Усе “нацыянальнасці” ў госці да нас! Алег Швед расказаў, як звязаны між сабой вёска Нянькава і Напалеон, а Георгій Рускіх падзяліўся, якая гульнявая пазіцыя самая актыўная ў гандболе

У пачатку чэрвеня ў Гродне мае адбыцца XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які стаў адным са знакавых культурных і турыстычных брэндаў краіны і рэгіёна. Набліжэнне гэтай падзеі навяло на думку запрасіць да размовы жыхароў раёна з прозвішчамі, сугучнымі з назвамі нацый і народнасцей.

 

Алег Швед з роду дастойнага

 

Ёсць на Навагрудчыне вёска з мілагучнай назвай Нянькава. Гэта малая радзіма жыхара Шчучына Алега Фёдаравіча Швед. Пры сустрэчы ён папярэджвае: прозвішча не скланяецца! Здаецца, і людзі, якія яго носяць, – асобы цэльныя і мэтанакіраваныя. А яшчэ вельмі добразычлівыя. Прынамсі, новы знаёмы прадстаў менавіта такім.

 

Памяці пра род свой у сэрцы субяседніка адведзена шмат месца. Найперш пра бацькоў – Фёдара Іванавіча і Таццяну Цітаўну.

 

– Мой тата прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, быў разведчыкам, узнагароджаны многімі медалямі, у тым ліку “За ўзяцце Берліна”, – распавядае Алег Фёдаравіч. – Відаць, анёл-ахоўнік неадступна стаяў у яго за спінай – вярнуўся салдат дамоў жывым і здаровым. А вось брат таты, а мой дзядзька, загінуў. Як і іншыя сваякі. А мама, звычайная сялянка, працавітая і самаахвярная, шчодра дарыла нам з братам ласку і любоў…

 

Ад тэмы з адценнем журбы пераходзім да больш пазітыўнай. Субяседнік ахвотна расказвае пра Нянькава, пра рэчку Аса, якая працякае праз вёску і дзе водзіцца фарэль. Яшчэ не так даўно Алег Фёдаравіч з братам Міхаілам, які дарэчы, жыве ў аграгарадку Дэмбрава, там удала парыбачылі.

 

– Наша Нянькава мела яшчэ адну прыродную славутасць: на ўскрайку вёскі рос явар. Яго ствол не маглі абхапіць, узяўшыся за рукі, восем чалавек. Па паданні, менавіта пад гэтым дрэвам адпачываў Напалеон, – дзеліцца А.Ф. Швед. – Але гадоў з дзесяць таму спілавалі вясковую рэліквію...

 

 Як жа навагрудскі Швед патрапіў на Шчучыншчыну? Па словах суразмоўцы, шчучынскі перыяд у яго біяграфіі пачаўся ў 1981 годзе. На сваю малую радзіму перацягнула жонка Яніна Іосіфаўна, якая родам з Каменкі. Навагрудскі хлопец і дзяўчына са Шчучыншчыны пазнаёміліся падчас вучобы ў Навагрудскім сельгастэхнікуме. На той час Алег Швед быў ужо сур’ёзным маладым чалавекам – адслужыў у зенітна-ракетных войсках ажно ў Забайкаллі, як ён кажа, “на стыку Манголіі, Кітая і СССР”. На апошнім курсе пажаніліся.

 

А першым рабочым месцам дыпламаванага агранома і яго маладой жонкі стаў калгас “Промень рэвалюцыі”, што ў Навагрудскім раёне, які потым перайменавалі ў калгас імя Маякоўскага. “Там мне давялося папрацаваць з Уладзімірам Уладзіміравічам Сянюта, ён узначальваў гаспадарку, – дзеліцца Алег Фёдаравіч. – Неяк я быў па справах у Васілішках, зайшоў да яго. Пагаварылі. Ведаеце, той перыяд работы загадчыкам вытворчага ўчастка прыгадваю не раз. Магчыма, дарэмна пакінуў калгас. Участак быў у лідарах, а ў мяне, маладога спецыяліста, меліся добрыя перспектывы для прафесійнага і кар’ернага росту”.

 

Дарэчы, і новая старонка ў біяграфіі А.Ф. Швед таксама змястоўная. Прыехаўшы ў Шчучын, малады мужчына пайшоў на звыштэрміновую службу ў армію. У мясцовым гарнізоне быў начальнікам рэчавага склада, як сам кажа, “апранаў усіх нашых лётчыкаў”. І так да 1998 года. А пасля звальнення са службы ён амаль 20 год загадваў гаспадаркай на раённым вузле паштовай сувязі, а цяпер працуе тут рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў. “Рамонты ў аддзяленнях сувязі па раёне нашымі рукамі зроблены, – задаволены мужчына. – А сёння якраз завяршылі рамонт у аддзяленні Шчучын-1”. На маю рэпліку пра тое, што сіл, відаць, яшчэ хапае, Фёдаравіч бадзёра заяўляе: “Я ж не старэю!”.

