З чысцінёй і парадкам усё ў парадку

“Ва ўсіх населеных пунктах сельсавета ўжо ўключана вулічнае асвятленне”, – расказаў старшыня Шчучынскага сельвыканкама Станіслаў Возны, якому я патэлефанавала, каб пацікавіцца справамі. – Дарэчы, у выніку мадэрнізацыі 80 працэнтаў свяцільняў заменена на энергазберагальныя лямпы. У наступным годзе завершым гэту работу”. Падчас размовы высветлілася, што перамены на тэрыторыі сельсавета толькі гэтай навіной не абмяжоўваюцца.

 

Безумоўна, прыгарадны статус сельсавета дае свае перавагі пры арганізацыі сістэмы жыццезабеспячэння насельніцтва, а таксама станоўча ўплывае на дэмаграфію. Да райцэнтра блізка, да шашы М6 таксама, плюс цудоўная прырода ў наваколлі… Таму людзі ахвотна выбіраюць гэтыя мясціны для пражывання – узводзяць жыллё, набываюць і абнаўляюць апусцелыя сядзібы. Сёлетні год – не выключэнне. “У Янчуках на месцы дзвюх знесеных старых сядзіб ужо будуюцца новыя. Прываблівае, што ёсць прыродны газ, тройчы на дзень ходзіць гарадскі аўтобус, па ўсіх вуліцах новы асфальт. І ў Буйвічах тры дамы купілі. У новых уласнікаў – маладых сем’яў – хапае сіл, сродкаў і фантазіі, каб зрабіць жыллё камфортным і стыльным”, – задаволены Станіслаў Яўгенюшавіч.

 

Дарэчы, у працэс навядзення чысціні, камфорту, прыгажосці ў наваколлі , у якім сумесна ўдзельнічаюць раённыя службы, мясцовая ўлада, арганізацыі і насельніцтва, уключаны не толькі названыя вышэй вёскі. У некаторых з тых, што “на перыферыі”, – таксама заўважны змены: дзесьці – сур’ёзныя, дзесьці – сціплыя “штрыхі”. Так, у Скоржыках з пачатку дзеяння прэзідэнцкага ўказа, які рэгламентуе работу па апусцелых і састарэлых дамах, было знесена 6 пабудоў. Спілавана 6 векавых таполяў, прыбраны пні і карэнне. Вызваленыя ад кустоўя, пачышчаныя ад смецця ўчасткі будуць уключаны ў севазварот. Раней у гэтай жа вёсцы на вуліцы Азёрнай работнікі ДРБУ-61 зрабілі гравійнае пакрыццё. Але задавальняцца рана: належыць давесці да ладу ўчастак гэтай жа вуліцы ад фермы да дома №50, дзе з-за складанага рэльефу мясцовасці адсутнічае адток вады і ў дажджлівае надвор’е гразка. У планах таксама – касметычны рамонт мясцовага магазіна.

 

Вялікую дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі аказвае ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Так, сёлета сельгаспрадпрыемства пазбавілася ад сцен і фундаментаў адслужыўшых сваё ферм, складоў і іншых будынкаў, якія знаходзіліся ля Скоржыкаў, Барташоў, Будраўцаў і Дамуцеўцаў. “Разуменне важнасці такой работы ёсць у кіраўніка Вольгі Браніславаўны Патапчык, якая да таго ж з’яўляецца членам сельвыканкама, і ў яе намесніка, дэпутата сельскага Савета Станіслава Іванавіча Астаповіча. Не адмаўляе ў дапамозе і яшчэ адзін народны абраннік – Віктар Вацлававіч Нюнько”, – падкрэслівае Станіслаў Яўгенюшавіч.
Удзячны старшыня і начальніку ДРБУ-61 Мечыславу Іванавічу Стэльмашку, работнікам гэтай арганізацыі. Справа іх рук – асфальт у Янчуках і на ўчастку дарогі Шчучын – Каменка, пастаянныя падсыпка, грэйдзіраванне, выраўноўванне шляхоў зносін, пад’ездаў і вясковых вуліц. Намаганнямі гэтай службы змянілі выгляд да лепшага прыпыначныя пункты: яны пафарбаваны, тут абноўлены лаўкі і дарожныя знакі. Дапоўніў карціну і аўтапарк №12 – замяніў на новыя шыльды з раскладам руху аўтобусаў.

 

 Старшыню сельсавета радуе, што найперш самі мясцовыя жыхары зацікаўлены жыць у чысціні і прыгажосці. Яны рамантуюць дамы, замяняюць старыя платы на металічныя, жалезабетонныя, прычым самых розных форм і канструкцый. Не застаецца ў баку і ўлада: сёлета за кошт бюджэтных сродкаў пафарбавана частка агароджы ўздоўж вуліцы Садовай у аграгарадку Тур’я.

 

Думаючы пра ўласны жыццёвы камфорт і дабрабыт, важна шанаваць памяць аб сваіх спачылых родных і блізкіх людзях. Праяўленне гэтай памяці – парадак на могілках. Змянілі выгляд месцы апошняга спачыну ў Барташах і Будраўцах: высечаны парасткі кустоўя, абкошана ўнутраная і знешняя тэрыторыя. Значны ўклад у гэту справу зрабілі работнікі зялёнага будаўніцтва пры сельвыканкаме і РУП ЖКГ. У бліжэйшыя два гады на могілках у Будраўцах мяркуецца выдаліць дрэвы, якім не адна сотня год, зазначае С.Я. Возны.
Жыццё працягваецца, дабаўляе і клопатаў, і праблем. Неаспрэчна адно – вырашаць іх найлепш разам. І тады будзе ўсё ў парадку, у тым ліку – з парадкам.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!