Жніво – справа сямейная

Так лічаць камбайнер СВУ “Пратасаўшчына” Анатолій Мікалаевіч Ляўкевіч і яго сын Аляксандр, якія ўжо чацвёрты год запар разам убіраюць хлебную ніву. Нават на адным з самых “бывалых” у гаспадарцы камбайнаў яны па даных на 8 жніўня намалацілі рэкордныя 424 тоны зерня і выйшлі ў лідары жніва ў сельгаспрадпрыемстве.

– Тэхніку трэба любіць і як след даглядаць, тады яна будзе служыць доўга і спраўна, – гаворыць Анатолій Мікалаевіч. – Гэтаму мяне, яшчэ хлопчыка, навучыў мой бацька, які ўсё жыццё прапрацаваў механізатарам у роднай гаспадарцы. Аналагічны ўрок выдатна засвоіў і мой сын Аляксандр. 
Ужо ў сем гадзін раніцы сямейны экіпаж Ляўкевічаў збіраецца на мехдвары. Яны разам рыхтуюць камбайн да выхаду ў поле: заліваюць паліва, правяраюць настройкі жняяркі, замяняюць зношаныя дэталі. Як толькі сонца падсушвае расу на хлебнай ніве, пачынаецца ўборка.


– З бацькам працаваць адно задавальненне! – прызнаецца памочнік камбайнера Аляксандр Ляўкевіч. – Ён вопытны механізатар, у якога ёсць чаму павучыцца. Разумеем адзін аднаго з паўслова, таму справа спорыцца. Дарэчы, сёлета я не толькі дапамагаю яму ўбіраць хлеб, але і сам адвожу зерне на зернесушыльны комплекс. Такім чынам у дзень на дзесяцітонным МАЗе раблю да 10 рэйсаў, накручваю каля 200 кіламетраў. Спраўляцца на “два фронты” складана, аднак я не прывык пасаваць перад цяжкасцямі. Да таго ж, гэта выдатная магчымасць зарабіць капейку, якая, як вядома, лішняй не бывае!
Плённа працуюць на жніве і сямейны экіпаж у складзе механізатара Яўгенія Эдуардавіча Кралько і яго сына Дзмітрыя, а таксама камбайнеры Валяр’ян Эдуардавіч Клімовіч, Яўгеній Янавіч Дамяняка, Віталій Міхайлавіч Нюнько. На адвозцы па поўнай выкладваюцца вадзіцелі Ян Станіслававіч Гой, Іван Станіслававіч Хільмончык, Уладзімір Канстанцінавіч Дужык, на якіх раўняюцца астатнія. Усіх занятых на ўборцы гаспадарка забяспечвае бясплатнымі гарачымі абедамі, якія падвозяць механізатарам прама ў поле.  
– Мы ўжо ўбралі 37% плошчаў, адведзеных у гаспадарцы пад зерневыя і зернебабовыя культуры, – зазначае дырэктар СВУ “Пратасаўшчына” Віктар Анджэевіч Семяновіч. – Намалацілі ў бункернай вазе 2650 тон зерня. Дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій у параўнанні з мінулым годам павысілі ўраджайнасць зерневых культур на 10 цэнтнераў. Цяпер атрымліваем прыкладна 76 цэнтнераў зерня з кожнага гектара. Усяго на жніве задзейнічаны сем камбайнаў і столькі ж грузавых аўто, якія аператыўна дастаўляюць залаты груз на зернесушыльны комплекс. Дарэчы, ён працуе ў дзве змены і за суткі прасушвае да 300 тон зерня. Упэўнены, сёлета намалоцім звыш 7000 тон зерня, што дазволіць забяспечыць асабістыя патрэбы гаспадаркі і цалкам выканаць дзяржзаказ. Калі надвор’е не падвядзе, завершым жніво праз 10 дзён. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

У тэму
Па даных на 8 жніў­ня аг­рарыі Шчу­­­чын­шчыны ўбралі 8755 гек­-
тараў зерневых і зернебабовых культур, што складае 35% да плана. Намалочана 41373 тоны зерня. Сярэдняя ўраджайнасць хлебнай нівы складае 47,3 цэнтнера з гектара. 

Средняя: 5 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)