Пасяўная з настроем
Як толькі глеба прагрэлася да 5-7 градусаў, аграрыі ААТ “Дэмбрава” прыступілі да масавай сяўбы яравых культур. Штодзень у поле выходзяць тры трактары з сеялкамі, якія за працоўную змену засяваюць каля 100 гектараў.
Механізатар Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч адным з першых уключыўся ў пасяўную кампанію: на энерганасычаным трактары “МТЗ-3022” з шасціметровым прычапным агрэгатам “АГП-6” спачатку засеяў аўсом 50 гектараў, а пасля пераключыўся на яравы ячмень.
– Уладкаваўся ў гаспадарку адразу пасля службы ў арміі і з той пары ўжо 25 гадоў працую на зямлі, – зазначае Станіслаў Георгіевіч Тамкевіч. – За гэты час дасканала асвоіў мноства тэхнікі: трактары “МТЗ-1221”, “МТЗ-80”, “МТЗ-82”… Вось ужо 9 сезонаў працую на магутным “МТЗ-3022”. Гэты жалезны волат важыць больш за 10 тон. Кіраваць такой махінай няпроста, але я ўжо прызвычаіўся. Выязджаю ў поле ў 8 гадзін раніцы з запоўненай яшчэ з вечара сеялкай і адразу прыступаю да працы. У бункер умяшчаецца каля 2 тон зерня – гэтага хапае, каб пры норме высеву 217 кілаграмаў насення на гектар засеяць прыкладна 8-9 гектараў зямлі. Крыху больш чым праз гадзіну бункер пусцее і патрабуецца “дазапраўка”: за працоўную змену апусташаюцца да 4 бункераў. Пры закладцы новага ўраджаю выкарыстоўваем выключна пратраўленае насенне, якое ў поле аператыўна падвозяць з зернясклада ў Вострава. Работа спыняецца толькі на кароткі абед, які нам прывозяць прама ў поле.
Сёлета ў ААТ “Дэмбрава” належыць пасеяць 325 гектараў яравога ячменю, 225 гектараў пшаніцы, 10 гектараў проса, а таксама 240 гектараў зернебабовых культур, з якіх 150 – гэта гарох. Пад кукурузу ў гаспадарцы адведзена 1715 гектараў, з якіх 415 – для вырошчвання кукурузы на зерне, а астатняе – на сілас. Калі надвор’е не падвядзе, пасяўную кампанію мясцовыя аграрыі завершаць праз тыдзень.
– У параўнанні з мінулым годам мы на 25% павялічылі пасевы азімых культур, а плошчы пад яравыя наадварот паменшылі, – гаворыць галоўны аграном ААТ “Дэмбрава” Дзмітрый Станіслававіч Скорб. – Гэта выклікана недахопам вільгаці, які істотна адчуваецца ў апошнія гады. Усяго ў гаспадарцы азімыя займаюць 2500 гектараў. Расліны выдатна выйшлі з зімоўкі, таму мы разлічваем на багаты ўраджай. Цяпер падкормліваем іх КАСам, а рапс - грануляваным сульфатам, які актывізуе рост пабегаў. Каб засцерагчы гэтую алейную культуру ад насякомых-шкоднікаў, правядзём тры інсектыцыдныя апрацоўкі. Як бачыце, работы хапае. Яно і зразумела: ад таго, як спрацуем сёння, залежыць наш дабрабыт у будучым.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.