“Залаты Век” у Шчучыне

Яны сімвалічна называюць сябе “ўніверсітэтчыкамі залатога веку”, гродзенцы паважанага ўзросту, арыстакратычна  вытанчаныя ў паводзінах, гаворцы, знешнасці, у сваім занятку. Усе яны ў былым сумленныя працаўнікі свайго горада, кіраўнікі, выкладчыкі, хтосьці нават з вучонай ступенню. Ім сіпатызуюць маладзейшыя, бо сутнасць грамадскага аб’яднання, цэнтра дадатковай адукацыі дарослых заключаецца ў паляпшэнні якасці жыцця сталых людзей, развіцці іх асобы. Таму сустрэчы з цікавымі людзьмі, сцэнічная дзейнасць, захаванне лепшых айчынных традыцый, падарожжы сталі штодзённым набыткам студэнтаў “Універсітэта Залатога Веку”.
Днямі два аўтобусы аптымістаў з Гродна выбралі сваім маршрутам Шчучыншчыну. У рэгіёне ёсць што паказаць і пра што расказаць. Тут нарадзілася і знайшла свой вечны спачын Азаіза Пашкевіч (Цётка), тут, у Астрыне, адзіны ў рэспубліцы музей паэткі. У Старых Васілішках – хатка-музей вядомага зачынальніка еўрапейскай рок-музыкі Чэслава Немана. Тут велічныя храмы, вядомыя сваім убранствам і архітэктурай.

muzey-1.jpg
Асабліва ўдзячнымі засталіся падарожнікі гаспадарам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі і адначасова дбайным захавальнікам помніка архітэктуры. Тут  госці затрымаліся найдаўжэй. Спачатку адбылося дэталёвае знаёмства з гісторыяй  рэзідэнцыі князёў Друцкіх-Любецкіх. Музейны пакой, адкрыты ў адной з залаў, паведаў гасцям пра прадстаўнікоў колішняга калегіўма піяраў у Шчучыне, пра вядомых людзей, што у ім працавалі ці вучыліся. Прыемна падзівілі гасцей пастаноўкай пра былое каханне юнай графіні Марыі і князя Францішка Ксаверыя навучэнцы фальклорна-этнаграфічнай студыі.

muzey-2.jpg
А сустрэча ў паэтычным салоне з аўтарам гэтых радкоў была ўжо другой за апошні месяц, бо першая ў Гродне прысвячалася прэзентацыі дзвюх апошніх кніжак паэта, выпушчаных у мінулым годзе. І вось візіт у адказ сапраўдных аматараў літаратуры. Госці атрымалі кнігі з аўтографам. А пераклад на польскую мову мініяцюр, прысвечаных маці, з прэзентаванай раней кнігі “Са мной мой дзень”, зроблены ўдзельніцай клуба Беатай Барась, выклікаў авацыі і крыху сентыментальных слёз.

muzey-4.jpg
“Будуць новыя кніжкі, будзем мы – будуць і сустрэчы,” – гучалі спадзевы-пажаданні літаратуразнаўцы з Гродна Алы Петрушкевіч, яе зацікаўленых студэнтаў і сяброў Ніны Ількевіч, Ліліі Вільчэўскай, Марыны Камінскай, Уладзіміра Рунге, Алы Нікіпорчык. Наперадзе, прад выездам са Шчучыншчыны, чакалася сустрэча “Універсітэта Залатога Веку” з радзімай Элізы Ажэшкі.
А ў палацы творчасці госці пакінулі пра сябе вельмі прыемныя ўражанні. Вядома ж, захацелася павучыцца хоць колькі часу ў такой паважанай, прэстыжнай установе, у такім інтэлектуальна-пазітыўным творчым калектыве, а то і пераняць вопыт яго дзейнасці.
Рычард Бялячыц.
Фота Людмілы Немны.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!