Дваццаць восьмая пасяўная. Васілішкаўскія аграрыі на гэтым тыдні сеюць яравую пшаніцу

Вясенняя сяўба з кожным днём набліжаецца да завяршэння. Актыўна вядуцца палявыя работы і ў ААТ “Васілішкі”. Сяўба тут ідзе ў штатным рэжыме – за дзень атрымліваецца засяваць да 160 гектараў. Акрамя таго, у гаспадарцы праводзіцца закрыццё вільгаці, падкормка азімых і ўнясенне арганікі. Правядзенне ўсіх сельскагаспадарчых работ у аптымальны тэрмін і выкананне ўсіх тэхналагічных патрабаванняў – ключ да высокага ўраджаю, упэўнены спецыялісты ААТ “Васілішкі”.
На гэтым тыдні васілішкаўскія аграрыі сеялі пшаніцу каля вёскі Зыбалы. На полі шчыраваў дасведчаны механізатар Уладзімір Паўлюкевіч, для якога гэта ўжо дваццаць восьмая пасяўная кампанія. Рука ўжо набіта, так бы мовіць. Тым больш што з развіццём тэхналогій працаваць у полі стала значна лягчэй.
– Усё жыццё сею, – расказвае Уладзімір Паўлюкевіч. – Увесь год задзейнічаны менавіта на сяўбе – ад азімых да яравых і траў. Адчуваю вялікую адказнасць, бо ад маёй працы залежыць якасць будучага ўраджаю. Таму стараюся апраўдаць давер. Працаваць дапамагае добрая тэхніка. Сёлета перасеў на энерганасычаны трактар John Deere 8930. Гэта выдатная машына ў пары з сеялкай “OMEGA” надзвычай эфектыўная і здольная выканаць любую пастаўленую задачу. За дзень атрымліваецца засяваць да 60 гектараў. Працую з камфортам, гаспадарка забяспечвае ўсім неабходным, ды і кормяць у полі смачна.
Сам Уладзімір Паўлюкевіч з Наваполацка, а з-пад Васілішак паходзіць ягоная маці. У дзяцінстве будучы механізатар часта наведваўся сюды да бабулі з дзядулем. Яшчэ тады ён упадабаў гэтае месца і таму вырашыў звязаць з ім сваё жыццё. Як прызнаецца Уладзімір, гэта было правільнае рашэнне, на Шчучыншчыне ён знайшоў не толькі працу, але і любімую жанчыну. Са сваёй жонкай Інай, якая працуе ў ААТ “Васілішкі” галоўным насенняводам, Уладзімір пазнаёміўся ў полі акурат падчас сяўбы, з часам знаёмства перарасло ў каханне. І па сёння сямейная пара разам бярэ ўдзел у сяўбе.
Як адзначае галоўны аграном ААТ “Васілішкі” Дзяніс Комар, сяўба ў гаспадарцы праходзіць у адпаведнасці з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі. Сёлета мясцовыя аграрыі маюцца пасеяць 1800 гектараў ранніх яравых культур. З іх 780 гектараў яравога ячменю, 800 гектараў гароху, 200 гектараў яравой пшаніцы, таксама 20 гектараў адведзена пад трыцікале.
Насенне для сяўбы рыхтуецца на складах “Прымакі”, “Кронькі” і “Касцянева”.
– Азімыя добра перазімавалі, – расказвае Дзяніс Комар. – Яшчэ з восені было закладзена 1500 гектараў рапсу, пад азімыя збожжавыя мы адвялі 4900 гектараў. Хоць надвор’е і ўносіць свае карэктывы, але завяршыць сяўбу плануем у аптымальныя тэрміны. Вядома, маразамі не сеем, але як толькі сонейка прыгрэе, то мы ўжо і на полі. Думаю, што на наступным тыдні мы фінішуем.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.