Дзе ў Шчучыне самы вялікі магазін будаўнічых тавараў? На вуліцы 17 Верасня! І гэта – “Строймаркет”

 

Менавіта на вуліцы 17 Верасня знаходзіцца самы вялікі ў нашым райцэнтры магазін будаўнічых тавараў – “Строймаркет”. Яго плошча складае 750 квадратных метраў!

 

У светлых і прасторных аддзелах ёсць літаральна ўсё, што неабходна пры ўзвядзенні дома ці вытворчага аб’екта, рэканструкцыі будынка, дробным ці наадварот – маштабным рамонце кватэры і яе абсталяванні сучасным сантэхнічным або электрычным “начыннем”. “Строймаркет” даўно палюбіўся шчучынцам і жыхарам рэгіёна за шырокі асартымент тавараў, якаснае абслугоўванне, нефармальны падыход да патрэб людзей.
Тут нямала пастаянных пакупнікоў, а аб рабоце персаналу – толькі ўхвальныя водгукі.

 

 

– Усе магазіны аб’ехала, а знайшла тое, што патрэбна, менавіта тут, – кажа Ірына Клімашэўская з Буйвічаў. – Вось дзяўчаты-прадаўцы паабяцалі сёння ж арганізаваць і дастаўку купленага металапрофілю. Мне ж важна, каб усё было хутка і дакладна, калі я загарэлася нейкай ідэяй. За высокі ўзровень сэрвісу цаню гэты магазін!

 

Ідэі сваіх наведвальнікаў тут падтрымліваюць і гатовы дапамагчы – словам, справай, кампетэнтнай парадай. Заснавальнікам і дырэктарам гандлёвага аб’екта з’яўляецца прыемная і надзвычай добразычлівая жанчына – Іна Станіславаўна Дубіневіч. Сямейную справу яны з мужам калісь распачыналі са сціплай крамы “Вітраж”, што на цэнтральным рынку. Было гэта больш за 20 год назад. На вялікі жаль, у цяжкі для ўсіх кавідны 2020 год Васілія Юзэфавіча не стала. Гэта вялікая страта для ўсёй каманды ТДА “ДиКСиТорг”. Але жыццё мусіць працягвацца, дый варта памятаць, што ў сумленнага бізнесмена заўжды існуе сацыяльная адказнасць перад людзьмі, з якімі працуе. Сёння Іна Станіславаўна працягвае распачатую мужам сямейную справу, многае робіць, каб іх кампанія не стаяла на месцы, а развівалася. Само сабой, прадпрыемства добрасумленна пералічвае падаткі, чым уносіць уклад у бюджэтную скарбонку раёна.

 

 

Немалаважна, што дзякуючы ТДА “ДиКСиТорг” былі створаны 24 рабочыя месцы. Свой калектыў Іна Дубіневіч лічыць самым лепшым.

 

– Гэта каманда прафесіяналаў, якія дасканала ведаюць сваю справу, і да ўсяго – вельмі чулых, душэўных людзей. Мы – як адна сям’я, – падкрэслівае жанчына. – Да сваіх пакупнікоў адносімся з такім жа разуменнем і жаданнем дапамагчы кожнаму чалавеку. Шчыра радуе, калі чуем словы ўдзячнасці і высокую адзнаку нашай працы.

 

 

На сцяне ў кабінеце дырэктара мноства ганаровых грамат і сертыфікатаў. У гэтай кампаніі высокі аўтарытэт сярод партнёраў і пастаўшчыкоў, якіх па ўсёй Беларусі налічваецца больш чым паўсотні. Персанальна ўзнагароджваліся за добрасумленную працу і асобныя работнікі прадпрыемства.

 

Цікавы факт з біяграфіі заснавальнікаў: пэўны час Дубіневічы жылі ў Маскве. Іна, залатая медалістка Ражанкаўскай СШ, вучылася ў знакамітай “бауманцы” – у Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя М.Э. Баумана на факультэце інфармацыйных тэхналогій. Муж, былы марак, працаваў. Але сям’я неўзабаве вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну, каб развіваць малую радзіму. Тут з чыстага ліста і распачалі сваю справу. У 2015 годзе купілі пустуючыя на той час вытворчыя плошчы былога хлебазавада па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне, паступова рэканструявалі і ўводзілі ў эксплуатацыю памяшканні.

 

 

Сёння Іна Станіславаўна дастойна працягвае справу мужа-бізнесмена, а іх сын – “марскую старонку” сваіх бацькі і дзеда, якія адважна хадзілі па марах ды акіянах. Калі мы гутарылі, Кірал тэлефанаваў маме з Новага Арлеана і, не паверыце, перадаваў прывітанне Шчучыну і шчучынцам.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!