В.А. Струкель: “Калі спорт – тваё, то гэта назаўжды”

Калі вы аматар здаровага ладу жыцця і прымаеце актыўны ўдзел у спартыўным жыцці раёна, то напэўна добра ведаеце Віктара Антонавіча Струкеля. З’яўляючыся суддзёй першай катэгорыі па футболе і валейболе, ён дапамагае арганізоўваць і праводзіць на Шчучыншчыне спаборніцтвы рознага ўзроўню.

 

 

Спорту адданы з дзяцінства

 

– Спорт я палюбіў з маленства, – гаворыць Віктар Антонавіч. – У гэтым не апошнюю ролю адыграў мой настаўнік фізічнай культуры Чэслаў Вікенцьевіч Замана. Ён быў высокім, моцным, вынослівым і служыў для нас, хлопчыкаў, прыкладам. Я родам з вёскі Забалаць Воранаўскага раёна, часта ездзіў з сябрамі да першамайскіх рабят, каб пагуляць у футбол і баскетбол. Таксама займаўся лёгкай атлетыкай і веласпортам.

 

 

У той час набыць новенькі “велік” было няпроста, таму мы збіралі іх самі: бралі старую раму, дапрацоўвалі яе, ставілі колы і іншы “абвес” і каталіся.

 

У старэйшых класах наш герой не прапускаў ніводных спаборніцтваў і заваяваў нямала ўзнагарод. Не дзіва, што яго як перспектыўнага спартсмена спачатку ўключылі ў каманду Воранаўскага раёна па лёгкай атлетыцы, а пасля – і ў зборную вобласці.

 

– Каб развіць хуткасць і вынослівасць, я шмат трэніраваўся, – працягвае Віктар Антонавіч Струкель. – Спецыяльна адзяваў цяжкія боты і бег пад горку па пяску. Усё гэта прынесла плён. Да прыкладу, кросавую дыстанцыю даўжынёй тры кіламетры я заўжды пераадольваў крыху больш чым за 9 хвілін. Таксама добра атрымлівалася бегаць на лыжах, нават уваходзіў у зборную вобласці па гэтым зімовым відзе спорту.

 

Армія спорту не перашкода

 

Пасля заканчэння 10 класаў Віктар Струкель мэтанакіравана паступіў у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Паспяхова адвучыўся год, і яго забралі ў армію.

 

– Спачатку прайшоў “вучэбку” ў Кранштаце, а затым мяне накіравалі служыць у Северадзвінск – горад, які быў базай для будаўніцтва і рамонту судоў і падводных лодак, – успамінае Віктар Антонавіч. – У арміі я пачаў займацца пажарна-прыкладным спортам. І дзякуючы выдатнай фізічнай падрыхтоўцы дабіўся істотных вынікаў! Нават выступаў на першынстве флоту ў складзе спортроты.

 

На працу – у Шчучын

 

Дэмабілізаваўшыся, Віктар Антонавіч Струкель працягнуў абучэнне ў Гродзенскім тэхнікуме фізічнай культуры і атрымаў дыплом.

 

– Мяне, новаспечанага спецыяліста, размеркавалі на працу ў Шчучынскае добраахвотнае сельска-спартыўнае таварыства “Ураджай”, – працягвае наш суразмоўца. – Я быў інструктарам-метадыстам і займаўся развіццём спорту на сяле, арганізоўваў для вяскоўцаў розныя спаборніцтвы. У той час мы наладзілі супрацоўніцтва з 50 арганізацыямі раёна, таму спартыўныя святы праходзілі вельмі масава.
Паколькі ў школах Шчучыншчыны не хапала настаўнікаў фізічнай культуры, Віктар Антонавіч браў дадатковыя гадзіны і з задавальненнем займаўся з дзеткамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды спяшаліся на яго ўрокі, каб як след размяцца і ўмацаваць своё здароўе.

 

Чорная быль…

 

Выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі прагрымеў, як гром сярод яснага неба. Віктар Антонавіч Струкель быў сярод тых, каго па лініі ваенкамата адправілі на ліквідацыю наступстваў гэтай страшнай аварыі.
– Нас размясцілі ў палатках і выдалі рэспіратары і іншыя сродкі індывідуальнай абароны, – успамінае наш герой. – Чатыры дні я правёў непасрэдна ля рэактара: мы расчышчалі тэрыторыю ад абломкаў. Рухаліся з насілкамі строга па вызначаных дарожках, каб пазбегнуть паражэння радыяцыяй. А вакол стаяла жудасная цішыня, і толькі ў паветры нешта ціха стракатала, нібы конікі.

