Зімовы картынг – спорт для сапраўдных мужчын | Дзяннiца

Зімовы картынг – спорт для сапраўдных мужчын

Версия для печатиВерсия для печати

У гэтым пераканаўся кожны, хто ў мінулыя выхадныя завітаў на гарадскі стадыён “Алімп”, дзе ўпершыню ладзіліся гонкі на Зімовы кубак Шчучына

Арганізатарамі спаборніцтваў выступілі Беларуская федэрацыя картынгу сумесна са Шчучынскім райвыканкамам. З самага суботняга ранку на гарадскім стадыёне “Алімп” не сціхаў гул. Гоншчыкі загадзя рыхтаваліся да адказных спаборніцтваў па картынгу “Зімовы кубак Шчучына”: прагравалі рухавікі сваіх картаў, мянялі масла, падпампоўвалі колы. Сюды з’ехаліся два дзясяткі картынгістаў розных узростаў з Мінска, Гродна, Брэста і Пінска. На старт выйшаў і наш зямляк – кандыдат у майстры спорту Аляксандр Гідрэвіч.

Удзельнікаў спартыўнага свята вітаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Раманавіч Дубок:
-- Спаборніцтвы такога ўзроўню праходзяць на Шчучыншчыне ўпершыню. Хочацца падзякаваць усім спартсменам за тое, што адгукнуліся на нашу ініцыятыву і прыехалі. Упэўнены, сёння вы пакажаце “клас” на гоначным трэку!
Да слоў Уладзіміра Раманавіча далучыўся старшыня Беларускай федэрацыі картынгу Сяргей Эдуардавіч Галонскі, які таксама прысутнічаў на спартыўным свяце. Ён яшчэ раз нагадаў гоншчыкам і шматлікім балельшчыкам аб правілах бяспекі і заклікаў усіх быць максімальна ўважлівымі.
І вось пачаліся гонкі…
Карты з рокатам праносіліся па абледзянелай трасе на вялікай хуткасці. Здаралася, на паваротах іх моцна заносіла. Некалькі разоў гоначныя машыны нават пераварочваліся на вачах у ашаломленых гледачоў. І толькі спецыяльная экіпіроўка і шлемы дазволілі картынгістам засцерагчыся ад траўм.
У кароткіх перапынках паміж заездамі балельшчыкі з задавальненнем частаваліся рознымі прысмакамі, якія гасцінна прапаноўвалі работнікі Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства.
-- Сёння мы прывезлі з сабой звыш 15 кілаграмаў шашлыка і мноства свежай выпечкі: беляшы, піражкі з рознай начынкай, -- кажа прадавец Галіна Феліксаўна Валчок. – Акрамя таго, у нас можна сагрэцца гарачым чаем, кавай і курыным булёнам.
Не з пустымі рукамі завіталі на свята і работнікі Шчучынскага масласырзавода. У іх фірменнай гандлёвай палатцы шчучынцы набывалі сыры і іншую свежую “малочку”.
Сувенірную прадукцыю на спартыўным свяце прадавалі работнікі “Белпошты”. Побач можна было купіць рознакаляровыя шары і цацкі для самых маленькіх удзельнікаў спартыўнага свята.
І ўсё ж ля гандлёвых радоў людзі падоўгу не затрымліваліся: перакусіўшы, многія спяшаліся заняць месца на трыбунах. Яно і зразумела: з кожным заездам гонкі станавіліся ўсё больш відовішчнымі і напружанымі.
Спаборніцтвы праходзілі ў трох класах, і ў канцы выступалі самыя вопытныя гоншчыкі. Сярод іх быў і шчучынец Аляксандр Гедрэвіч. На жаль, у першы дзень гонак з-за тэхнічных праблем з картам ён не здолеў увайсці ў тройку прызёраў у асабістым заліку.
На першым этапе сярод юніёраў не было роўных Аляксандру Міргародскаму з Гродна. У класе “Е-160” (самая юная катэгорыя картынгістаў) перамог яго зямляк Уладзімір Севярчукоў, а вось у гонках на самых магутных картах першае месца заняў сталічны гоншчык Аляксандр Шчалканаў.
На другім этапе, які праходзіў у нядзелю, Аляксандр Гедрэвіч перамог ва ўсіх чатырох заездах і стаў пераможцам у сваім класе.
У агульным жа заліку больш за ўсіх ачкоў набрала шчучынская каманда “NaDivo”, у склад якой, акрамя нашага зямляка, увайшлі гродзенцы Аляксандр Міргародскі і Мацвей Паскул. Менавіта ім і дастаўся галоўны прыз спаборніцтваў – Зімовы кубак Шчучына.
-- Хочацца падзякаваць калектыву Шчучынскага масласырзавода на чале з дырэктарам Віталіем Мікалаевічам Строгім, а таксама дырэктару ПУП “Рынапластык” Валерыю Мікалаевічу Чупрыну за аказаную спонсарскую дапамогу, -- гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Вікенцьевіч Гваздоўскі. – Спадзяёмся, што мы і надалей будзем плённа супрацоўнічаць і арганізуем разам яшчэ не адну гонку. Спаборніцтвы такога ўзроўню – гэта ганарова і прэстыжна. Наш Шчучын гучыць на ўсю Беларусь.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

