У ААТ “Орля” у гэтым годзе плануюць атрымаць дастойны ўраджай

Усяго тры дні спатрэбілася орлеўскім аграрыям, каб засеяць яравым ячменем поле плошчай 240 гектараў, якое раскінулася ля вёскі Рымкі. Тут працавалі адразу тры агрэгаты для падрыхтоўкі глебы, за якімі рухаліся дзве сеялкі, пакідаючы пасля сябе свежазасеяныя палоскі зямлі.
– Некалькі дзён таму разам з трактарыстам Сяргеем Міхайлавічам Піліпчыкам мы пасеялі 50 гектараў аўса, цяпер прыйшла чарга яравога ячменю, – гаворыць вопытны механізатар Іван Іванавіч Дзятчык. – Працую ў полі з сямі гадзін раніцы і да заходу сонца. За працоўную змену на трактары МТЗ-1221 з шасціметровай сеялкай засяваю да 35 гектараў. Строга прытрымліваюся ўсіх техналогій, бо іначай немагчыма дабіцца высокай ураджайнасці!
У бункер сеялкі СПУ-6 змяшчаецца каля 700 кілаграмаў пратраўленага насення. Гэтага дастаткова, каб засеяць ячменем 3 гектары. Агрэгат настроены так, каб зерне трапляла ў глебу на аптымальную глыбіню – 3-5 сантыметраў. Прыкладна праз 40 хвілін бункер сеялкі пусцее, і яму патрабуецца “дазапраўка”.
– У тым, каб вытворчы працэс праходзіў без прастояў, зацікаўлены кожны механізатар, – зазначае Іван Іванавіч. – Дзённая норма высеву ў нас складае 19 гектараў. Аднак за кожны “лішні” засеяны гектар сума прэміі павялічваецца на 5%. І калі засяваць у дзень па 35-40 гектараў, то можно зарабляць за змену каля 70 рублёў. Гэта выдатны стымул працаваць з поўнай аддачай!

У ААТ “Орля” ўсе работнікі, задзейнічаныя на пасяўной, забяспечаны гарачым харчаваннем, за якое яны плацяць толькі 30% ад рэальнага кошту, а астатнюю суму “пакрывае” гаспадарка.
– У параўнанні з мінулым годам мы павялічылі пасевы азімых амаль на 600 гектараў: цяпер яны займаюць плошчу 1690 гектараў, – дзеліцца кіраўнік ААТ “Орля” Аляксандр Уладзіміравіч Козіч. – А вось яравы клін наадварот паменшылі, бо яго ўраджайнасць крыху ніжэйшая. Разам з тым сёлета нам прадстаіць пасеяць амаль 500 гектараў ячменю, 100 гектараў зернебабовых культур, 238 гектараў аднагадовых траў, 650 гектараў кукурузы і 300 гектараў цукровых буракоў. Перад сяўбой унеслі ў глебу неабходную колькасць арганічных угнаенняў, а таксама калій, фосфар і азот. Таксама правялі закрыццё вільгаці. Сеем зерне толькі першай рэпрадукцыі, што дазволіць атрымаць дастойны ўраджай.
Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, то прыкладна праз тыдзень орлеўскія аграрыі пачнуць сеяць цукровыя буракі, а потым – кукурузу. А пакуль у гаспадарцы заканчваюць першую падкормку азімых культур, якія перазімавалі выдатна. Значыць, будзем з хлебам! 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!