трактарны парк сельскагаспадарчага прадпрыемства ўкамплектаваны. Ёсць камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты, высокапрадукцыйная мадэрнізаваная сельскагаспадарчая тэхніка, неабходная для выканання ўсіх тэхналагічных аперацый у поўным аб’ёме. Сёлета гаспадарка набыла “Horsch Tiger” для безадвальнай апрацоўкі глебы.
На мехмайстэрні “Бярозаўцы” пасля рэканструкцыі – чысціня і парадак. Тут створаны ўсе належныя ўмовы для працы работнікаў. Тэхніка выглядала дагледжанай, як і навясныя агрэгаты, што размясціліся побач.
– Станоўчых вынікаў мы дабіліся дзякуючы зладжанай рабоце дружнага калектыву спецыялістаў і работнікаў ААТ “АграГЖС, – гаворыць В.Г. Паўлюкевіч. – Зараз у нас працуюць 284 чалавекі. І кожны – прафесіянал сваёй справы. Хочацца адзначыць працу І .М. Карнілы, Л.П. Кузміцкай, Ю.П. Нагорнага, В.І. і Н.В. Янковічаў, Ж.В. Крывашэй, Т.К. Багдзевіча, А.І. Семянчука, Л.Л. Ушкевіча, Д.В. Саковіча і многіх іншых. Не забываем мы і пра тых, хто заклаў падмурак нашай гаспадаркі. Ветэранаў працы віншуем са святамі, аказваем дапамогу. Не застаецца без нашай увагі і ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.Р. Клачкова.
Моцнае плячо падстаўляе гаспадарцы ААТ “Гроднажылбуд”. Так, падчас нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю, акрамя мясцовых 44 механізатараў і 25 вадзіцеляў былі задзейнічаны 8 механізатараў і 5 адзінак тэхнікі ААТ “Гроднажылбуд”.
Адчуваецца, што для астрынскіх аграрыяў праца на зямлі – нешта большае, чым проста “заробак”. Яны працуюць шчыра і аддана. Вось і зараз не трацяць часу дарма – рыхтуюць глебу пад ураджай будучага года.
У планах кіраўніцтва – дабудаваць на мехдвары два новыя ангары для тэхнікі, набыць сучасны квадракоптэр. Да таго ж у ААТ “АграГЖС” чакаецца папаўненне штату: вясной шэсць маладых спецыялістаў прыступяць да працы на сельскагаспадарчай ніве. Вучыцца моладзі ёсць у каго. Перакананы, што сплаў вопыту і маладосці абавязкова дасць добры рэзультат.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.