Памятны турнір сабраў футбалістаў. У Шчучыне ў 26-ы раз прайшоў адкрыты турнір па футболе памяці Генадзія Шуміка
Мінулымі выхаднымі на гарадскім стадыёне “Алімп” адбыўся традыцыйны адкрыты раённы турнір па футболе памяці былога намесніка дырэктара ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” Генадзія Шуміка.
Ужо ў 26-ы раз спартсмены са Шчучыншчыны і суседніх раёнаў збіраюцца на футбольным полі, каб ушанаваць памяць чалавека, які ўсёй душой падтрымліваў і развіваў футбол у нашым рэгіёне. Менавіта пры актыўным удзеле Генадзія Шуміка шчучынская каманда “Аўтапровад” стала чэмпіёнам вобласці ў 1992 годзе і на працягу сямі гадоў выступала ў чэмпіянаце рэспублікі сярод каманд трэцяй лігі. Жыццё Генадзія Аляксандравіча трагічна перарвалася ў 1998 годзе ў аўтакатастрофе, але памяць і спартыўныя традыцыі, закладзеныя ім, жывуць і сёння.
Сёлетні турнір памяці сабраў чатыры каманды. Акрамя гаспадароў – шчучынскай зборнай, на спаборніцтвы завіталі госці з суседніх раёнаў. Сярод іх былі “Масты”, ФСК “Гродзенскі” са Скідзеля і МФК “Байцоў” з Ваўкавыска.
У першым матчы турніру сустрэліся гаспадары і каманда з Ваўкавыска. Матч не прынёс складанасцяў шчучынскім футбалістам, якія з лікам 6:0 перайгралі сапернікаў з МФК “Байцоў”. У другім паўфінальным матчы мастаўчане перамаглі ФСК “Гродзенскі” з лікам 6:2.
Гульня за бронзу падарыла гледачам напружаную барацьбу. ФСК “Гродзенскі” і МФК “Байцоў” забілі на дваіх 11 мячоў, а гульня завяршыліся з лікам 6:5 на карысць прадстаўнікоў Гродзенскага раёна.
Фінальны матч таксама парадаваў інтрыгай і хуткім тэмпам. Лёс трафея шчучынцы і мастаўчане вырашалі ў канцоўцы сустрэчы, якую больш упэўнена правялі госці і перамаглі з лікам 3:1.
Прызавыя месцы турніру размеркаваліся наступным чынам. Бронзу спаборніцтваў мелі футбалісты з ФСК “Гродзенскі”, срэбра – гаспадары турніру – “Шчучын”, а перамаглі ў гэтым годзе суседзі з “Мастоў”. Віншуем прызёраў і пераможцаў!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.