А вам спадабалася спартыўнае свята ў Шчучыне?


Пётр КАРДАНЕЦ, жыхар г. Пінска:
-- Я прыехаў у Шчучын разам з жонкай Аленай Аляксееўнай і адзінаццацігадовым сынам Максімам. Ён у мяне заядлы гоншчык: вось ужо пяць гадоў займаецца картынгам. За гэты час заваяваў нямала ўзнагарод, сярод якіх кубак Гомеля і Наваполацка. Сёння Максім упершыню выйшаў на зімовы трэк, што стала для яго сапраўдным выпрабаваннем.
Прызнацца, не думаў, што спаборніцтвы ў Шчучыне сабяруць столькі шмат гледачоў. Гэта гаворыць аб тым, што шчучынцы любяць аўтагонкі і аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку. І гэта сапраўды здорава! Тым больш, што ў вашым горадзе ёсць выдатная база для развіцця картынгу.

Ягор АЛЕКСЯЁНАК, юны картынгіст з Мінска:
-- Многія мае адна­годкі ведаюць пра аўтамабільныя гонкі толькі з камп’ю­тар­ных гуль­няў. Я ж аддаю перавагу рэальным спабор­ніцтвам: з пахам машыннага масла, візгам тармазоў і выкідамі адрэналіну. Ужо тры гады наведваю сталічны картынг-клуб. Мой карт абсталяваны рухавіком аб’ёмам 125 “кубікаў” і развівае хуткасць да 100 кіламетраў у гадзіну. Калі я выходжу на гоначную трасу, то забываю аб усім на свеце.
Вельмі здзівіла і адначасова парадавала, што спаборніцтвы такога ўзроўню прайшлі ў раённым гарадку. Прычым былі арганізаваны на самым высокім узроўні! Гэта яшчэ раз даказвае, што любую цікавую ініцыятыву можна ажыццявіць, галоўнае – як след пастарацца.

Уладзімір АНТОНАЎ, вадзіцель МПМК-166:
-- З дзяцінства цікаў­­люся тэх­ні­кай, асабліва мата­цык­ламі. Зразумела, я не мог прапусціць гонкі такога кшталту ў нашым горадзе. На гарадскі стадыён “Алімп” прыйшоў са сваім трохгадовым унукам Мішам. Бачылі б вы яго вочы, калі ён сачыў за віражамі гоншчыкаў на абледзянелым трэку! Нават мяне, вопытнага вадзіцеля, уразіла іх майстэрства.
Перакананы, што картынг можа стаць здаровай альтэрнатывай камп’ютарным гульням для нашай моладзі. Было б здорава, каб у Шчучыне адрыўся свой картынг-клуб. Упэўнены, шчучынскія хлопчыкі наведвалі б яго з вялікім задавальненнем!

Святлана ГАРДЗЕЙЧЫК, маладая мама:
-- Мой трохгадовы сынок Вадзім любіць гуляць у машынкі, якіх у яго калекцыі вельмі шмат. Сёння мы разам прыйшлі на гарадскі стадыён “Алімп”, каб паглядзець на сапраўдныя гонкі. І, прызнацца, не прагадалі! Гоншчыкі праносіліся па трасе з неверагоднай хуткасцю, выпісваючы крутыя віражы. Такое не кожны дзень убачыш! А вясёлая танцавальная музыка дапамагла стварыць святочны настрой. Спадзяюся, што зімовы Кубак Шчучына па картынгу стане добрай спартыўнай традыцыяй і будзе праходзіць у нашым горадзе кожны год.