Маладым спецыялістам – камфортнае жыллё
Будаўнікі РУП ЖКГ узяліся за рамонт будынка былога інтэрната для дзетак, які кампактна размясціўся ля другой гарадской школы ў Шчучыне. Ён будзе пераабсталяваны пад 12-кватэрны жылы дом для маладых спецыялістаў, якія прыедуць працаваць у наш раён.
– Гэты будынак доўгі час пуставаў і цалкам прыйшоў у заняпад: дах працякаў, падлогі прагнілі, усюды была сырасць, – канстатуе майстар РУП ЖКГ Дзяніс Аляксандравіч Кавальчук. – Мы цалкам адновім тут усе камунікацыі: электразабеспячэнне, водаправод, каналізацыю і цеплатрасу. Ужо замянілі ўсе вокны, уцяплілі, патынкавалі і пафарбавалі фасад. Паралельна прыводзім у парадак унутраныя памяшканні, кладзём на падлогу лінолеум і плітку, а хутка прыступім да ўстаноўкі міжпакаёвых дзвярэй. Палову кватэр згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй ператворым у студыі, у той час як у астатніх “аднапакаёўках” кухні будуць асобнымі.
Прылеглую да дома тэрыторыю камунальнікі таксама добраўпарадкуюць: зробяць адмостку, пакладуць тратуарныя дарожкі. На рэалізацыю дадзенага праекта накіравана амаль 837 тысяч рублёў, з якіх прыкладна 30% ужо асвоена. Здаць аб’ект пад ключ плануецца ўжо ў чэрвені бягучага года.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.