Кожны дзень з песняй раіць праводзіць малады спецыяліст Настасся Тарас
Усмешлівую прыгожую дзяўчыну ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці я запрыкмеціла ўжо даўно. А вось пазнаёміліся мы толькі тыдзень таму. Аказалася, што Настасся спявае амаль з таго часу, як навучылася размаўляць, і не ўяўляе, як можна пачынаць дзень без песні.
Дзяўчына родам з вёскі Ракавічы, а вось дзяцінства Насці прайшло ў Шчучыне. Першы крок у свет эстраднай песні яна зрабіла яшчэ ў чатырохгадовым узросце – менавіта тады мама прывяла яе ў вакальную студыю. Дзяўчына наведвала і музычную школу: паралельна вучылася граць на цымбалах і фартэпіяна. Пасля дзявятага класа сярэдняй школы Настасся паступіла ў каледж мастацтваў у Гродне, на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады”.
На ўступным экзамене, дзе неабходна было выканаць некалькі песень, адну пад акампанемент фартэпіяна і дзве пад фанаграму, дзяўчына вельмі хвалявалася – баялася памыліцца. І нягледзячы на гэта праспявала яна выдатна. А вось страх памыліцца застаўся. Як спраўляцца з хваляваннем падчас выступлення на сцэне, Настассі падказала адна з педагогаў каледжа: на памылках вучацца, таму іх трэба проста прымаць. Такі філасофскі падыход іншы раз вельмі дапамагае і ў жыцці. А вось з іншым сваім страхам – бояззю вышыні, дзяўчына вырашыла развітацца незвычайна.
Старэйшы брат Сяргей падказаў месца пад Мінскам, дзе экстрэмалы скачуць разам з “тарзанкай”. Да апошняга моманту сэрца неверагодна хутка калацілася, але Насцю гэта не спыніла. Каля 300 метраў яна ляцела ў свабодным падзенні, а пасля вельмі хацела ўсё гэта зноў паўтарыць.
Спявае Настасся песні розных выканаўцаў, больш за ўсё паважае творчасць Паліны Гагарынай, Ціны Караль, замежных спявачак Sia і Adel. Тэмбр голасу дзяўчыны – альт. Не менш творчая і яе праца вядучым метадыстам па фальклоры і вакальным жанры. Настасся знаёміцца з калектывамі раёна, займаецца адборам канцэртных нумароў, удзельнічае ў складзе журы розных конкурсаў.
Дзяўчына вырашыла прадоўжыць сваю адукацыю, але прафесію выбрала іншую – юрыст. Шмат часу яна прысвячае падрыхтоўцы да паступлення ва ўніверсітэт. Калі ёсць хвілінка для сябе, чытае творы Ф.М. Дастаеўскага і Э.М. Рэмарка, спрабуе гатаваць розныя кулінарныя шэдэўры. І марыць падняцца ў неба на самалёце ці верталёце, каб зноў адчуць сябе лёгкай і смелай.
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.