А ў Забор'і -- людзі добрыя. Працягваем праект "Дзянніцы" "Вёскі і вёсачкі"

І зноў мы ў дарозе, зноў у прадчуванні новых сустрэч і цікавых знаёмстваў. На гэты раз накіроўваемся ў вёску Забор’е Ражанкаўскага сельсавета. Яго старшыня Віктар Валянцінавіч Бурдзей, які і парэкамендаваў нам наведацца ў тыя мясціны, таксама з намі. Хто як не ён ведае жыхароў свайго сельсавета, часта бывае ў дамах вяскоўцаў. Забягаючы наперад, хачу сказаць, што была вельмі ўдзячна яму за выбраныя адрасы: у чарговы раз мая журналісцкая работа падарыла мне сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. І трэба ж было так здарыцца, што практычна ўсе мае суразмоўцы аказаліся юбілярамі: мінулагоднімі, сёлетнімі або яшчэ адзначаць круглую дату ў наступным годзе. 

Да Марыі Фляр’янаўны, як у музей
Вось і Марыя Фляр’янаўна Байгот сёлета ў пачатку ліпеня будзе адзначаць сваё васьмідзесяцігоддзе. Але гэтай жвавай рухавай бабульцы і сямідзесяці не дасі. 
– Дык я ж увосень яшчэ бульбачку сама капала! – здзівіла дык здзівіла мяне адна са старэйшых жыхарак Забор’я. – А да 60-ці гадоў ні разу нават не хварэла. І цяпер стараюся чым больш рухацца. Вось у маім “радзіві”, якое я вельмі люблю слухаць, часта кажуць, што трэба варушыцца. Вось я і варушуся…
Жыццё-быццё гэтай вясковай жанчыны было ой якім нялёгкім. Пасля вяселля прыйшла жыць у бацькоўскі дом мужа. Праз некалькі гадоў амаль на адным падворку пабудавалі свой. Нарадзіла і вырасціла васьмярых дзяцей – чатырох дачок і столькі ж сыноў. 
– На работу хадзіла ў мясцовую гаспадарку – была свінаркаю на ферме “Белы Брод”, – расказвае Марыя Фляр’янаўна. – Помню, пакіну сваё чатырохмесячнае дзіця ў люльцы, а сама – на работу. Цяжка працавала. Муж даволі рана пайшоў з жыцця, таму часам і з мужчынскай работай прыходзілася спраўляцца. І хатняя гаспадарка ў нас была вялікая: і кароўку трымалі, і свіней… А я ж усё ўмела: і прала, і ткала, і шыла, і хлеб свой пякла… Да гэтай пары ў бацькоўскім доме мужа захоўваюцца і кросны, і калаўрот, і жорны зерне малоць…


