Амаль сто! Выпускніца гімназіі г. Шчучына Анастасія Гайсак атрымала на ЦТ па рускай мове 99 балаў

Зусім крышачку – усяго аднаго бала – не хапіла выпускніцы гімназіі г. Шчучына Анастасіі Гайсак, каб атрымаць на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове максімальны рэзультат. Крыўдна, што тут скажаш… І тым не менш, малайчына, Насця!

 

– Шчыра прызнацца, я была ўпэўнена ў сваіх сілах і спадзявалася, што здам ЦТ менавіта на 100 балаў, – гаворыць дзяўчына. – І памылку адну-адзіную дапусціла там, дзе ведала сваё слабое месца і над якім многа працавала. На самай справе мяне хутчэй увяла ў зман сама фармуліроўка задання, а не яго складанасць. Напэўна, сказалася хваляванне. 

 

Выдатныя рэзультаты атрымала Анастасія і па іншых прадметах: грамадазнаўства яна здала на 90 балаў, англійскую мову і гісторыю – на 86 кожны. Цяпер выпускніца гімназіі ўжо студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І спецыяльнасць выбрала сур’ёзную: сацыяльныя камунікацыі на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. 

 

– Каб паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, трэба многа працаваць, – гаворыць Насця. – Я рыхтавалася кожны дзень, выконвала па некалькі тэстаў. Шмат займалася самастойна. І канечне, вельмі ўдзячна настаўнікам, якія мне дапамаглі. 

 

Гэты адзін недаатрыманы бал не стаў перашкодай для паступлення. Галоўнае ў гэтай сітуацыі, што сённяшняя студэнтка валодае глыбокімі ведамі, якія ёй яшчэ абавязкова спатрэбяцца. 

Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!