Іх працай можна ганарыцца. Будаўнікі МПМК-167 падарылі гораду і раёну шэраг выдатных аб'ектаў
Надзвычай плённым быў 2019 год для працаўнікоў ДБУП “Шчучынская МПМК -167”. Узведзеныя для раёна аб’екты выклікаюць сапраўдны гонар.
– Мы дастойна справіліся з такім маштабным праектам, як рэканструкцыя фермы “Грамавічы” СВУ “Пратасаўшчына”, узвялі прыбудову да адміністрацыйнага корпуса Шчучынскага РЭС, зрабілі капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі будынка дзіцячай школы мастацтваў, завяршылі першы пускавы комплекс рэканструкцыі ветэрынарнай лабараторыі, на цэлы месяц раней падарылі шчучынцам радасць наваселляў у пабудаваным 60-кватэрным доме па вуліцы Заводскай, там жа правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол новага супермаркета “Санта”. Літаральна за чатыры месяцы ўзвялі будынак для буйной рагатай жывёлы на 200 галоў на племпрадпрыемстве ў Гірдзеўцы, – пералічвае фронт работ дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Смірноў, які прысвяціў роднай МПМК-167 амаль чвэрць стагоддзя, пачынаючы з прараба.
Дарэчы, будаўнікоў гэтай арганізацыі вызначаюць майстэрства і валоданне сучаснымі тэхналогіямі, высокая прадукцыйнасць працы, уменне трымаць слова. Усе аб’екты былі здадзены своечасова, а некаторыя нават датэрмінова – і заўжды пры высокай якасці! Усяго за мінулы год па генпадрадзе “эмпээмкоўцы” выканалі работ на суму 18 мільёнаў 144 тысячы рублёў, з іх уласнымі сіламі – на 16 мільёнаў 287 тысяч. Рэнтабельнасць склала 14,23 працэнты.
– Летась істотна аднавілася тэхнічная база нашага МПМК-167, – уступае ў размову галоўны інжынер Юрый Станіслававіч Краеўскі. – Транспартны парк папоўніўся 22-тоннымі КАМазаўскімі самазваламі, міксерамі-бетонавозамі, 25-тонным аўтакранам “Клінцы”, іншай магутнай тэхнікай. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 799 тысяч рублёў.
Гэта тэндэнцыя мае свой працяг: ужо сёлета шчучынскія будаўнікі набылі два 20-тонныя самазвалы МАЗ, на падыходзе пастаўка пары франтальных пагрузчыкаў “Амкадор” і двух пасажырскіх мікрааўтобусаў “Газель”. Дзякуючы тэхнічнаму пераўзбраенню і прафесійнаму ўзроўню кадраў паслугі МПМК-167 заўжды запатрабаваны. Арганізацыя выйграла тэндарны конкурс на ўзвядзенне двух 8-кватэрных жылых дамоў у Абухава СВК імя Сянько, а ў аграгарадку Васілішкі ўжо прыступіла да будаўніцтва аналагічнага дома. Шчучынскіх спецыялістаў можна ўбачыць за работай у мікрараёне Фолюш у Гродне, дзе яны абуладкоўваюць гаспадарчыя пабудовы дзяржуніверсітэта імя Я. Купалы.
У планах бягучага года – здаць у эксплуатацыю лінейны ўчастак РЭС у г.п. Астрына, як і завяршыць распачатую ў мінулым верасні рэканструкцыю сучаснай фермы “Залесна” СВУ “Пратасаўшчына”. На гэтым маштабным аб’екце, дзе мы пабывалі на гэтым тыдні, асабліва яскрава адчуваецца пульс вялікай будоўлі. Кіпяць мантажныя работы, віртуозна ідзе кладка сцен. Калі на адных будынках крыецца дах, то на другіх ужо вядуцца тынковачныя, малярныя, абліцовачныя работы. Кожны займаецца сваёй справай, дакладна выконвае пастаўленыя задачы.
Менавіта высокі ўзровень арганізацыі працы, вытворчая дысцыпліна, добрасумленныя адносіны да даручанай справы і ёсць складальнікі поспеху калектыву МПМК-167.
– Хочацца адзначыць дзелавыя і прафесійныя якасці галоўнага інжынера Ю.С. Краеўскага, начальніка участка Д.В. Старасціна, прарабаў В.Л. Чарняўкі і А.А. Шкоды, майстроў Д.С. Бабылёва і А.С. Мурзака, брыгадзіраў А.М. Лагуна, Л.С. Чарняўкі і многіх іншых сапраўдных прафесіяналаў. Добра працуюць транспартны ўчастак на чале з С.М. Мінько, дыспетчарская служба, адміністрацыя, – падкрэслівае А.А. Смірноў. – Будоўля – гэта вялікая каманда, дзе ад кожнага залежыць вынік і агульны поспех.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.