Мы на свае вочы ўбачылі ўсе гэтыя прылады, з якіх можна стварыць сапраўдны музей.
Цяпер Марыя Фляр’янаўна жыве са сваім сынам, і гаспадарку невялікую трымаюць – свіней, курэй ды індакачак. 
– Яшчэ хачу рамонт у сваёй хатцы зрабіць, – дзеліцца сваімі планамі бабуля. – Дзеці памогуць. А на свой юбілей буду чакаць у госці ўсіх сваіх родных: дзяцей, чатырнаццаць унукаў і шасцёра праўнукаў. 
Дом ля рачулкі
Домік Ганны Данілаўны Шматко не проста прытуліўся каля самай рэчкі Тур’і. Выйшаў на парог, ступіў некалькі крокаў – і вось ужо каля самай вады. 
– Гэты дом мы купілі з мужам, калі пажаніліся, – расказвае Ганна Данілаўна. – Так і пражылі тут усё жыццё, тут і дачку выхавалі. Я працавала даяркай – за чатыры кіламетры хадзіла на работу, а муж сорак гадоў быў трактарыстам у калгасе. Калі выйшаў на пенсію, і трактар свой выкупіў. Так цяпер і стаіць на надворку, хоць мужа ўжо трэці год няма…
Доўжацца цяпер зімовыя вечары для бабулі, а Ганне Данілаўне летам акурат восемдзесят пяць стукне. Крыху пачало падводзіць здароўе, дый зрок ужо не той – не так даўно перанесла аперацыю на вачах. Таму яна больш стараецца адпачываць. Часта ўспамінае сваю маладосць, калі збіраліся з мясцовымі дзяўчатамі на танцы, а па гарманіста аж у суседнюю вёску ехалі. 
– Помню, як праходзілі зажынкі, – расказвае Ганна Данілаўна. – Вязалі першы сноп і везлі яго старшыні калгаса ў кантору, а там яму нават вершыкі казалі: “Каб старшыня жывіўся і пра нас не забыўся”, або “Каб у полі пад капамі, а ў складзе – пудамі”. 
Засталіся ў памяці Ганны Данілаўны і трагічныя падзеі, што адбываліся ў яе роднай вёсачцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 
– І сёння помню той страшны дзень, калі фашысты сагналі ўсіх мужчын і жанчын з дзецьмі ў вялікае гумно на ўскрайку вёскі і збіраліся спаліць, таму што думалі, што мясцовыя жыхары падтрымліваюць сувязь з партызанамі, – вяртае з забыцця тыя жудасныя падзеі жанчына. – Але хтосьці з моладзі паспеў паведаміць пра задуманае карнікам, што стаялі ў суседняй вёсцы. Яны, відаць, былі вышэйшыя па рангу, і іх галоўны немец забараніў чыніць гэту расправу. Толькі пакуль ён прыехаў, тутэйшыя немцы паспелі расстраляць дзве сям’і – Шулейкаў і Сіроцкіх – усіх трынаццаць чалавек. 
Сёння на ўездзе ў вёску ў памяць пра загінуўшых устаноўлены свое­асаблівы помнік: на вялікім камяні-валуне, што быў дастаўлены сюды дзякуючы старшыні Ражанкаўскага сельвыканкама Віктару Валянцінавічу Бурдзею, – пяціканцовая зорка, якую змайстравалі на Шчучынскім рамзаводзе. А ў цэнтры – гранітная шыльдачка, якую вырабіў і прымацаваў індывідуальны прадпрымальнік з Рэзаў Рамуальд Станіслававіч Магнушэўскі. 
З праблемамі – да старасты
У наступным годзе Міхаіл Міхайлавіч і Галіна Уладзіміраўна Купрыян адзначаць залатое вяселле. Амаль пяцьдзясят гадоў пражылі разам гэтыя прыемныя працавітыя людзі. Міхаіл Міхайлавіч – вясковы стараста, якім лічыцца не проста на паперы, а аказвае сапраўдную дапамогу сваім аднавяскоўцам. Старыя ліпы трэба было спілаваць – ён дабіўся дазволу. Дарогу размывала – зноў шукаў паратунку. З дзікамі змагаўся, пытаннямі вулічнага асвятлення займаўся. 


