Сегодня СШ №1 г. Щучина отметила 80-летний юбилей

Мая родная школа, якая некалі дала мне пуцёўку ў жыццё, адзначыла свой юбілей. Гэта асаблівае свята, якое аб’ядноўвае цэлыя пакаленні педагогаў, вучняў і іх бацькоў. Выпускнікі СШ №1 г. Шчучына жывуць і працуюць па ўсім свеце, займаюць высокія пасады, сваімі дасягненнямі праслаўляюць родную школу і, напэўна, заўсёды помняць сваіх першых і любімых настаўнікаў, аднакласнікаў, яркія падзеі школьнага жыцця.

 

Юбілей СШ №1 – важная падзея не толькі для самой установы адукацыі, але і для ўсяго горада. У далёкім 1939 годзе школа адчыніла свае дзверы для першых вучняў. А колькі іх было за столькі год – маленькіх, непаседлівых, цікаўных малышоў, якія вельмі хутка станавіліся выпускнікамі і ішлі ў дарослае жыццё! Усе гэтыя гады па неабсяжным акіяне ведаў іх накіроўвалі таленавітыя, цалкам адданыя сваёй справе педагогі.

 

Многія з настаўнікаў-ветэранаў прыйшлі на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею, у Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, каб раздзяліць радасць падзеі разам з сённяшнімі педагогамі, парадавацца поспехам школы, палюбавацца таленавітымі і крэатыўнымі вучнямі.

 

Колькі віншаванняў і пажаданняў гучала ў адрас школы-юбіляркі! Самыя шчырыя словы падзякі за адданую працу выказалі педагогам намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. 

 

– За столькі год прафесійнай, мэтанакіраванай і творчай дзейнасці СШ №1 г. Шчучына пакінула значны след у гісторыі адукацыі ўсяго нашага раёна, – падкрэсліла Алена Васільеўна. – Гэта заслуга ўсяго педагагічнага калектыву і рабят. Тут сфарміраваліся свае традыцыі, свае метады работы. Сёння хачу сказаць вялікі дзякуй педагогам-ветэранам, якія, не шкадуючы ні сіл, ні часу, цалкам аддавалі сябе рабоце. Хачу падзякаваць сённяшнім настаўнікам за прафесіяналізм і дзецям за тое, што сваімі дасягненнямі праслаўляюць родную школу. Здароўя вам, поспехаў, новых цікавых праектаў і перамог.

 

А.В. Пасюта зачытала Прывітальны адрас Шчучынскага райвыканкама і Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў калектыву школы і ўручыла яго дырэктару М.П. Адашчык. Калектыў школы атрымаў таксама Пісьмо-падзяку за ўсю тую працу, якую ён укладвае ў развіццё сістэмы адукацыі Шчучынскага раёна.

 

Ад усёй душы павіншавала педагогаў, вучняў і іх бацькоў з юбілеем школы Ж.І. Метько. Яна падзякавала за разуменне і падтрымку, на якія заўжды можна разлічваць у гэтай установе адукацыі.

 

– Вялікі дзякуй хачу сказаць і за тое, што тут былі і ёсць неабыякавыя педагогі, якія імкнуцца зрабіць школьнае жыццё для вучняў больш цікавым і разнастайным, – адзначыла Жанна Іванаўна. – Гэта і Т.Ч. Бадзюкова – заснавальніца руху інтэлектуальных клубаў, і В.І. Ляштаеў, які стварыў брэнд першай гарадской школы – атрад ЮІД, і Л.М. Хрыптовіч, дзякуючы якой быў адкрыты першы і адзіны ў Шчучынскім раёне народны музей. Сёння школа шукае свой твар. І ў юбілейны год яна крыху змяніла сваё ўбранне. Але галоўнае, што дзеці тут хочуць вучыцца, а педагогі гатовы даваць ім самыя трывалыя і грунтоўныя веды. Важна, што гэта ўстанова адукацыі не стаіць на месцы, а развіваецца, што для сённяшніх школьнікаў лічба адзін не толькі нумар школы, а жыццёвая пазіцыя – заўсёды ва ўсім быць першымі. Расціце і далей! Сіл вам, здароўя, творчасці, цудоўных бацькоў і выдатных вучняў. Школа жыве тады, калі там ёсць здаровыя і шчаслівыя дзеці, якія ўмеюць радавацца і смяяцца.

 

Жанна Іванаўна ўручыла педагогам узнагароды.

 

З віншаваннямі і падарункамі прыйшлі на свята кіраўнікі і калегі з гарадскіх школ і гімназіі, дашкольных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі, некаторыя з іх таксама былі выпускнікамі СШ №1, як, напрыклад, дырэктар гімназіі Уладзімір Раманавіч Дубок, загадчыца дзіцячага садка №6 Ірына Эдуардаўна Залога. Не засталіся ў баку ад такой падзеі і бацькі. 

 

З асаблівым пачуццём радасці і гонару вітала педагогаў-ветэранаў, а таксама ўсіх гасцей дырэктар СШ №1 г. Шчучына Марына Паўлаўна Адашчык. 

 

– Наша школа ва ўсе часы славілася багатымі педагагічнымі традыцыямі, – падкрэсліла Марына Паўлаўна, дарэчы, таксама яе выпускніца. – Вучыцца тут заўсёды было цікава дзякуючы выдатным педагогам, сярод якіх былі заслужаныя настаўнікі і выдатнікі асветы БССР. Сёння мне хочацца ўспомніць мудрых, таленавітых дырэктараў школы, пры якіх мне давялося вучыцца: Генадзія Міхайлавіча Ціцяка і Калікста Калікставіча Хрыптовіча, на якіх заўсёды буду раўняцца. Сёння Калікст Калікставіч узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

 

У гэты дзень гучалі многія імёны: былых кіраўнікоў школы, настаўнікаў-ветэранаў, а таксама тых педагогаў, якіх сёння ўжо няма сярод нас… 

 

Юбілейны дзень стаў асаблівым для Віктара Іванавіча Ляштаева: з нагоды свята і за асаблівыя заслугі яго імя занесена ў Кнігу славы школы. 

 

Пад урачыстыя гукі музыкі на сцэну запрашаюцца педагогі-ветэраны. Вось яны – заўсёды прыгожыя, маладыя душой, па-ранейшаму з іскрынкай у вачах. Гэта ім – невялічкія сувеніры на памяць пра сустрэчу, кветкі і музычны падарунак. А ад іх – шчырыя словы віншаванняў роднай школе. Ад душы жадалі далейшага працвітання сваёй любімай першай гарадской, педагагічнаму калектыву і вучням Л.А. Рыжонкава, Н.Л. Сыч, Т.М. Сярдзюк, І.С. Лемеш і іншыя. 

 

Вяртанне ў былое, яркія выступленні дзяцей і педагогаў, сённяшнія дасягненні і перамогі, віншаванні выпускнікоў – хутка адгучалі чатыры часткі сімфоніі “Школьнай” №80… Наперадзе – новыя цікавыя старонкі, якія вельмі хутка таксама стануць гісторыяй. І “Школьная” сімфонія атрымае свой працяг… 

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

   

Анна РУДСКАЯ.
Фото автора.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!