У полі на жніве – працоўны тандэм сям'і Матукевічаў з ААТ “АграГЖС”
Механізатар ААТ “АграГЖС” Леанід Станіслававіч Матукевіч больш за сорак гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, таму для яго сёлетняе жніво далёка не першае, аднак вельмі значнае: яго сын Дзмітрый упершыню сеў за штурвал зернеўборачнага камбайна і дапамагае бацьку ўбіраць хлеб.
– Мы прачынаемся яшчэ на досвітку, каб ужо ў сем гадзін раніцы быць на мехдвары і падрыхтаваць тэхніку да выхаду ў поле, – зазначае Леанід Станіслававіч. – Я абмалочваю зерне на айчынным “Палессі”, а сыну перадаў “Мегу”, на якой адпрацаваў амаль дваццаць гадоў. Нягледзячы на свой узрост, камбайн у выдатным стане. Ды і як іначай, калі глядзеў за ім, як за ўласным аўтамабілем?
Увогуле праз умелыя рукі Л.С. Матукевіча прайшло нямала тэхнікі: кіраваў Т-40, Т-150, МТЗ-82, камбайнамі “Дон”, “Ніва” і “Ліда-1500”. Аднак нязменнымі былі прафесіяналізм і адказнасць, з якімі механізатар браўся за любую справу, таму заўсёды дабіваўся поспеху.
– Раней умовы працы былі зусім іншымі, – дзеліцца Леанід Станіслававіч. – Камбайны не камплектаваліся кандыцыянерамі, таму ў кабінах падчас жніва станавілася па-сапраўднаму горача. Ды і сама тэхніка па магутнасці значна саступала сучаснай: на “Доне” за дзень я намалочваў у сярэднім 20 тон зерня, а сёння на “Палессі” пры добрай ураджайнасці можна “ўсыпаць” да 100 тон зерня. Цяпер за многімі вытворчымі працэсамі сочыць бартавы камп’ютар: кантралюе абароты матавіла, хуткасць руху, запаўненне бункера і інш. Ён жа інфармуе аб той ці іншай паломцы, прычым указвае канкрэтны вузел, які выйшаў са строю. А раней прыходзілася ўсё шукаць уручную. Аднак як бы складана не было, я ніколі не задумваўся аб змене прафесіі.
Захапленне тэхнікай перадалося і сыну Леаніда Станіслававіча Дзмітрыю. І хоць пасля заканчэння школы юнак паспяхова асвоіў прафесію будаўніка, атрымаўшы дыплом, адразу вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся трактарыстам у родную гаспадарку.
– Нядаўна здаў на неабходную катэгорыю і перасеў на камбайн “Мега”, – гаворыць Дзмітрый Матукевіч. – Сёлетняе жніво – для мяне першае. Бацька дапамог асвоіць тэхніку, патлумачыў усе тонкасці вытворчага працэсу. Дзякуючы яго падтрымцы і карысным парадам я ўжо намалаціў звыш 400 тон зерня. Вельмі ганаруся сваімі першымі дасягненнямі на хлебнай ніве!
Дзмітрый прызнаўся, што пераязджаць у горад не збіраецца. Разам з жонкай, якая таксама працуе ў ААТ “АграГЖС”, яны вырашылі асесці на сяле. І ніякія цяжкасці іх не пужаюць!
– Хто добрасумленна працуе, той і дастойна зарабляе, – перакананы малады камбайнер. – На жаль, падчас жніва ў мяне няма выхадных, і з каханай я бачуся толькі ўвечары. Аднак яна не крыўдзіцца, разумее, што хлеб лёгкім не бывае.
Напэўна, мы б яшчэ доўга гутарылі з Дзмітрыем і яго бацькам Леанідам Станіслававічам. Аднак на жніве кожная пагодлівая хвіліна на вагу золата, таму механізатары хутка развіталіся і занялі месцы за штурваламі сваіх камбайнаў. Яшчэ імгненне, і тэхніка “акунулася” ў залатое мора спелых каласоў. Значыць, будзем з хлебам!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.