У СВУ “Пратасаўшчына” свае рэцэпты камбікорму

З уводам у эксплуатацыю рэканструяванай фермы па адкорме буйной рагатай жывёлы “Грамавічы” статак БРЖ у СВУ “Пратасаўшчына” дасягнуў 5000 галоў і працягвае павялічвацца. Нягледзячы на значна ўзросшыя патрэбы гаспадаркі ў кармах, каровы і бычкі тут цалкам забяспечаны якасным камбікормам, які мясцовыя жывёлаводы выпускаюць на прадбачліва пабудаваным летась камбікормавым заводзе. 

 

– Раней мы карысталіся паслугамі спецыялізаваных кампаній: выклікалі да сябе спецыяльную машыну, якая на месцы здрабняла кампаненты і выпускала камбікорм, – гаворыць галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Андрэй Віктаравіч Клімовіч. – Аднак нашы эканамісты падлічылі, што ўласны камбікормавы завод дазволіць значна паменшыць сабекошт камбікорму і павысіць яго якасць. Таму было прынята рашэнне аб будаўніцтве гэтага важнага для далейшага эканамічнага развіцця гаспадаркі аб’екта, і ў чэрвені мінулага года ён быў здадзены ў эксплуатацыю.

 

Між іншым, камбікормавы завод СВУ “Пратасаўшчына” не мае аналагаў у нашым раёне. Тут усталявана сучаснае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць у гадзіну 5 тон камбікорму, за працоўную змену – да 40 тон. Паколькі абсалютная большасць вытворчых працэсаў аўтаматызавана, для кіравання гэтай “махінай” дастаткова аднаго чалавека. 

 

– Спецыялісты заатэхнічнай службы распрацоўваюць для кожнай групы жывёлы свой рэцэпт камбікорму, – зазначае загадчык цэнтральнага зернясклада Іосіф Эдуардавіч Кралько. – Затым перадаюць нам даныя, і мы заносім іх у камп’ютар. Спецыяльная праграма пільна сочыць за тым, каб усе кампаненты змешваліся строга ў заданых прапорцыях.

 

На лініі ўсталяваны 6 бункераў: 4 – для зерня, а астатнія для рапсавага і соевага шроту. Адтуль кампаненты аўтаматычна падаюцца ў той колькасці, якая ўнесена ў камп’ютар. Калі адзін з бункераў пусцее – датчык падае адпаведны сігнал на дысплей, і ўвесь вытворчы працэс аўтаматычна спыняецца. Усе гэтыя меры дазваляюць атрымліваць камбікорм вельмі высокай якасці. 

 

 

– Аднак, якой бы дасканалай ні была тэхніка, без умелага спецыяліста тут не абысціся, – перакананы Іосіф Эдуардавіч Кралько. – Розныя прэміксы, соль, мел і кармавыя дрожджы мы ўручную дабаўляем у камбікорм праз маленькія дазатары. І тут трэба быць вельмі адказным і ўважлівым, каб правільна вытрымаць дазіроўку. Усё гэта ўплывае на здароўе жывёлы, а значыць, адбіваецца на надоях малака і сярэднясутачнай прывазе быкоў.

 

Гатовы камбікорм мясцовыя жывёлаводы захоўваюць у трох бункерах агульным аб’ёмам 60 тон. Аднак больш за два дні ён там не ляжыць: гаспадарцы патрабуецца 20 тон камбікорму ў суткі, каб накарміць пагалоўе БРЖ. За месяц каровы з бычкамі спажываюць каля 600 тон камбікорму.

 

– Сярэднясутачны надой малака ў гаспадарцы складае 25 літраў, а бычкі на рэканструяванай ферме “Грамавічы” штодзень прыбаўляюць у вазе на 1000 грамаў, – падкрэслівае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – І мы не збіраемся спыняцца на дасягнутым! Сёлета плануем пачаць рэканструкцыю фермы “Залесна”. А пакуль заканчваем будаўніцтва зернясклада змяшчальнасцю звыш тысячы тон зерня і збіраем новую зернесушылку. А яшчэ, актыўна працуем над тым, каб нашу гаспадарку прызналі племпрадпрыемствам. Але аб гэтым – у другі раз.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!