“Усё рабі творча! Інакш – навошта?” Пад такім дэвізам жыве і стварае свае рукатворныя цуды майстрыца Лілія Жылук

Мастачка ў душы, Лілія Зыгмундаўна Жылук працуе настаўніцай пачатковых класаў Ляшчанскага дз/с-СШ, да ўсяго выкладае ў старшакласнікаў па профілі “выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”. Педагог прывыкла да ўсяго ставіцца творча, любую работу адухаўляць цікавай ідэяй. Неяк праходзячы з вучнямі трафарэтную дзейнасць, падумала: а чаму б у рамках зададзенай тэмы не ўзгадаць выцінанку – стварэнне ажурных узораў з паперы? Гэты від народнага мастацтва патрабуе ўважлівага погляду на свет, умення бачыць яго і драбнюткія дэталі, і ўніверсальныя сімвалы, у метафарычнай форме адлюстроўваць жывую повязь часоў. Такі ход дапаможа крэатыўна мысліць па жыцці яе юным выхаванцам!

 

Нажніцы, сцізорык, ватман, неўтаймаваны палёт фантазіі… Вось і ўсё, што патрэбна для нараджэння будучага шэдэўра.

 

-- У канцы 19-га і асабліва ў першай палове 20-га стагоддзя папяровыя ўзоры можна было бачыць амаль у кожным інтэр’еры традыцыйнага беларускага жытла, -- гаворыць мастачка. – Карункі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздаблялі сцены, бэлькі, вушакі, вокны, мэблю, паліцы для посуду і абразоў. Каб выразна ўявіць усё гэта, мы плануем у нашым школьным музеі ўзнавіць элементы аўтэнтычнай сялянскай хаты, дзе на вокнах – традыцыйныя фіранкі-выцінанкі, аклады ікон з папяровых карункаў і г.д. Вопыт ужо маем. Бо ў стылі выцінанкі аформілі кабінеты беларускай і рускай мовы, арыфметыкі, гісторыі. Атрымалася вельмі прыгожа і арыгінальна. Беларускі арнамент, дзівосныя дрэвы, птушкі, каласы, валошкі – усё гэта ажывае пад нажніцамі юных мастакоў. Складаныя элементы раблю сама, а пасільныя аперацыі выконваюць самі вучні. Калектыўная праца вельмі згуртоўвае, памнажае радасць творчасці ў разы.

 

Сапраўдны фурор зрабіла адна з такіх “камандных” работ на конкурс “Здравствуй, мир!”, дзякуючы якой многія ўдзельнікі выставы і адкрылі для сябе ляшчанскую выцінанку. Прыемна было даведацца пра каардынатара гэтага праекта -- выдатную майстрыцу і таленавітага чалавека Лілію Зыгмундаўну Жылук.

 

-- Ідэя вельмі доўга выспявала ў нашай свядомасці і сэрцах, урэшце вылілася ў … вялікую кінастужку, на кожным кадры якой паўсталі архітэктурныя жамчужыны Шчучыншчыны: усе нашы храмы – ад велічных вежаў Мураванкі да гатычных шпіляў Стара-Васілішкаўскага чырвонага касцёла, класічныя абрысы палаца Друцкіх-Любецкіх і іншыя знакавыя пабудовы.  Гэта па-сапраўднаму ўражвала і высока было ацэнена і відавочцамі, і членамі журы, -- дзеліцца педагог. – Увогуле, якую б з пастаўленых задач не даводзілася рашаць, напачатку варта выпрацаваць канцэпцыю, вызначыцца, што ты хочаш сказаць іншым сваёй канчатковай работай. Найперш патрэбна ідэя, а потым, рэалізуючы яе, будуць уплятацца ў канву твора ўсё новыя і новыя штрыхі і неардынарныя падходы. Я вучу дзяцей крэатыўна мысліць, не баяцца ўласных памылак, бо выпраўляючы іх, вельмі часта знаходзіш такое арыгінальнае выйсце, што ніколі пры іншых стасунках не дадумаўся б да падобнага мастацкага ходу. Творчыя ўхабіны – гэта таксама творчасць. Вось так нараджаюцца нашы работы.

