Жывёлавод – гучыць ганарова! У раёне завяршылася акцыя “Наш жывёлавод”

У раёне завяршылася акцыя “Наш жывёлавод”, у рамках якой старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Феліксавіч Шандроха разам з галоўным спецыялістам аддзялення жывёлагадоўлі райсельгасхарчу Інай Іванаўнай Кучура аб’ехалі ўсе гаспадаркі Шчучыншчыны і ўручылі перадавым работнікам Пісьмы-падзякі і грашовыя прэміі.
На малочнатаварным комплексе “Скоржыкі-777” ААТ “Шчучынаграпрадукт” узнагароды ад прафсаюза работнікаў АПК была ўдастоена аператар машыннага даення Ірына Мар’янаўна Царова – адна з лепшых па прафесіі ў гаспадарцы.
– Нягледзячы на актыўнае ўкараненне на малочнатаварных фермах і комплексах сучасных тэхналогій і механізацыю большасці вытворчых працэсаў, прафесія жывёлавода застаецца няпростай, – зазначае Генрых Феліксавіч Шандроха. – Каб дабіцца высокіх вытворчых паказчыкаў, трэба выкладвацца на працы па поўнай. І вы выдатна спраўляецеся са сваімі прафесійнымі абавязкамі. Менавіта на такіх высока­квалі­фікаваных спецы­ялістах і трымаецца наша малочная галіна! 

Цёплыя словы, пачутыя ў свой адрас, кранулі жанчыну да глыбіні душы.
– Мой працоўны стаж у гаспадарцы ўжо “пераваліў” за дваццаць гадоў, а на новы малочнатаварны комплекс “Скоржыкі-777” я перавялася адразу пасля яго запуску, – гаворыць Ірына Мар’янаўна. – Абслугоўваем тут 777 кароў. Доім рагуль тры разы ў дзень і атрымліваем ад кожнай у сярэднім па 18 літраў малака. Нягледзячы на напружаны вытворчы графік, па-ранейшаму люблю сваю прафесію. Мой муж Аляксандр Іванавіч таксама працуе ў гаспадарцы: ён – механізатар. Разам мы выхоўваем траіх дзяцей. Жывём дружна, дапамагаем адзін аднаму, таму ўсюды паспяваем.
У той дзень Пісьмом-падзякай і грашовай прэміяй была ўзнагароджана таксама жывёлавод па доглядзе маладняку МТФ “Жылічы” Ірына Феліксаўна Патапчык.
– Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Барташы ў звычайнай сялянскай сям’і, – дзеліцца Ірына Феліксаўна. – Бацькі трымалі вялікую ўласную гаспадарку, таму даводзілася часта ім дапамагаць. Асабліва любіла даглядаць жывёлу. Мабыць таму і ўладкавалася на працу ў гаспадарку ў 16 гадоў. Потым быў перыяд, калі шукала шчасця ў горадзе, але хутка вярнулася ў сельскую мясцовасць, дзе мне звычней і камфортней. Цяпер даглядаю маладняк на малочнатаварнай ферме “Жылічы” – 150 галоў. Тут маленькія жывёлы ўтрымліваюцца ў індывідуальных доміках: ёсць як “сутачныя”, так і “месячныя” цяляткі. І да кожнага трэба знайсці свой падыход. Безумоўна, прыемна, што нашу нялёгкую працу заўважаюць і цэняць – гэта найлепшы стымул выкладвацца на ўсе 100%!
Усяго ў рамках акцыі “Наш жывёлавод” узнагародамі ад прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу былі адзначаны 77 перадавых спецыялістаў, якія плённа працуюць у гаспадарках Шчучыншчыны.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!