 

Па ўсім відаць, не старэе і яго Яніна Іосіфаўна. Бо жанчына таксама ўсё жыццё рупіцца, каб у доме былі камфорт і парадак, каб дочкі і муж былі дагледжаны як след. І ў яе гэта атрымліваецца. Жонка, як кажа Алег Фёдаравіч, “двойчы аграном” – скончыла яшчэ і сельгасінстытут. Пачынала разам з мужам у калгасе, потым у Шчучыне працавала ў вайсковай часці, а найдаўжэй – майстрам у вучылішчы. І цяпер без справы не сядзіць. То кветкі разводзіць, то з унукамі час бавіць, то на сваім родным хутары завіхаецца. Дарэчы, там поўны сэрвіс-набор і для старэйшых членаў сям’і, і для пецярых унукаў – лазня, арэлі, карусель, цяпліца і агарод… Ёсць дзе і адпачыць, і сілы прыкласці. Што ж, Швед і яго блізкія – людзі масцеравыя і працавітыя.

 

Што значыць гандбол для Георгія Рускіх

 

 

– Гандбол – гэта мой любімы від спорту, – не задумваючыся, заяўляе Георгій Рускіх, з якім мы гутарым пра інтарэсы, сяброў і жыццёвыя планы. – І гэта, лічы, з дзяцінства. Я вучыўся ў пачатковых класах СШ №1, калі да нас прыйшлі трэнеры з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з прапановай займацца ў гандбольнай секцыі. Адгукнуліся многія, а надоўга засталіся толькі самыя захопленыя і мэтанакіраваныя.
У ліку апошніх быў і ён, Гоша Рускіх. Сёння хлопец вельмі ўдзячны за спартыўную навуку сваім першым трэнерам – Герману Асланавічу Байчарову і Івану Іванавічу Васюку. На іх вачах ішло паступовае станаўленне юнага спартсмена, былі яго гандбольныя поспехі. Падчас вучобы ў школе і пазней гэты юнак і гандбол – неразлучныя.

 

Між іншым, нядаўна Георгія Рускіх прызналі лепшым іграком адкрытага чэмпіянату Гродзенскай вобласці па гандболе сярод мужчынскіх каманд, які праходзіў у спарткомплексе па вуліцы Авіятараў. І ён атрымаў памятны падарунак ад сапраўднага профі – Андрэя Барбашынскага, намесніка старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, у мінулым – алімпійскага чэмпіёна. Каб выступіць за гандбольную дружыну Шчучына, Георгій прыехаў са сталіцы, дзе вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры на факультэце спартыўных гульняў і адзінаборстваў. Ён – студэнт-другакурснік. Расказвае, што іх група аб’ядноўвае прадстаўнікоў дзвюх спецыялізацый – гандбола і хакея на траве. Не цяжка здагадацца, які профіль у нашага зямляка. Дарэчы, Георгій – член універсітэцкай каманды па гандболе.

 

 Вучоба ва ўніверсітэце складваецца добра, запэўнівае малады чалавек. Па-першае, карысныя парады далі яму сябры-шчучынцы, якіх у аўдыторыях спартыўнай ВНУ многа. Па-другое, ужо з першага курса робіцца упор на фізічную падрыхтоўку, многа ўвагі ўдзяляецца профільным дысцыплінам, без якіх будучым трэнерам не абысціся. Зрэшты, сур’ёзна ставіцца варта да кожнага прадмета, падкрэслівае Георгій. Веды за плячамі не насіць, ды і жыццё можа зрабіць самы нечаканы паварот і запатрабаваць новых уменняў. Дарэчы, у Георгія Рускіх яны ўжо ёсць. Пацвярджае гэта пасведчанне аб заканчэнні Шчучынскага сельгасліцэя, дзе малады чалавек набыў спецыяльнасці электраманцёра па абслугоўванні абсталявання і вадзіцеля катэгорыі “С”. Вучоба ў ліцэі – прамежкавы этап паміж школай і ўніверсітэтам, тлумачыць Георгій.

 

Вірлівае жыццё ў сталіцы не падаецца хлопцу эталонам. І пры любой магчымасці ён ахвотна прыязджае ў родны, з яго размераным тэмпам Шчучын. Тут свайго студэнта чакае мама Ніна Канстанцінаўна. Напэўна, ганарыўся б сынам і тата Сяргей Сцяпанавіч… Але ён ужо толькі ў памяці Георгія. Па расказах бацькі склаўся ў хлопца і вобраз гераічнага дзядулі Сцяпана Рускіх з Чалябінска – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, за воінскую доблесць удастоенага баявых узнагарод.

 

Хутка Георгію споўніцца 20 год. Гэта цудоўны ўзрост. Наперадзе – здзяйсненне многіх мар і надзей. Магчыма, шчучынец Рускіх стане ў беларускім гандболе не менш знакамітым, чым яго кумір – француз Люк Абало, між іншым, таксама правы крайні ў камандзе, як і наш зямляк.

 

“У гандболе ўсе гульнявыя пазіцыі актыўныя”, – тлумачыць мне субяседнік. Я ж яму на развітанне жадаю не страчваць актыўнасці не толькі ў дасягненні спартыўных вяршынь, але і ў жыцці ўвогуле.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!