Партнёрства, выгаднае абодвум бакам. 2 красавіка – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі

Беларусь і Расію аб’ядноўваюць даўнія эканамічныя сувязі. Многія беларускія прадпрыемствы цесна супрацоўнічаюць з расійскімі партнёрамі, і Шчучынскі масласырзавод яскравае таму пацвярджэнне: 74% усёй выпушчанай тут малочнай прадукцыі экспартуецца ў краіну-суседку.

– Летась мы адправілі ў Расію амаль 11 тысяч тон прадукцыі, – зазначае намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Сяргей Мікалаевіч Квартальны. – Асноўныя экспартныя напрамкі – гэта Масква і Санкт-Пецярбург. Адтуль прадукцыя развозіцца па ўсёй краіне, таму нашы сыры і сметанковае масла можна ўбачыць на паліцах магазінаў Іванаўскай, Архангельскай, Цюменскай, Сахалінскай і іншых абласцей Расіі, а таксама ў Рэспубліках Карэлія і Адыгея. 
Сакрэт папулярнасці шчучынскай прадукцыі ў яе натуральнасці і выдатных смакавых якасцях. Гэта адзначаюць усе, хто хоць раз каштаваў нашы сыры і сметанковае масла. 
– Найбольшай папулярнасцю ў расійскіх спажыўцоў карыстаюцца сыры сартоў “Чорны Рыцар” і “Каралева Марго”, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Каб яшчэ больш зацікавіць пакупнікоў, мы пастаянна пашыраем асартымент. У мінулым годзе асвоілі выпуск сыроў элітных сартоў “ПармеГрана”, “Рочэстэр”, “Масдам Classic”, “Князь Вітаўт”, “Друцкі-Любецкі”, “Баварскі з пажытнікам” і “Чорны Манарх”. 


Навінкі Шчучынскага масласырзавода многім прыйшліся даспадобы, аб чым сведчаць шматлікія міжнародныя выставы.
– У Расіі наша прадукцыя ўжо даўно з’яўляецца сінонімам слова “якасць”, – падкрэслівае С.М. Квартальны. – Усё гэта дзякуючы нашым спецыялістам, якія строга сочаць за выкананнем усіх тэхналогій, а таксама ветэрынарных і санітарных нормаў. 
Увесь экспартуемы Шчучынскім масласырзаводам тавар правяраецца ў спецыяльных акрэдытаваных лабараторыях на адпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту мытнага саюза. Да ўсяго, на прадпрыемстве паспяхова сертыфікавалі дзве нацыянальныя сістэмы кіравання і атрымалі сертыфікаты на права маркіроўкі прадукцыі знакамі “Халяль” і “Кашэр”.
Умацоўваннем партнёрскіх сувязей, рэкламай і прасоўваннем прадукцыі Шчучынскага масласырзавода на міжнародных рынках займаецца аддзел знешнеэканамічнай дзейнасці, які ўзначальвае М.М. Гецман.
– Мы актыўна выкарыстоўваем у гэтых мэтах інтэрнэт, – дзеліцца Міхаіл Мікалаевіч. – Летась адкрылі першую ў Беларусі онлайн-краму па электронным адрасе www.belprotein.com, дзе прадаём наш сыроватачна-бялковы канцэнтрат, які расфасаваны ў мяшкі і вёдры. Расплаціцца за паслугі можна пластыкавай карткай, не выходзячы з дома, што паспяхова робяць нашы кліенты з Расіі, Украіны і іншых краін былога СНД.


Дарэчы, у мінулым годзе прадукцыя Шчучынскага масласырзавода экспартавалася на рынкі 18 краін, у тым ліку Казахстана, Азербайджана, Кыргызстана, Малдовы, Турцыі, Японіі і каралеўства Бахрэйн. І ўсё ж расійскі вектар быў і застаецца асноўным у гандлёвай палітыцы прадпрыемства. Яно і зразумела: супрацоўніцтва з партнёрамі з Расіі праверана часам і пабудавана з улікам тэндэнцый сучаснага рынку, таму прыносіць важкі эканамічны эфект.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!