Поле кліча хлебаробаў. Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” сёлета першымі ў раёне пачалі пасяўную кампанію

 

У Шчучынскім раёне пачалася пасяўная кампанія. Першымі ў поле выйшлі аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”. Зараз каля пасёлка Дубрава актыўна ідзе сяўба аўса гатунку “Лідыя”.

 

Аграрыі філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” амаль кожны год пачынаюць сяўбу першымі ў раёне. Гэта звязана з вялікай колькасцю пясчаных глеб на тэрыторыі гаспадаркі. Што тычыцца поля ля Дубрава, то яно яшчэ і размешчана вышэй за іншыя. Гэта дадаткова спрыяе сыходу вільгаці. У параўнанні з мінулым годам жалудоцкія аграрыі пачалі сяўбу на тыдзень раней.

 

Зараз на полі шчыруе вопытны механізатар Анатолій Снапко. Для яго гэта ўжо дваццаць сёмая сяўба, таму кіраўніцтва гаспадаркі давярае яму самую адказную работу.

 

 

– У гаспадарцы працую з 2003 года, – расказвае Анатолій. – Спачатку быў задзейнічаны на культывацыі і ворыве. Апошнія 14 гадоў я ўдзельнічаю ў пасяўной кампаніі, працай задаволены. Кірую трактарам МТЗ-3022 з 6-метровай сеялкай. Тэхніку рыхтаваў да сезона старанна, таму ў яе стане цалкам упэўнены.

 

Пасяўная кампанія для аграрыяў – сур’ёзны іспыт, ад вынікаў якога ў значнай ступені залежыць будучы ўраджай. Як адзначыла загадчык вытворчага ўчастка Лілія Снапко, гэтай вясной у філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” плануюць засеяць 1200 гектараў кукурузы, з якіх 600 пойдзе на зерне і 600 на сілас, 100 гектараў аўса, 25 гектараў грэчкі, 45 гектараў проса, 160 гектараў яравога ячменя і 400 гектараў адналетняга ячменю, яшчэ 100 гектараў адведзена пад зернебабовыя культуры.

 

 

Сёлета ў гаспадарцы плануюць атрымаць высокія ўраджаі азімых культур. Пра гэта нам расказаў галоўны аграном Станіслаў Аўсянік:

 

– Азімыя добра перанеслі зімоўку. Трэба толькі правільна іх падкарміць азотнымі ўгнаеннямі, чым мы хутка зоймемся. У гэтым годзе чакаем добры ўраджай азімага рапса, пшаніцы і трыцікале.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!