"Звароты грамадзян трэба разглядаць грунтоўна і рознабакова"

Такую думку выказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Андрэевіч Дарожка, які правёў сёння ў Шчучыне прыём грамадзян і адначасова "прамую тэлефонную лінію".

 Паступіла 6 зваротаў, два з якіх – калектыўныя. Трое жыхароў раёна агучылі свае пытанні па тэлефоне. Кіраўнік паважанага ведамства да ўсіх праблем, з якімі сутыкнуліся шчучынцы, аднёсся з вялікай увагай і сур'ёзнасцю. Большасць з узнятых грамадзянамі пытанняў датычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану вуліц і дарог.

Так, супольна прыйшлі на прыём жыхары дома №30 па вуліцы Астроўскага ў Шчучыне. Жыльцы наракалі на холад у кватэрах. Як аказалася, праблема не ва ўсім доме, а толькі ў тым пад'ездзе, дзе жывуць гэтыя людзі, і ўзнікла яна па віне асобных грамадзян, якія самавольна рэгулявалі тэмпературны рэжым, што называецца, пад сябе. Падчас дыялогу стала вядома, што на сённяшні дзень сітуацыя выпраўлена. Дырэктар РУП ЖКГ А.В. Шкіндзераў, які прысутнічаў падчас прыёму, запэўніў, што доступ выпадковых людзей у цеплапункт закрыты. А любая "самадзейнасць" будзе спынена законнымі метадамі.

А.А. Дарожка даручыў кіраўніцтву РУП ЖКГ узяць на кантроль і шэраг пытанняў, з якімі звярнуліся пяцёра жыхароў дома №19 па вуліцы Астроўскага. У прыватнасці, праблема ў тым, што дрэнажная сістэма, пракладзеная некалі пад гэтым жылым будынкам, даўно забілася. Цяпер вада назапашваецца, застойваецца, псуецца. Паўсюдна распаўсюджваецца дрэнны пах...

Дырэктар РУП ЖКГ запэўніў, што ўжо намечаны шляхі вырашэння праблемы. У снежні плануецца пабудаваць два калодзежы, паспрабаваць аднавіць старую, а не то пабудаваць новую дрэнажную сістэму, каб адвесці грунтавыя воды ад гэтага дома. Адначасова бакі абмеркавалі алгарытм дзеянняў, як выправіць іншыя камунальныя хібы, на якія ўказалі заяўнікі. А.А. Дарожка пры гэтым адзначыў, што службовай асобе, надзеленай уладнымі паўнамоцтвамі, вельмі важна слухаць і разумець людзей, а паабяцаўшы штосьці зрабіць, трымаць слова.

– Сёння мы прыйшлі да дзелавой дамоўленасці, як вырашыць узнятыя людзьмі праблемы. Намецілі тэрміны. Усё, аб чым дамовіліся, павінна быць зроблена, – падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржкантролю, звяртаючыся да прысутных. І дадаў, што ў яго няма падстаў не давяраць слову кіраўніка РУП ЖКГ.

З прапановай – адрадзіць народны кантроль хаця б пры самых буйных прадпрыемствах і арганізацыях – завітаў на прыём жыхар Галавічполя. Выслухаўшы вяскоўца, Анатоль Андрэевіч нагадаў, што асобныя элементы такога грамадскага кантролю ўжо аднаўляюцца, у прыватнасці, прафсаюзамі. Пад іх неаслабнай увагай цяпер знаходзяцца пытанні арганізацыі харчавання дзяцей у школе.

А.А. Дарожка таксама ўважліва выслухаў індывідуальнага прадпрымальніка, які, рэалізаваўшы запчасткі і абсталяванне сельгасарганізацыям з іншага рэгіёна, не змог дачакацца аплаты за тавар. Сваё рашэнне вынес Гаспадарчы суд, куды звярнуўся бізнесмен, але "партнёры" яго ігнаруюць, хаця гаспадарчую дзейнасць працягваюць. Анатоль Андрэевіч назваў правільным алгарытм дзеянняў пацярпелага, адзначыўшы пры гэтым, што "рашэнне Гаспадарчага суда павінна быць выканана". Канкрэтныя даручэнні па гэтай сітуацыі атрымаюць і супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці.

 Жыхарка Шчучына ўсхвалявана расказала А.А. Дарожка, што многа год ажыццяўляла гандаль на гарадскім рынку, але аднойчы пазбавілася свайго, па яе словах, вельмі зручнага месца – яго аддалі ў арэнду іншаму прадпрымальніку. Аднак у гэтай сітуацыі шмат нюансаў, якія трэба высветліць, каб прыняць рашэнне.

– Звароты грамадзян нельга разглядаць павярхоўна і фармальна. А бяздзейнасць службовай асобы параджае новыя скаргі. Калі патрабаванні грамадзяніна законныя – трэба аднавіць парушаную законнасць. Калі ж не – растлумачыць чалавеку, чаму ён не мае рацыі. Заўсёды трэба дзейнічаць у рамках закона, – агучыў сваю пазіцыю Анатоль Андрэевіч.

Дарожнае пытанне закранулі ў тэлефонным дыялогу вясковец з Бакштаў і гараджанін з вуліцы Палявой. А жыхар Васілішак турбаваўся, што ў гэтым аграгарадку не працуе лазня.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!