Анастасія Белка – вучаніца 11 “А” класа гімназіі г. Шчучына, правядзе два тыдні ў Бостане

 

– Наша навучальная ўстанова пастаянна прымае актыўны ўдзел у самых розных інтэрнэт-праектах, – расказвае настаўніца англійскай мовы гімназіі Вольга Пятроўна Стульгіс. – Насця – мая пятая вучаніца, якая атрымала магчымасць пабываць за мяжой. У 2011 годзе з культурнымі і нацыянальнымі асаблівасцямі ЗША падчас летніх канікулаў знаёмілася Аліна Герасімчык. У 2013 у Амерыцы пабывала Кацярына Герасімчык, а ў 2016 – Паліна Русецкая і Яўгенія Дземідовіч. А самай першай з гімназіі ў ЗША накіравалася Вольга Лігер – вучаніца Ліліі Іванаўны Досты. 

 

Вольга Пятроўна, як і іншыя педагогі гімназіі, – удзельнік міжнароднай адукацыйнай сеткі iEARN, якая пры дапамозе спецыяльных інтэрнэт-праектаў аб’ядноўвае настаўнікаў і вучняў з 15 000 школ больш чым са 100 краін свету. 

 

– Мяне ў першую чаргу цікавяць праекты, якія даюць магчымасць рабятам паглыбіць свае веды па англійскай мове, правесці час у англамоўным асяроддзі, каб атрымаць добрую моўную практыку. Таму я і прапаноўваю сваім вучням прымаць у іх удзел. На гэты раз пяцёра старшакласнікаў вырашылі стаць удзельнікамі праекта. Пашанцавала толькі Насці. 

 

З нашай краіны ў ЗША накіраваліся пяцёра рабят: па адным з кожнай вобласці. Насця стала пераможцай спартыўнай праграмы “Маладзёжны футбольны лагер з вывучэннем англійскай мовы”. Увогуле, удзельнічаць у падобных праграмах могуць толькі старшакласнікі, якія займаюцца на “выдатна” і добра валодаюць англійскай мовай. Узровень іх ведаў правяраецца ў сачыненнях, якія пішуць прэтэндэнты. Насця ў сваёй рабоце разважала над пытаннем аб важнасці трансатлантычнага супрацоўніцтва. Тэма зусім няпростая, а выкладаць свае думкі неабходна на англійскай мове. З гэтым праблем не было: у дзяўчынкі высокі ўзровень валодання мовай, яна – пастаянная ўдзельніца алімпіяд. Акрамя гэтага, Анастасія – заўзятая футбалістка. З сёмага класа яна ўваходзіць у склад гімназічнай футбольнай каманды дзяўчынак і займаецца спортам з вялікім задавальненнем. Юныя футбалісткі нават станавіліся прызёрамі абласных спаборніцтваў. 

 

– У Бостане мы правядзём два тыдні, – расказвае Насця. – Спачатку будзем адпачываць у футбольным лагеры і жыць у інтэрнаце пры Бостанскім універсітэце. А затым нас размяркуюць па прыёмных сем’ях і прапануюць культурна-адукацыйную праграму. 

 

Паглыблена вывучаць англійскую мову Насця пачала з пятага класа. 

 

– Я вельмі рада, што змагу пабываць у Бостане, – гаворыць гімназістка. – Такі шанц выпадае раз у жыцці. Адна справа – вучыць англійскую мову на ўроках і дадатковых занятках, і зусім іншая – правесці два тыдні ў краіне, дзе размаўляюць на англійскай мове. Я адчуваю вялікую адказнасць. Мне вельмі хочацца расказаць сваім равеснікам за мяжой пра нашу сінявокую Беларусь, пра сваю малую радзіму – родны Шчучын, каб і яны ведалі, у якой цудоўнай і прыгожай краіне я жыву. 

 

Мама Анастасіі Святлана Аляксандраўна спачатку хвалявалася: трывожна адпускаць дачушку адну ў такую далёкую паездку. Але, пабываўшы на прыёме у консульстве, зразумела: усё арганізавана належным чынам і хвалявацца няма прычын. Паездка фінансуецца са сродкаў Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, а суправаджае беларускіх школьнікаў старшыня Беларускай федэрацыі футбола. 

 

– Пасля заканчэння адзінаццатага класа я мару выдатна здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіць ва ўніверсітэт, каб стаць перакладчыкам, – гаворыць Насця. – Спадзяюся, паездка ў Бостан дапаможа мне ў гэтым.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!