Дотык да мінуўшчыны. У патрыятычным выхаванні моладзі дапамагае школьны музей “Родная старонка”
Пераканана, што навадворскім школьнікам проста пашанцавала з настаўніцай гісторыі Марыяй Яўгенаўнай Будзько. Сумесная пошукавая і даследчыцкая работа, шэфства над помнікамі і абеліскамі, мерапрыемствы ў школьным краязнаўчым музеі “Родная старонка” – усё гэта нефармальна, з цікавінкай ды жывінкай!
Напрыклад, на абласную краязнаўчую навукова-практычную канферэнцыю “Купалаўская вышыня” вучаніца 11 класа Насця Лебядзевіч пад кіраўніцтвам Марыі Яўгенаўны даслала надзвычай цікавую работу “Гісторыя аднаго ордэна”. У гэтай карпатлівай працы паэтапна даследавана, якім чынам у музей Навадворскай СШ трапіў ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, што належыць геройскі загінуўшаму ў баі ля Берштаў Валянціну Аляксандраву – памочніку камандзіра партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі.
– На вялікі жаль, узнагароду гэту герой атрымаў пасмяротна. Камандзір атрада Анатоль Андрэеў, які калісь неаднаразова прыязджаў на магілу свайго памочніка, выказваўся: “Валянцін літаральна перахапіў сабою кулю, што ляцела ў мяне – фактычна закрыў свайго камандзіра ад варожай кулі,” – распавядае Марыя Будзько. – У нас у музеі ёсць копія ўзнагароднага ліста, дзе таварышы па барацьбе і кіраўніцтва партызанскага атрада імя Камсамола Беларусі хадайнічаюць аб прысваенні Валянціну Валянцінавічу Аляксандраву звання Героя Савецкага Саюза. Аднак ён быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам. Вучні ведаюць пра баявы шлях і подзвіг маладога масквіча В.В. Аляксандрава, пра іншых герояў – сваіх землякоў, захоўваюць памяць пра іх.
Звяртае на сябе ўвагу экспазіцыя “Музей у чамадане”, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, дзе ганаровае месца займаюць узнагароды тых, хто абараняў родную зямлю ад фашысцкай нечысці, вярнуўся з фронту з перамогай і медалямі, і тых, хто не вярнуўся… Перасоўныя экспазіцыі і экспрэс-экскурсіі карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў навадворцаў, у жыхароў іншых аграгарадкоў ды вёсак Шчучыншчыны.
Прычым тэматыка ў кожнага з гэтых сімвалічных “чамаданаў” розная. Напрыклад, “Творцам Перамогі прысвячаецца” або “Пяро нароўні са штыком”. З вялікай цікавасцю працуюць над рэалізацыяй патрыятычных праектаў старшакласнікі Анастасія Лебядзевіч, Максім Паўлюкевіч, Віктар Кучынскі. Бяруць з іх прыклад Аляксандра Роўная, Анастасія Аброшка. Словам, у Навадворскай школе выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Як сказаў хтосьці з вялікіх: “У ланцужку памяці ваенных гадоў не павінна быць слабога звяна – забыцця.” Не будзе, пакуль ёсць у нашых школах такія настаўнікі і вучні…
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.