Шчучынскія механізатары, якія вызначыліся добрасумленнай працай на сяўбе, атрымалі заслужаныя ўзнагароды
Першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрыхам Юрэвічам наведалі гаспадаркі Шчучыншчыны, каб уручыць Пісьмы-падзякі перадавым сейбітам, якія з надыходам вясны вызначыліся добрасумленнай працай на закладцы новага ўраджаю.
Механізатара ААТ “Шчучынаграпрадукт” Генадзія Лукашэвіча заслужаная ўзнагарода знайшла прама ў полі ля вёскі Дамуцеўцы, дзе ён займаўся падрыхтоўкай глебы пад сеў траў.
– З пачатку сезона я засеяў яравымі зерневымі і зернебабовымі культурамі больш за 1000 гектараў, – з гонарам зазначае Генадзій Вальдэмаравіч. – Цяпер займаюся падрыхтоўкай палеткаў, якія адведзены пад травы: прадстаіць прывесці ў належны стан каля 200 гектараў. Працую на энерганасычаным трактары МТЗ-3522 с прычапным многафункцыянальным глебаапрацоўчым агрэгатам, які адначасова разрыхляе, выраўнівае і прыкатвае васьмімятровую палоску зямлі. За дзень падрыхтоўваю 40-45 гектараў зямлі, а пасля туды прыязджае сеялка. Надвор’е спрыяе рабоце: забалочаныя ўчасткі, дзе раней не магла працаваць тэхніка, ужо падсохлі, таму працэс ідзе поўным ходам.
Работа ў полі працягваецца амаль увесь светавы дзень. Тут жа механізатары і сілкуюцца: гаспадарка забяспечвае іх гарачымі абедамі, якія дастаўляюць спецыяльным транспартам.
– Рыхтаваць глебу да севу траў мне дапамагае мой сын Эдвард, – дзеліцца Генадзій Лукашэвіч. – Упершыню я ўзяў яго з сабой у кабіну трактара, калі яму было ўсяго шэсць гадоў. З той пары ён сам пачаў прасіцца ўзяць яго з сабой на працу і палюбіў тэхніку. Як вынік – пайшоў па маіх сцежках: зараз асвойвае прафесію аўтамеханіка ў Лідскім дзяржаўным сельскагаспадарчым каледжы. Треці год запар праходзіць практыку ў ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Пасля атрымання дыплому плануе ўладкавацца на працу ў родную гаспадарку. Значыць, расце дастойная змена!
Ігар Аверка падзякаваў Генадзію Лукашэвічу за дастойнае выхаванне сына і пажадаў поспехаў у працы.
У той дзень заслужаныя ўзнагароды за высокія вытворчыя паказчыкі на сяўбе таксама атрымалі перадавыя механізатары Іван Дзятчык (ААТ “Орля”), Іван Канюк (філіял “Жалудоцкі агракомплекс”), Яўгеній Васілька (ААТ “Васілішкі”) і Яўгеній Юрага (ААТ “Дэмбрава”).
– Вось на такіх волатах і трымаецца наша сельская гаспадарка! – падкрэсліў прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Генрых Юрэвіч. – Вялікі дзякуй за тое, что адказна ставіцеся да сваіх прафесійных абавязкаў і добрасумленна працуеце на блага роднай зямлі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.