У ААТ “Дэмбрава” не спыняюцца на дасягнутым, а імкліва крочаць наперад

За ААТ “Дэмбрава” замацавалася рэпутацыя неаспрэчнага лідара сярод прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу. Не менш рэзультатыўна працоўны калектыў спрацаваў і ў мінулым годзе, за што сельгаспрадпрыемства ў раённым спаборніцтве прызнана мацнейшай гаспадаркай раёна, а яго дырэктар Аляксандр Віктаравіч Туля – лепшым кіраўніком.

 

Зараз ва ўсіх арганізацыях, гаспадарках і на прадпрыемствах раёна праходзяць выніковыя сходы. Кіраўнікі трымаюць справаздачы перад сваімі працоўнымі калектывамі, узважваюць дасягненні і памылкі, вызначаюць шляхі далейшага развіцця. Нядаўна такая канструктыўная гутарка адбылася ў ААТ “Дэмбрава”.
У дакладзе дырэктара сельгаспрадпрыемства А.В. Тулі прыводзілася нямала пераканаўчых лічбаў эканамічнага росту гаспадаркі.

 

 

– Па выніках 2019 года ўсе вытворча-фінансавыя паказчыкі прадпрыемствам выкананы. Тэмп росту валавой прадукцыі склаў 108,4% пры плане 105,6%, – канстатуе Аляксандр Віктаравіч. – Галоўнае ў працы - атрыманне рэнтабельнай прадукцыі. У мінулым годзе выручка ад яе рэалізацыі склала 26,2 млн. рублёў (+2,7 млн. рублёў да ўзроўню 2018 года). Гаспадарка атрымала 4 млн. чыстага прыбытку, дабілася рэнтабельнасці 20,4%. Вытворчасць валавой прадукцыі на аднаго працуючага склала 68,5 тысячы рублёў.

 

 

Трэба сказаць, тут па-гаспадарску распарадзіліся ўласнымі сродкамі. Летась валавая вытворчасць зерневых культур склала ў амбарнай вазе 16903 тоны пры ўраджайнасці 46,3 ц/га. Гэта дазволіла забяспечыць жывёлагадоўлю ўласным зернефуражом. Была атрымана рэкордная для ААТ “Дэмбрава” ураджайнасць цукровых буракоў – 857 ц/га, валавы збор якіх склаў 15852 тоны. Валавая вытворчасць малака ўзрасла на 1945 тон, удой на адну карову склаў 7151 кг (+562 кг). Надзвычай важна, што 81,4% малака прадаецца сортам “экстра”.

 

 

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічвае 12180 галоў, у тым ліку 2858 кароў. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе БРЖ па прадпрыемстве склала 806 г,
выручка ад рэалізацыі мяса БРЖ - 7,8 мільёна рублёў. Жывёлагадоўчы комплекс “Стараўшчына”, дзе сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 938 г, займае 9 месца ў краіне сярод комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы. Па выніках раённых і абласных спаборніцтваў па нарыхтоўцы травяністых кармоў у 2019 годзе ААТ “Дэмбрава” заняло трэцяе месца ў вобласці і першае ў раёне.

 

У гаспадарцы працуе некалькі ўласных будаўнічых брыгад. У мінулым годзе завершана рэканструкцыя фермы “Рыча”, пабудаваны дом у Ляшчанцы, 3 сіласна-сянажныя траншэі, праведзены рамонт сталовай і канферэнц-залы на комплексе “Стараўшчына”. У планах будаўніцтва 4-кватэрнага дома ў Дэмбраве, завяршэнне рамонту адміністрацыйнага будынка, набыццё абсталявання на зернесушыльны комплекс “Стараўшчына”.

 

 

Тут адны з самых высокіх тэмпаў абнаўлення машынна-трактарнага парку: на набыццё тэхнікі было выдзелена 2,7 млн. рублёў. Размова ішла і аб нявыкарыстаным пакуль патэнцыяле гаспадаркі. Зразумела, ёсць яшчэ шырокае поле для механізацыі асобных працэсаў, мадэрнізацыі і ўкаранення сучасных тэхналогій.

 

Не маглі абмінуць працаўнікі ААТ “Дэмбрава” і такую актуальную тэму як эканомія і беражлівасць. “Нам дзеля эфектыўнасці вытворчасці трэба берагчы кожны кілаграм угнаенняў і насення, рацыянальна распараджацца будаўнічымі матэрыяламі, кожным літрам ГЗМ. Гэтым мы знізім затраты на вытворчасць, атрымаем большыя прыбыткі, а значыць, павысім уласны дабрабыт. Менавіта ад укладу кожнага залежыць як напоўненасць агульнай скарбонкі, так і ваш асабісты дабрабыт, вашы даходы”, – перакананы Аляксандр Віктаравіч.

 

 

Дарэчы, сярэдняя зарплата за мінулы год у сельгаспрадпрыемстве павялічылася на 19,3% і склала 929 руб. Зразумела, што гэта не мяжа, а толькі старт для новай планкі дабрабыту на год бягучы. Увогуле “Дэмбрава” можна смела назваць наватарам сельскагаспадарчай вытворчасці. Калектыў не супакойваецца на дасягнутым, а думае, як дабіцца не проста высокіх паказчыкаў, а па-сапраўднаму эфектыўнай вытворчасці. Нельга спыняцца на дасягнутым. Трэба імкліва крочыць наперад…

 

У гэты дзень былі названы дзясяткі прозвішчаў перадавікоў вытворчасці – людзей, якія добрасумленна выконваюць свае працоўныя абавязкі, мацуюць эканамічны падмурак роднай гаспадаркі. А самадзейныя артысты падрыхтавалі аграрыям цудоўны канцэрт.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!