Мы – нашчадкі Перамогі. У Шчучыне прайшоў мітынг у гонар 79-й гадавіны Вялікай Перамогі

 

У Рэспубліцы Беларусь адзначаюць Дзень Перамогі. 79 гадоў таму, 9 мая 1945-га, была здабыта перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 дзён і начэй і падчас якой вырашаўся не толькі лёс СССР, але і будучыня сусветнай цывілізацыі. З таго памятнага мая мінулі дзесяцігоддзі, выраслі цэлыя пакаленні. Сумленне і абавязак перад загінуўшымі і перажыўшымі вайну ніколі не дазволяць нам забыць гэты гераічна-трагічны перыяд.

 

 

 

У Дзень Вялікай Перамогі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў Шчучыншчыны, ветэраны Узброеных Сіл, моладзь і госці горада прайшлі ўрачыстым маршам па цэнтры Шчучына і сабраліся ў гарадскім скверы ля помніка на брацкай магіле, каб ушанаваць памяць і аддаць даніну павагі героям, якія абаранілі наша права на свабоду, незалежнасць і мірнае неба.

 

 

Удзельнікаў мітынгу, прымеркаванага да 79-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прывітаў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

 

– Праз 79 гадоў самай кровапралітнай вайны мы сустракаем Пераможны май – свята, якое стала сімвалам нязломнай волі беларускага народа перад нечалавечымі выпрабаваннямі, увасабленнем усенароднага супраціўлення нацызму ў любых яго абліччах. Гэта дзень, які вярнуў нашаму народу права на жыццё і надзею на будучыню. Мы шануем гераізм і бясстрашнасць абаронцаў Айчыны, якія верылі ў перамогу, мужна змагаліся за Радзіму. Памяць аб подзвігу пакалення пераможцаў скрозь час выступае вялікай аб'ядноўваючай сілай, служыць жыццёвым арыенцірам для нас, хто не ведаў жахаў вайны і нягод пасляваеннага аднаўлення, – падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. Памятайце, у нашай Радзімы, акрамя нас, нікога няма. І толькі мы, беларусы, ведаем, якой павінна быць будучыня нашай Айчыны. І сёння мы як ніколі павінны задумацца аб цане Перамогі, аб подзвігу, аб міры… У гэты святы дзень жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця і новых здзяйсненняў у імя роднай Беларусі. Няхай у доме кожнага шчучынца заўсёды будуць мір, дабрабыт і згода!

 

 

Да слоў Аляксея Садоўскага далучыўся член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ад Гродзенскай вобласці Валянцін Байко і адзначыў, што Дзень Перамогі -- свята, якое для кожнага з нас з'яўляецца сімвалам вялікага гераічнага мінулага, патрыятызму, надзеі і аптымізму для будучых пакаленняў. Свята Вялікай Перамогі -- гэта боль і смутак, слёзы і радасць, гонар за мужнасць і стойкасць пераможцаў. Наш абавязак -- памятаць пра загінуўшых і праяўляць нястомны клопат пра ветэранаў, берагчы мір, з гонарам несці сцяг Вялікай Перамогі і захоўваць гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну.

 

 

Ва ўнісон гучалі словы старшыні Шчучынскага раённага савета ветэранаў Святланы Малюгінай:

 

– 9 Мая – адно з вялікіх святаў. Мы схіляемся перад подзвігам абаронцаў Айчыны і ганарымся, што сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны было нямала ўраджэнцаў Шчучынскага раёна. Нашы землякі мужна адбівалі атакі захопнікаў, пралівалі кроў на франтах, у партызанскіх атрадах. Мы заўсёды будзем шанаваць памяць пераможцаў, імкнуцца быць дастойнымі іх прадаўжальнікамі. Подзвіг беларускага народа павінен жыць у сэрцах нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў, каб такіх трагедый не адбылося ў будучым.

 

 

Цёплыя словы віншавання ад імя моладзі выказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Віталія Леляўка: “Дзяды і прадзеды завяшчалі нам захоўваць памяць и гістарычную справядлівасць, перадаваць веды падрастаючаму пакаленню. Сёння моладзь Шчучыншчыны памятае аб подзвігу савецкага народа ў гады вайны, аб тых, хто склаў галаву ў барацьбе з акупантамі, хто паклаў на алтар Вялікай Перамогі самае дарагое -- сваё жыццё. Будучыня нашай краіны ў руках кожнага з нас. Так зробім усё магчымае, каб яно было мірным і паспяховым!”

 

 

У памяць аб тых, хто змагаўся на франтах, чые жыцці абарвала варожая куля, тых, хто стаў ахвярай карных аперацый фашыстаў, быў закатаваны ў лагерах смерці... У памяць аб кожным трэцім беларусе, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, нашчадкі аб'явілі Хвіліну маўчання і ўсклалі кветкі.

 

 

Пасля мітынгу на плошчы распачаўся святочны канцэрт. Танцавалі і смяяліся дзеці, з добрым настроем сустракалі свята дарослыя. Май. Вясна. Радасць. Жыццё працягваецца...

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!