“Алімп” набывае сучасны выгляд

Маштабная рэканструкцыя гарадскога стадыёна “Алімп” набліжаецца да завяршэння. Штодзень тут працуюць каля 50 работнікаў будаўніча-мантажнага трэста №19 з Ліды, якія прыдаюць спартыўнаму аб’екту сучасны выгляд.

 

– Мы сабралі воданепранікальны казырок, які надзейна абароніць балельшчыкаў ад непагадзі, – гаворыць брыгадзір БМТ №19 Уладзімір Мікалаевіч Тарас. – Цяпер устанаўліваем сядзенні айчыннай вытворчасці, якіх, згодна з распрацаваным праектам, тут будзе 3500. Прылеглую тэрыторыю амаль добраўпарадкавалі: усюды паклалі тратуарную плітку, падпорныя сценкі дэкарыравалі бесерам – “рваным каменнем”. Хутка прывядзём у парадак цэнтральны ўваход, патынкуем і пафарбуем фасад.

 

Значна змяніўся спартыўны аб’ект і ўнутры. Лідскія будаўнікі цалкам замянілі тут ацяпленне, водаправод і каналізацыю, па новай правялі электрыку і зрабілі вентыляцыю. Цяпер яны фарбуюць сцены, манціруюць падвясныя столі тыпу “Армстронг”, кладуць на падлогу лінолеум і плітку, устанаўліваюць міжпакаёвыя дзверы. Хутка трэнерскія, раздзявалкі, душавыя і санвузлы будуць адпавядаць усім сучасным стандартам.

 

Нагадаем, маштабная рэканструкцыя гарадскога стадыёна “Алімп” праводзіцца ў рамках рэалізацыі еўрапейскага праекта “Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур Польшчы, Беларусі і Украіны”.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!