Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь віншаванні прымалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны

 

Самыя цёплыя словы віншаванняў, шчырыя пажаданні моцнага здароўя і міру, кветкі і падарункі прымалі Вера Рыгораўна Маслава і Ніна Мікалаеўна Багатчук ад намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама Таццяны Цюсінай, старшыні раённага савета ветэранаў Святланы Малюгінай, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святланы Шанчук, намесніка дырэктара па кадрах і ідэалагічнай рабоце Шчучынскага філіяла ААТ "Малочны Мір" Вольгі Кахновіч, намесніка ваеннага камісара – начальніка мабілізацыйнай групы маёра Паўла Мазуркевіча і іншых.

 

 

Вера Рыгораўна чакала гасцей на лавачцы ля пад'езду. Таццяна Уладзіславаўна пацікавілася, з якім настроем сустракае свята ветэран, якая дапамога ёй патрэбна, што хвалюе. Як звычайна, жанчына падзякавала ўладзе за клопат і увагу, за тое, што яе шануюць і падтрымліваюць. Разам з падарункамі Таццяна Цюсіна ўручыла Веры Рыгораўне салдацкія трохвугольнікі і паштоўкі – віншаванні ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі, ад губернатара Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка і старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксея Садоўскага.

 

 

Падарункі ад раённага савета ветэранаў, ад ТЦСАН і ад Шчучынскага філіяла ААТ "Малочны Мір" сталі прыемным сюрпрызам для ветэранаў. А вось з музычнымі падарункамі прыехалі да Веры Рыгораўны работнікі культуры: дружна ўсе разам спявалі госці самыя папулярныя ваенныя і не толькі песні пад акампанемент вядомага на Шчучыншчыне музыканта Генадзія Панова. Разам з іншымі  прагучала і новая песня Генадзія Аляксеевіча.

 

– Я таксама хачу павіншаваць з адным з галоўных свят нашай краіны ўсіх жыхароў Шчучыншчыны, пажадаць усім моцнага здароўя і ўсяго толькі самага добрага, – сказала на развітанне Вера Рыгораўна.

 

 

Наступны адрас – Шчучынскі сацыяльны пансіянат "Клопат", дзе пражывае Ніна Мікалаеўна Багатчук. І для яе госці знайшлі самыя цёплыя словы віншаванняў, шчырыя пажаданні моцнага здароўя, уручылі кветкі і падарункі.

 

 

– На жаль, усё менш застаецца побач з намі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей, якім мы заўсёды будзем удзячны за тое, што можам жыць у мірнай квітнеючай краіне, – гаворыць Таццяна Цюсіна. – І наш святы абавязак – акружыць іх клопатам, дапамагчы падтрымліваць здароўе, зрабіць усё магчымае, каб яны ні ў чым не мелі патрэбы.

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!