 

У апошні час Лілія Зыгмундаўна і яе выхаванцы не на жарт захапіліся дэкаратыўнымі вырабамі з матэрыялаў, якія ўжо выйшлі з ужытку. Даць празаічнай рэчы другое – эстэтычнае -- жыццё, вельмі крута. Да ўсяго гэта мае экалагічны аспект. Аказваецца, са старой мешкавіны, пустой бутэлькі, драўляных абрэзкаў, кардону, нават выкарыстаных палачак ад марожанага можна такі цуд змайстраваць! Чароўны куфэрак, туфлік Папялушкі, лялькі, імпазантныя вазы, шкатулкі, пано, кветкі – усё гэта дэкаратыўныя вырабы, якія  Л.З. Жылук стварыла практычна з адходаў. Дзіву даешся, як такія дагледжаныя дамскія рукі з прыгожым манікюрам могуць упэўнена ўпраўляцца з  … малатком, пілой, лобзікам і нават свідравальным ды такарным станкамі! Так-так, вельмі многімі, здавалася б, чыста мужчынскімі навыкамі валодае наша гераіня – пяшчотная, мілая, абаяльная, надзвычай жаноцкая…

 

-- Гэта ў мяне ад бацькоў, -- смяецца Лілія Зыгмундаўна. – Тата быў на ўсе рукі майстар, плёў такія адметныя і зручныя кошыкі, што іх разбіралі імгненна. А мама цудоўна ткала, валодала ўскладненай тэхналогіяй вырабу шматколерных “перабіраных” дываноў. А яшчэ --  шыла, усе аднавяскоўцы да яе звярталіся. Родам я з вёскі Моцеўцы, дзе жывуць вельмі творчыя, песенныя людзі, што шануюць традыцыі і народныя рамёствы.
Талент да малявання ў Лілі праявіўся вельмі рана. Яе дзіцячыя работы заўважылі на ўзроўні сталіцы, і мінскія педагогі прыязджалі, каб угаварыць  бацькоў аддаць дзяўчынку змалку вучыцца ў Мінск. Тыя былі не ў сілах так рана разлучыцца з любімай дачушкай. Але сваю творчую дарогу Лілія Зыгмундаўна ўсё роўна знайшла. Сёння яна з задавальненнем перадае свае веды і напрацоўкі вучням. Ганарыцца таленавітымі выпускнікамі Веранікай Зарэмба, Юрыем Трусілам, Лізаветай Сарока. Вельмі прыемна ёй працаваць са здольнымі і зацікаўленымі старшакласнікамі Вікторыяй Богдан, Дар’яй Кукліс, Юліяй Фядзюк, Насцяй Барысевіч.

 

-- Мы цэлую чвэрць асвойвалі вітражныя работы. Рабяты працавалі вельмі заўзята, перанеслі гэты вопыт для афармлення інтэр’ера сваіх кватэр. А яшчэ -- навучыліся ствараць рэльеф з дапамогай шпаклёўкі, многім іншым карысным рэчам у сучасным афармленні дома. Словам, у нас у Ляшчанцы падрастаюць адмысловыя майстры, -- ганарыцца плёнам сваёй педагагічнай працы настаўніца.
Дарэчы, да Ліліі Зыгмундаўны вельмі часта звяртаюцца па парады ў дызайне інтэр’ераў. І нікому яна не адмовіла. Уласную кватэру таксама аформіла надзвычай арыгінальна, за што ёй, безумоўна, удзячны яе блізкія – муж і сыны. Сваё шчасце і асалоду жыцця гэта таленавітая жанчына бачыць у творчасці, у тым, каб радаваць людзей рукатворнай прыгажосцю.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!