 

Віктар Антонавіч Струкель разам з іншымі ліквідатарамі аб’ехаў каля 20 населеных пунктаў Беларусі, Украіны і Расіі, які знаходзіліся побач з Чарнобылем. Каб паменшыць радыяцыйнае забруджванне, яны мылі свае машыны спецыяльнай пенай, а бліз вёсак здымалі зялёны дзірван. Было вельмі балюча назіраць, як людзі пакідаюць наседжаныя месцы.

 

Прэзідэнт футбольнага клуба

 

З распадам Савецкага Саюза жыць стала цяжэй. Некаторыя кінуліся гандляваць дэфіцытнымі таварамі, а Віктар Антонавіч Струкель пайшоў працаваць інструктарам-метадыстам на завод “Аўтапровад”. Яго захапленне фізічнай культурай раздзялялі дырэктар прадпрыемства Люцыян Вацлававіч Жылінскі і яго намеснік Генадзій Аляксандравіч Шумік, якія падтрымлівалі ўсе спартыўныя ініцыятывы. Не дзіва, што завадчане былі частымі пераможцамі ў розных спаборніцтвах. Прычым не толькі раённага ўзроўню…

 

– Мы арганізавалі свой футбольны клуб “Аўтапровад”, – з гонарам зазначае В.А. Струкель. – Мяне ж назначылі яго прэзідэнтам. У склад каманды ўвайшлі найбольш перспектыўныя футбалісты з усяго раёна. Завод паклапаціўся аб набыцці футбольнай формы, спартыўнай экіпіроўкі і мячоў. З 1993 па 1998 год наша зборная выступала на чэмпіянаце рэспублікі ў трэцяй лізе і ўваходзіла ў тройку мацнейшых.

 

У здаровым целе – здаровы дух

 

Сёння Віктар Антонавіч па-ранейшаму ўсім сэрцам адданы спорту: катаецца на веласіпедзе, паднімае гіру, гуляе ў дартс. А яшчэ любіць хадзіць на паляванне.

 

 

– Гэта таксама спорт! – перакананы наш суразмоўца. – Бывае, зімой у пошуках звера праязджаю на лыжах да 20 кіламетраў. І калі часам вяртаюся дадому з пустымі рукамі, то не засмучаюся, бо прысвяціў яшчэ адзін дзень свайму здароўю.

 

Без В.А. Струкеля не праходзіць ніводнае спартыўнае мерапрыемства. Ён з аднолькавым задавальненнем выступае суддзёй і на дзіцячым футбольным матчы, і на спартакіядзе сярод працоўных калектываў.

 

– Я ні разу не пашкадаваў аб выбары прафесіі! – заключае Віктар Антонавіч. – Лічу, што ў спорт выпадкова не трапляюць. Калі гэта тваё – дык назаўжды! І каб перадаць сваё захапленне дзецям – трэба прыходзіць на працу з агеньчыкам у вачах. Так рабілі заслужаныя трэнеры раёна Ян Францавіч Прускі, Анатолій Уладзіміравіч Шыран, Сяргей Іванавіч Пачабыт, Віктар Андрэевіч Бажэнаў, Мікалай Пятровіч Самулекін, Мікалай Мікалаевіч Талочка. Вялікі ўклад у развіццё спорту зрабілі Баляслава Антонаўна Хэлская, Георгій Аляксеевіч Бялко, Аляксей Нікіфаравіч Прэдка, Віктар Іванавіч Елаеў, Яніна Іосіфаўна Мілінкевіч, Наталля Дзмітрыеўна Галкіна. Закладзеныя імі традыцыі мы старанна захоўваем і прымнажаем. Прыемна, што на Шчучыншчыне робіцца ўсё, каб займацца фізічнай культурай і спортам было камфортна: прыведзены ў парадак школьныя спартыўныя пляцоўкі і бегавыя дарожкі, заканчваецца рамонт гарадскога стадыёна “Алімп”. І ўсё гэта для таго, каб жыхары раёна ўмацоўвалі сваё здароўе, бо ў здаровым целе – здаровы дух!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара і з архіва В.А. Струкеля.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!