– А вось магазін мясцовы адстаяць не змог, – шкадуе Міхаіл Міхайлавіч. – Усё роўна зачынілі. Цяпер да нас аўталаўка два разы на тыдзень прыязджае. Дый колькі нас засталося тут – 25 чалавек на ўсё Забор’е, а з іх – пятнаццаць пенсіянераў. 
Семдзесят два гады жыве на сваёй роднай зямлі Міхаіл Міхайлавіч: ведае тут кожны кусток, кожную травінку. Яго бацька 35 гадоў адпрацаваў лесніком, не адзін гектар лесу пасадзіў. А сам ён больш за дваццаць год быў даглядчыкам на ферме “Белы Бор”. Яго жонка, якую як сам жартуе, прывёз з Падражанкі ў бацькоўскі дом, 19 гадоў працавала малаказборшчыцай, а затым яшчэ сем год на ферме. Абое работы не баяліся. Міхаіл Міхайлавіч – гаспадар адмысловы, усё можа зрабіць сваімі рукамі. І Галіна Уладзіміраўна яму не саступае: у свой час і шыла, і вышывала. Да гэтага часу накідкі на падушкі і іншыя рэчы ручной работы ўпрыгожваюць іх дом. 
Кожныя выхадныя да бабулі і дзядулі прыязджаюць з Мастоў унукі: усе трое дзяцей Міхаіла Міхайлавіча і Галіны Уладзіміраўны абуладкаваліся непадалёку – у суседнім раёне. А дзядуля ўжо чакае Вялікадня, калі ў іх доме сабярэцца ўся дружная сям’я: дзеці, шасцёра ўнукаў і адзін праўнучак – самае вялікае багацце. 
Міхаіл Міхайлавіч – адзін з гаспадароў, які яшчэ і цяпер трымае коніка. 
– На ўсю нашу вёску толькі і жывёлы, што мой конь ды яшчэ дзве казы, праўда, свінак некаторыя яшчэ трымаюць, – гаворыць Міхаіл Міхайлавіч. – А кароў даўно няма, хоць некалі аж чатыры калейкі пасвілі. Калісьці жыццё тут біла крыніцай, і святы непадалёку ля Нёмана ладзіліся. Дарэчы, ведаеце, адкуль назва Забор’е пайшла? Побач з гэтым месцам урочышча было, бор. А за ім і пачала вёска будавацца. Так і атрымалася вёска за борам – Забор’е. 
Шкада, што прыходзіць у заняпад такая цудоўная лясная вёсачка Забор’е, дзе і дамы яшчэ моцныя, дыхтоўныя, у якіх можна жыць ды жыць. Але большасць з іх, на жаль, ужо страціла сваіх гаспадароў…
Сябруе з “Дзянніцай”
А вось Данута Юзэфаўна Купрыян у свае восемдзесят, якія яна адзначыла ў жніўні мінулага года, імкнецца быць у курсе ўсіх падзей, і не толькі раённага маштабу. Гэту бабулю мы засталі за сталом перад акенцам, калі яна мела намер прачытаць нашу “Дзяннічку”, як сама ўдакладніла, ад першай і да апошняй старонкі. А яшчэ ў “Камсамолцы” знаходзіць цікавыя навіны.


– У Забор’е я замуж прыйшла, – расказвае Данута Юзэфаўна. – А нарадзілася і вырасла ў Падбобры. Дом свой з мужам будавалі. Дзеці – тры дачкі і сын – даўно з роднага гнязда раз’ехаліся, адна нават у Бруселі жыве. Муж спачатку працаваў у гаспадарцы, а затым лесніком. А я – на свінаферме “Белы Брод”. Некалі трымалі вялікую хатнюю гаспадарку, нават конь быў.
Цяпер Данута Юзэфаўна жыве адна, але дзеці часта бываюць у матулі. Вось і ў дзень нашага візіту праведаць сваю маму прыехала Ганна Сцяпанаўна, якая жыве ў Шчучыне, а працуе ў Ракавіцкім дз/с-СШ. Дый сацыяльны работнік – праз дарогу, калі што – дапаможа. 
Унукі, а іх у бабулі чацвёра, дарэчы і праўнукаў пяцёра, з радасцю прыязджаюць да Дануты Юзэфаўны. Асабліва вясной і летам, калі тут сапраўдная прыгажосць. А яна, канечне ж, з нецярпеннем чакае сваіх самых дарагіх гасцей. 
…Ад’язджаючы з вёскі, мы на некалькі хвілін спыніліся каля каменя-валуна, прачыталі імёны і прозвішчы загінуўшых людзей. На жаль, яны не дажылі да мірных светлых дзён, але, напэўна, таксама ўсім сэрцам любілі сваю родную вёсачку Забор’е, як любяць яе сённяшнія жыхары… 


Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.