Шчучын -- пілотная пляцоўка для распрацоўкі "Павесткі-50"

Як мы паведамлялі раней, Шчучын стаў адным з нямногіх беларускіх гарадоў, які абраны пілотнай пляцоўкай для стратэгічнага планавання мясцовай павесткі-50 -- кампаніі, накіраванай на вывучэнне праблем людзей з інваліднасцю менавіта ў пэўнай мясцовасці. Сёння ў кінатэатры "Беларусь" сабраліся прадстаўнікі сацыяльнай службы, грамадскіх арганізацый і самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама бацькі дзяцей-інвалідаў, каб паўдзельнічаць у праекце "Актыўная супольнасць", які рэалізуе Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках кампаніі "Павестка-50" пры фінасавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Трэнінгі праводзяць менеджэр праекта Інэса Ларыёнава і Алена Паўлянковіч. Актыўна ўдзельнічаюць у прпанаванай праграме "Школа лідара" наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН.

-- Мэта нашых заняткаў -- садзейнічаць актывізацыі людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у Шчучыне, па вырашэнні лакальных праблем метадам адвакатавання і самадапамогі, -- падкрэсліла Інэса Ларыёнава.

Госці змаглі зацікавіць прысутных, прыцягнуць да цікавага дыялога, нефармальнага і вельмі шчырага абмеркавання злабадзённых праблем, сярод якіх пашырэнне безбар'ернага асяродку, працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, іх адаптацыя ў грамадстве.

Каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Наталля Стасевіч расказала аб магчымасці ўдзельнічаць у міжнароднай праектнай дзейнасці, у выніку чаго прыцягваць у свой рэгіён рэальнае фінансаванне пад ажыццяўленне сацыяльна значных ідэй.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.   

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!